Царква
Вось таму няма апраўданьня табе, кожны чалавеча, што судзіш другога; бо тым самым судом, якім судзіш другога, асуджаеш сам сябе
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Рымлянаў 2:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (54), 2007

Новы Архіпастыр
Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі

21 верасьня 2007 году Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI прызначыў рыма-каталіцкім архібіскупам Мітрапалітам Менска-Магілёўскім Яго Эксцэленцыю архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які да гэтага часу зьяўляўся Мітрапалітам архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве (Расейская Федэрацыя).

Архібіскупам Мітрапалітам рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве прызначаны мансіньёр Паола Пэццы, які да гэтага часу займаў пасаду рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі “Марыя Каралева Апосталаў” у Санкт-Пецярбургу.

У сваім звароце з нагоды прызначэньня ў Беларусь архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: “Каталiцкi Касьцёл – гэта Сусьветны Касьцёл, якiм кiруе наступнiк сьвятога апостала Пятра. У волi Папы Рымскага я заўсёды бачыў i сёньня бачу волю самога Бога. Гэта – крэда майго сьвятарскага i бiскупскага служэньня. Таму з пачуцьцём велiзарнай адказнасьцi я прымаю новае прызначэньне, якое вяртае мяне ў родную Беларусь. Я вяртаюся, каб далей працягнуць распачатае 18 гадоў таму назад служэньне першага бiскупа на Беларусi ў сучаснай яе гiсторыi i – з вялiкай удзячнасьцю – тую вялікую і неацэнную працу, якую выканаў у Менска-Магiлёўскай архідыяцэзii i ў Касьцёле на Беларусi Сьведка веры кардынал Казiмiр Сьвёнтэк i ў апошнi год – Апостальскi Адмiнiстратар бiскуп Антонi Дзям’янка”.

Уладыка Кандрусевіч выказаў таксама шчырую надзею на супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых канфесiй i рэлiгiй, асабліва з праваслаўнымі. “Усе мы паклiканыя садзейнiчаць адраджэньню i ўмацаваньню духоўнасьцi ў нашай краiне, а таксама разьвiцьцю дыялогу як памiж намi, так i з грамадзтвам”,– падкрэсьліў у сваім звароце новапрызначаны Архіпастыр Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі.

26 верасьня 2007 году адбылася сустрэча новапрызначанага рыма-каталіцкага архібіскупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча са Старшынёю Камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанідам Гулякам. Падчас сустрэчы абодва бакі выказалі гатоўнасьць да канструктыўнага дыялогу і ўзаемадзеяньня на карысьць грамадзтва. Пры гэтым ахрібіскуп Т.Кандрусевіч падкрэсьліў, што хоць “Касьцёл – ня з гэтага сьвету, але існуе ў сьвеце”, таму ня можа быць адарваным ад надзённых праблемаў і выклікаў сучаснасьці. Таксама ён адзначыў, што, як Царква існуе для людзей, таксама і ўлада павінна ўсё рабіць на карысьць грамадзтву.

Цырымонія ўрачыстага ўваходу ў менскую архікатэдру новапрызначанага рыма-каталіцкага ярарха Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча адбудзецца ў суботу, 10 лістапада 2007 году.


Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)