Царква
Ня судзеце паводле выгляду, а судзеце судом справядлівым
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 7:24)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (61), 2009

Сьвятло Ўсходу

Беларусь наведаў Прымас Францыi

З 7 па 10 чэрвеня 2009 году ў Беларусі з візітам знаходзілася афіцыйная дэлегацыя Рыма-Каталiцкай Царквы ў Францыi на чале з Прымасам гэтай краіны кардыналам Фiлiпам Барбарэнам – адным з найбольш аўтарытэтных дзеячаў Каталіцкай Царквы, які вядомы праз свой уклад у дыялог паміж Цэрквамі і рэлігіямі. Дэлегацыя прыехала па запрашэннi Беларускай Праваслаўнай Царквы, мiжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Хрысьцiянскi адукацыйны цэнтр iмя сьвятых Мятода i Кiрылы” i асабiста Мiтрапалiта Менскага i Слуцкага Фiларэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусi.

У склад дэлегацыi, акрамя архібiскупа Лiёну кардынала Фiлiпа Барбарэна, уваходзілі таксама вядомыя каталіцкія багасловы-экуменісты: генеральны дырэктар каталiцкай дабрачыннай арганiзацыi “Œuvrе d'Оriеnt” (“Усходнiя працы”) мансіньёр Філіп Брызар, былы дырэктар Рускага цэнтру ў Мэдоне сьвятар Рэнэ Марышаль, прэзiдэнт Асацыяцыi ў падтрымку выдавецтва “Sоurсеs Сhrеtiеnnеs” (“Хрысьцiянскiя крыніцы”) прафесар Жан-Дамінiк Дзюран i генеральны сакратар гэтай Асацыяцыi сьвятар Дамiнiк Ганэ. У складзе дэлегацыі таксама знаходзіўся дарадца па рэлігійных пытаньнях пры Міністэрстве Замежных і Еўрапейскіх справаў у Парыжы сп. Стэфан Шмялеўскі, які быў амбасадарам Францыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Госьці з Францыі пазнаёміліся з сталіцай Беларусі і яе хрысьціянскімі сьвятынямі, пабывалі на экскурсіі ў Міры. 7 чэрвеня дэлегацыя прыняла ўдзел у Боскай Літургіі, якую адслужыў Мітрапаліт Філарэт у праваслаўным Сьвята-Духавым катэдральным саборы Менску з нагоды сьвята Зыходу Сьвятога Духа.

Прымас Францыі з членамі дэлегацыі сустракаўся падчас свайго візіту з ярархамі розных канфесіяў Беларусі: Мітрапалітам Філарэтам (Праваслаўная Царква), Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам (Рыма-Каталіцкая Царква), Архімандрытам Сяргеем Гаекам (Грэка-Каталіцкая Царква), які 8 чэрвеня саслужыў з Кардыналам сьв. Імшу ў менскай рыма-каталіцкай катэдры Найсьвяцейшай Марыі Панны. У гэты ж дзень адбылася сустрэча французскай дэлегацыi з прадстаўнiкамi юдэйскай супольнасьці ў Беларусі, на якой была прэзентавана кніга кардынала Ф.Барбарэна і галоўнага рабіна Францыі Ж.Бернхайма “Рабін і кардынал”.

8 чэрвеня 2009 г. у Інстытуце тэалогіі БДУ адбыўся ўрачысты акт уручэньня кардыналу Філіпу Барбарэну, архібіскупу Ліёну, ганаровага тытулу доктар honoris causa Інстытуту тэалогіі БДУ “за выдатны ўнёсак у разьвіцьцё багаслоўскай адукацыі і ўмацаваньне міжхрысьціянскага і міжрэлігійнага супрацоўніцтва”.

9 чэрвеня архібіскуп Ліёну кардынал Філіп Барбарэн узначальваў сьвятую Імшу ў менскай архікатэдры. У гаміліі, якую прамовіў кардынал Барбарэн, ён заклікаў хрысьціянаў быць сольлю сёньняшняга сьвету, быць смакам радасьці: “Хрыстос паказвае нам, кім мы павінны быць, паколькі Ён выбраў нас сваімі вучнямі: вы – соль зямлі, вы – сьвятло сьвету. Соль ніякім чынам не зьмяняе сутнасьці стравы, але цалкам перамяняе яе смак. Нашая задача не зьмяняць або трансфармаваць гэты сьвет паводле нейкіх нашых меркаваньняў, але напаўняць яго радасьцю і зьмяняць яго смак”.

Пасьля імшы госьці з Францыі наведалі музей старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнай акадэмii Навук Беларусi, дзе іх пазнаёмiлi з каштоўнымi набыткамi беларускай культуры. У гэты ж дзень яны пабывалі яшчэ ў Нацыянальнай бібліятэцы, а потым накіраваліся ў Курапаты, месца масавых пахаваньняў тысячаў рэпрэсаваных, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскай эпохі.

Заключнай часткай афiцыйнага вiзiту стала паездка французскай дэлегацыі ў Слонiм, Альбярцін i Жыровiчы 9-10 чэрвеня. Госьці наведалі Жыровіцкі Сьвята-Ўсьпенскі мужчынскі манастыр і праваслаўную Менскую духоўную акадэмію і семінарыю ў Жыровіцах. Яны пазнаёміліся са шматвяковай гісторыяй манастыра і сучаснымі навуковымі дасягненьнямі гэтай праваслаўнай багаслоўскай школы, узялі ўдзел у навуковых і культурных мерапрыемствах, прысьвечаных хрысьціянскім караням еўрапейскай цывілізацыі, а таксама мелі магчымасьць пагутарыць са студэнтамі.

У Слоніме, ля цудатворнага абраза Маці Божай Жыровіцкай у касьцёле сьв. Андрэя, кардынал Ф.Барбарэн адправіў сьв. Імшу, на якой маліліся таксама сьвятары і вернікі БГКЦ.

Французская дэлегацыя прывезла ў дар Беларускай Праваслаўнай Царкве 250 тамоў з кніжнай серыі выдавецтва “Sources Chretiennes” (“Хрысьціянскія крыніцы”). Гэтае выдавецтва на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў выдае кнігі (усяго іх ужо больш за 500 тамоў) з тэкстамі як заходніх, так і ўсходніх Айцоў Царквы, пачынаючы з II стагоддзя, з двума паралельнымі тэкстамі на арыгінальнай і на французскай мове з грунтоўнымі каментарамі. Такі ж дар атрымала і бібліятэка Вышэйшай духоўнай рыма-каталіцкай семінарыі ў Горадні.

На фота:
1. Кардынал Філіп Барбарэн з мітрапалітам Філарэтам.
2. Кардынал Ф.Барбарэн у праваслаўнай капліцы.
3. Французская дэлегацыя з сябрамі мiжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Хрысьцiянскi адукацыйны цэнтр iмя сьвятых Мятода i Кiрылы".
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)