Царква
Шмат пакліканых, ды мала выбраных
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 14:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

XIV штогадовая Пілігрымка Віцебск-Полацак

У нядзелю, 13 ліпеня 2008 г., завяршылася XIV штогадовая Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебска ў Полацак, якая праходзіла сёлета 8-12 ліпеня пад дэвізам: "Любоў Хрыста заахвочвае нас" (2 Кар 5, 14). У ёй бралі ўдзел вернікі з парафіяў БГКЦ з усіх рэгіёнаў Беларусі. Сярод удзельнікаў пілігрымкі былі таксама рыма-католікі і праваслаўныя, а таксама госьці з Расеі, Украіны, Польшчы, Бельгіі, Францыі. Сёлета заканчэньне пілігрымкі супала са сьвятам Полацкай Барысаглебскай абіцелі манахаў-студытаў.

Сьвяточную Боскую Літургію ля храму сьв. Параскевы ў Полацку ў нядзелю, 13 ліпеня, узначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек у саслужэньні сьвятароў з розных парафіяў БГКЦ, у тым ліку настаяцеля манастыра сьв. Барыса і Глеба ераманаха Лявонція (Тумоўскага) і айца Зьмітра Грышана – новага протапрасьвітара Ўсходняга дэканату БГКЦ (на фота – з крыжам).

Да ўдзельнікаў сьвяткаваньняў накіраваў сваё Слова Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч. .

Сьпеў Боскай Літургіі вёў міжпарафіяльны моладзевы хор "Прасфара".

Архімандрыт Сяргей у сваім казаньні зьвярнуў увагу вернікаў, што гэтае агульнацаркоўнае сьвяткаваньне праходзіць у душпастырскім годзе, які Каталіцкая Царква ў Беларусі візантыйскага і лацінскага абрадаў перажывае пад дэвізам: "Слова Божае – крыніца надзеі". Слова Божае заклікае хрысьціянаў усіх канфесіяў несьці сучаснаму сьвету сьведчаньне праўдзівага жыцьця ў Хрысьце. Такое сьведчаньне далі ў свой час сьвятыя Барыс і Глеб – патроны Полацкай манаскай абіцелі, а таксама нашыя сучасьнікі, што сталіся ахвярамі фашысцкага генацыду жыхароў Беларусі – Экзарх беларускіх грэка-католікаў а. Антон Неманцэвіч (+ 06.01.1943) і Блаславёная Мар’яна Бярнацкая (+ 13.07.1943), 65-годдзе пакутніцкае сьмерці якіх адзначаецца ў гэтым годзе.

Нядзельная Боская Літургія напрыканцы пілігрымкі была таксама падзякаю за дар сьв. Хросту, які 1020 гадоў таму прыняў сьв. князь Уладзімір і нашыя продкі.

Гэты артыкул чыталі 7 разоў (-ы)