Царква
Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Навіны хрысьціянскага сьвету

Папа пра справу лефэўрыстаў

Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI узрушаны і занепакоены рэакцыямі, якія выклікала ў Царкве яго рашэньне зьняць экскамуніку з чатырох біскупаў «Брацтва імя сьв. Пія Х», якія ў 1988 годзе атрымалі біскупскую сакру бяз згоды Апостальскай Сталіцы.

Пра гэта Папа піша ў сьпецыяльным лісьце да «братоў біскупаў», які быў абнародаваны 12 сакавіка 2009 году ў Ватыкане. «Удзяленьне біскупскіх сьвячаньняў без папскага мандату нараджае пагрозу схізмы, бо аспрэчвае еднасьць калегіі біскупаў з Папам. Па гэтай прычыне рэакцыяй Царквы павінна быць самая суровая кара – экскамуніка, каб такім чынам схіліць пакараных асобаў да скрухі і вяртаньня да еднасьці. На жаль, праз дваццаць гадоў пасьля ўдзяленьня сакры гэтай мэты дасягнуць не ўдалося. Зьняцьце экскамунікі скіравана да той жа мэты, што і пакараньне ёю: паўторнае заахвочваньне чатырох біскупаў да вяртаньня. Гэты жэст стаў магчымым у тую хвіліну, калі зацікаўленыя выказалі прызнаньне Папы і яго пастырскай улады, хоць і з агаворкамі адносна паслухмянасьці дактрынальнай уладзе Папы і Сабора», – растлумачыў сваё рашэньне Бенядыкт XVI.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)