Царква
Iсус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы
(Пасланьне Сьв.Ап. Паўла Да Габрэяў 13:8)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Навіны хрысьціянскага сьвету

Румынія: экуменічная
місія з Ватыкану

Падтрымцы і ўмацаваньню еднасьці з Апостальскай Сталіцай грэка-каталіцкай супольнасьці ў Румыніі, а таксама ажыўленьню экуменічнага дыялогу з праваслаўнымі служыў візіт у Румынію 6-10 траўня 2010 году Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Леанарда Сандры.

Свой візіт у Румынію кард. Л.Сандры распачаў 6 траўня з наведваньня грэка-каталіцкага храму сьв. Васіля Вялікага ў Бухарэсьце. На наступны дзень у сталіцы ён меў шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам краіны. 8 траўня разам з усімі румынскімі грэка-каталіцкімі ярархамі кардынал Л.Сандры маліўся ў Мемарыяле ахвяраў – былой турме ў г. Сігет, дзе пахаваныя румынскія біскупы-мучанікі і многія іншыя вядомыя дзеячы. А ў наступныя два дні свайго візіту Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў пабываў у Трансільваніі, дзе жыве большасьць румынскіх грэка-католікаў. У нядзелю, 9 траўня, у г. Блаж, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Вярхоўнага архібіскупа РГКЦ Люцыяна Мурэшана, ён адслужыў Боскую Літургію разам з епіскапатам і духавенствам РГКЦ, а затым прысутнічаў на пасяджэньні Архірэйскага Сіноду гэтай Царквы. Таксама кардынал Л.Сандры пабываў у Клужы, дзе адслужыў літургію і сустрэўся з вернікамі. Там ён меў сустрэчу з мясцовымі ўладамі і агледзеў будаўніцтва новай грэка-каталіцкай катэдры.

7 траўня Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў меў сустрэчу ў Бухарэсьце з праваслаўным Патрыярхам Данілам. Зьверхнік Румынскай Праваслаўнай Царквы запэўніў кардынала Л.Сандры ў сваім жаданьні аднавіць перамовы з мясцовымі грэка-католікамі, якія былі спыненыя пяць гадоў таму. Гэты канфлікт двух хрысьціянскіх супольнасьцяў Румыніі датычыць справы вяртаньня грэка-католікам царкоўнай уласнасьці, якую атрымала Праваслаўная Царква ад камуністаў пасьля фармальнай ліквідацыі Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1948 годзе.

“Стасункі сяброўства і супрацоўніцтва, якія сёньня існуюць паміж Румынскай Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквамі, павінны быць умацаванныя, асабліва ў гэты гістарычны час, калі еўрапейская супольнасьць усё больш адчувае націск секулярызму”, – гаворыцца ў заяве Румынскага Патрыярхату, якая была апублікавана пасьля сустрэчы Патрыярха Румынскай Праваслаўнай Царквы Данілы і Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Леанарда Сандры. “Супрацоўніцтва паміж хрысьціянамі – не прыхамаць, а маральны абавязак місіянера”, – адзначаецца ў заяве, дзе таксама яшчэ раз падкрэсьліваецца гатоўнасьць аднавіць дыялог з Грэка-Каталіцкай Царквой Румыніі, каб “знайсьці неабходныя практычныя рашэньні для вырашэньня рознагалосьсяў, якія датычаць маёмасьці”.

У ліпені 2010 году Сьвяты Сінод Румынскай Праваслаўнай Царквы павінен разгледзець прапановы пра аднаўленьне дыялогу з грэка-каталікамі ў рамках зьмешанай камісіі, а таксама магчымасьць запрашэньня ў Румынію Папы Бенядыкта XVI.

У Румыніі забарона на дзейнасьць каталікоў усходняга абраду была зьнятая толькі ў 1990 годзе. Ня здолеўшы вярнуць сваю маёмасьць у выніку двухбаковых перамоваў з румынскімі праваслаўнымі і пад пагрозаю прыняцьця парламентам краіны новых прававых актаў, якія пазбавілі б грэка-католікаў нават права на сумеснае выкарыстаньне іх былой маёмасьці, Грэка-Каталіцкая Царква зьвярнулася ў суд, што стала падставай для аднабаковага спыненьня перамоваў з боку Праваслаўнай Царквы. На пачатку 2010 году Еўрапейскі суд у Страсбургу разглядзеў пазоў грэка-каталіцкай парафіі ў Самбаце. Паводле вердыкту, вынесенага суддзямі, грэка-каталікі Самбата падвергліся дыскрымінацыі з боку румынскіх уладаў, бо ня мелі магчымасьці сумесна з праваслаўнымі выкарыстоўваць свой былы храм і нават былі пазбаўленыя магчымасьці абараніць свае правы на маёмасьць у судах. Еўрапейскі суд угледзеў у гэтым парушэньне Канвенцыі правоў чалавека і абавязаў урад Румыніі выплаціць самбацкім грэка-каталікам 23000 еўра.

Насельніцтва Румыніі – 22 мільёны чалавек, з іх 87 % належаць да Румынскай Праваслаўнай Царквы. У яе карыстаньні цяпер знаходзяцца больш за 2000 былых грэка-каталіцкіх цэркваў, а таксама некалькі тысячаў іншых будынкаў. Грэка-каталікам было вернута толькі 160 храмаў. Паводле афіцыйных дадзеных ватыканскага выданьня “Annuario Pontificio”, у 2007 годзе грэка-каталіцкая супольнасьць Румыніі налічвала больш за 776 тысячаў вернікаў.

Ігар Бараноўскі

На фота: Румынскія грэка-каталікі вітаюць Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кард. Леанарда Сандры ў катэдры г. Блаж.

Гэты артыкул чыталі 38 разоў (-ы)