Царква
Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, - і тады зрабуе дом ягоны
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 3:27)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Новыя сьведкі веры і вернасьці:

Блаславёная Цэліна Бажэнцкая - родам з Беларусі

Беатыфікацыя манахіні Цэліны Бажэнцкай, заснавальніцы Кангрэгацыі Сёстраў Уваскрасеньня Гасподняга, адбылася 27 кастрычніка 2007 г. у рымскай базыліцы сьв. Яна на Латэране.

Цэліна Бажэнцкая (дзявочае прозьвішча — Хлудзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. у маёнтку Антовіл каля Воршы. У 1853 г. выйшла замуж за Язэпа Бажэнцкага і пасялілася ў маёнтку Абрамбшчызна каля Горадні. Нарадзіла чацьвёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў дзіцячым узросьце. У сям’і Бажэнцкіх панаваў глыбокі хрысьціянскі і патрыятычны дух, а ў маёнтку Абрамбшчызна атрымлівалі дапамогу паўстанцы Кастуся Каліноўскага, асабліва параненыя. За гэта Цэліна з маленькай дачкой Ядзьвігай на руках была арыштаваная і ўвязьненая царскай паліцыяй.

Пасьля сьмерці мужа ў 1875 г. Цэліна з дзьвюма дочкамі выехала ў Рым.

Там, у 1882 годзе пад духовым кіраўніцтвам а. Пятра Семяненкі, генеральнага супэрыёра Айцоў Уваскрасенцаў, заснавала Кангрэгацыю Сёстраў Уваскрасеньня Гасподняга, заданьнем якой было духовая аднова жанчын праз навучаньне і хрысьціянскае выхаваньне дзяўчат. У 1891 г. Маці Цэліна адкрыла ў Кентах першы манастыр на польскіх землях. У 1896 г. распачала місійную працу ў Балгарыі сярод католікаў візантыйскага абраду, а пасьля, у 1900 г. — у Злучаных Штатах.

Памерла Маці Цэліна ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 г., пахаваная ў Кентах каля Кракава. Беатыфікацыйны працэс Маці Цэліны быў распачаты па ініцыятыве Папы Пія XII у Рыме ў 1944 г. Дэкрэт пра гераічнасьць цнотаў падпісаў Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 г. у Кракаве праводзіўся працэс, які датычыў меркаванага аздараўленьня Андрэя Мехежынскага‐Віктара, праўнука Маці Цэліны. 16 сьнежня 2006 г. Бенядыкт XVI падпісаў дэкрэт, які пацьвердзіў аздараўленьне, якое адбылося праз заступніцтва манахіні Цэліны. Урачыстую сьв. Імшу, на пачатку якой меў месца чын беатыфікацыі, ад імя Сьвятога Айца Бенядыкта XVI узначаліў Прэфект Кангрэгацыі па справах сьвятых, партугальскі кардынал Жазэ Сараіва Марцінш. З ім саслужылі кардыналы: Каміла Руіні з Рыму, Эдмунд Шока з Ватыкану (бацька якога родам з Беларусі), Станіслаў Дзівіш і Францішак Махарскі з Кракава, Генрык Гульбіновіч з Уроцлава, новаабвешчаны кардынал Станіслаў Рылка з Папскай Рады па справах сьвецкіх вернікаў ды 10 біскупаў.

Сярод спаўслужыцеляў сьв. Імшы былі Біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч, Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей Гаек, ды каля 100 сьвятароў, у тым ліку з Беларусі і Расеі.

Ва ўрачыстасьці разам са шматлікімі пілігрымамі з Польшчы, ЗША, Балгарыі ўдзельнічалі некалькі групаў пілігрымаў з Беларусі, асабліва шмат з Горадні і Наваполацку.

Падчас аўдыенцыі 31 кастрычніка 2007 г. Папа Бенядыкт XVI прывітаў сёстраў Кангрэгацыі Ўваскрасеньня Гасподняга і ўдзельнікаў беатыфікацыі і сказаў да іх наступныя словы: «Блаславёная Цэліна зьяўляецца для вас узорам выкананьня штодзённых абавязкаў з верай, любоўю і адданьнем волі Божай».

Маці Цэліна Бажэнцкая, народжаная ў Беларусі, была жонкай, маці, удавою і манахіняй. Прайшла праз усе этапы жыцьця жанчыны. Таму для ўсіх жанчынаў яна можа быць узорам клопату пра хрысьціянскае і патрыятычнае выхаваньне маладога пакаленьня.

С. Р.
На фото: 27.10.2007 г. Рым Базіліка сьв. Яна на Латэране.
Ярархі ўдзельнічаюць у беатыфікацыі бл. Цэліны

Гэты артыкул чыталі 14 разоў (-ы)