Царква
Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Навіны хрысьціянскага сьвету

Захад і Ўсход – агульная спадчына Беларуская дэлегацыя на кангрэсе «Рэнавабіс» у Фрайзінгу

3-5 верасьня 2009 году ў Фрайзінгу (Германія) праходзіў ХІІІ Міжнародны кангрэс, арганізаваны акцыяй салідарнасьці нямецкіх католікаў «Рэнавабіс». Тэма сёлетняй сустрэчы «Шукаць адзінства – захоўваць разнароднасьць. Усход і Захад у экуменічным дыялогу». Дэлегацыю беларускіх католікаў узначальваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Галоўным госьцем кангрэсу быў кардынал Вальтар Каспэр, старшыня Папскай Рады спрыяньня хрысьціянскай еднасьці. У выступленьні на адкрыцьці форуму ватыканскі ярарх заклікаў да зьнішчэньня негатыўных стэрэатыпаў паміж Усходам і Захадам. «Мы па-ранейшаму занадта мала ведаем адно аднаго і павінны навучыцца ўзаемнай павазе», – адзначыў кардынал Каспэр.

Беларуская дэлегацыя на працягу трох дзён прымала ўдзел у канферэнцыях, пленарных дыскусіях і працы ў групах. Сярод удзельнікаў кангрэсу былі прадстаўнікі праваслаўнай, рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай, пратэстанцкіх Цэркваў. Беларускую Праваслаўную Царкву і Аддзел зьнешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату прадстаўляў япіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім (Беланожка).

У межах кангрэсу былі абмеркаваныя галоўныя пункты сучаснага экуменічнага дыялогу. Удзельнікі абмеркавалі пытаньне адносна таго, які ўклад у еўрапейскую інтэграцыю робіць Царква.

Кардынал Каспэр падкрэсьліў, што адзінства Еўропы – гэта «экуменічнае заданьне». Наш кантынент, па словах старшыні ватыканскага ведамства, зможа выжыць толькі тады, калі сваё разьвіцьцё будзе базаваць на агульначалавечых і хрысьціянскіх каштоўнасьцях.

Ватыканскі ярарх зьвярнуў увагу на добрыя адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў розных кантэкстах і на тэалагічны дыялог паміж імі, чарговы этап якога адбудзецца гэтай восеньню на Кіпры. Станоўча ярарх ацаніў адносіны паміж Каталіцкай Царквой і Расейскай Праваслаўнай Царквой, якія адзначаюцца ўсё большай інтэнсіўнасьцю.

Старшыня ватыканскага ведамства перасьцярог ад спадзяваньняў на хуткае дасягненьне адзінства Цэркваў. «Тысячагадовую гісторыю ня ўдасца так лёгка павярнуць назад», – адзначыў кардынал Каспэр і дадаў, што «гаворка ідзе не пра тэалагічныя пытаньні, але пра моцную ментальную розьніцу». «Яшчэ некаторы час мы павінны будзем жыць побач», – падкрэсьліў кардынал. Аднак, на думку ярарха, католікі і праваслаўныя маюць шмат агульных заданьняў. Адным з іх, як адзначыў, зьяўляецца барацьба з секулярызацыяй.

Сьпецыяльнае бласлаўленьне для ўдзельнікаў кангрэсу даслаў Папа Бенядыкт XVI. З прывітальным словам да прысутных зьвярнулася канцлер Германіі Ангела Меркель.

Акцыя салідарнасьці нямецкіх католікаў з жыхарамі цэнтральнай і ўсходняй Еўропы «Рэнавабіс» – гэта адзін з самых маладых каталіцкіх праектаў Еўропы. Нарадзіўся ў 1993 г. па ініцыятыве нямецкіх біскупаў. Кангрэсы «Рэнавабіс» – гэта штогадовыя мерапрыемствы, якія зьбіраюць сотні ўдзельнікаў, каб абмеркаваць пытаньні еднасьці і супрацоўніцтва паміж хрысьціянамі.

кс. Аляксандр Амяльчэня

 
Catholic.by
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)