Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

Пошук еднасьці – важнае заданьне Царквы

9-13 сьнежня 2008 г. Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Любамір (Гузар), Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі, знаходзіўся ў Рыме, дзе браў удзел у пленарным пасяджэньні Папскай Рады для спрыяньня еднасьці хрысьціянаў. Такія паседжаньні адбываюцца адзін раз на два-тры гады.

Рада для спрыяньня еднасьці хрысьціянаў мае адміністрацыйны ўрад: старшыню і сакратарыят, а таксама сябраў Рады і кансультантаў, якія паходзяць з розных куткоў планеты. У пленарным пасяджэньні бяруць удзел усе пералічаныя групы. Сёлета ў працы Рады ўзялі ўдзел каля сарака асобаў. АД УГКЦ у гэтай сустрэчы браў удзел Уладыка Васіль (Лостэн), біскуп-эмерыт Стэмфардзкай япархіі.

Паводле словаў Яго Блаславенства Любаміра (Гузара), галоўным заданьнем такіх пасяджэньняў зьяўляецца аналіз агульнага стану і вынікаў дзейнасьці для дасягненьня еднасьці паміж хрысьціянамі. Пры гэтым аналізуюцца розныя асьпекты гэтай дзейнасьці. «Каталіцкая Царква ад часу ІІ Ватыканскага Сабору імкнецца рабіць усё мажлівае, каб між хрысьціянамі найперш настала разуменьне адзін аднаго, затым паразуменьне, збліжэньне і, урэшце, аб’яднаньне»,– сказаў Першаярарх УГКЦ.

Пра сам ход дыскусіяў Яго Блаславенства Любамір распавёў, што было ўзьнята пытаньне пра разуменьне сярод вернікаў важнасьці самога экуменічнага дыялогу. «Шмат у розных колах гаворыцца пра экуменізм, але людзі, у цэлым, не да канца разумеюць, для чаго гэта ўсё адбываецца. А Ісус Хрыстос выразна сказаў, што мы павінны быць зьяднаныя ў Госпадзе. Вось жа, гэта ёсьць Яго сьвятая воля. Таму экуменічны рух у жыцьці Царквы не зьяўляецца чымсьці дадатковым, а сутнасным. Царква мусіць быць зьяднанаю, мае быць адною»,— падкрэсьліў Зьверхнік УГКЦ. Для папулярызацыі гэтага разуменьня ўдзельнікі пасяджэньня вырашылі зрабіць шэраг захадаў.

Паводле Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)