Царква
Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды
(Выхад 23:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Навіны хрысьціянскага сьвету

Агульнапольскае чуваньне Адновы ў Сьвятым Духу

На Яснай Гары ў Чанстахове (Польшча) 14-15 траўня адбылося XVI Агульнапольскае чуваньне Адновы ў Сьвятым Духу. У ім прынялі ўдзел каля 70 тысячаў вернікаў.

Спатканьні сябраў Адновы ў Сьвятым Духу з 1983 г. штогод адбываюцца ў трэцюю суботу траўня. Дэвізам сёлетняй малітоўнай сустрэчы прадстаўнікоў харызматычнага руху стаў заклік сьв. апостала Паўла з яго Пасланьня да Эфесянаў: “Умацоўвайцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай!”

У праграме малітоўнага чуваньня былі малітвы праслаўленьня і ацаленьня, катэхезы й сьведчаньні, а таксама Служба Божая, якую ўзначальваў біскуп Браніслаў Дэмброўскі, адказны за Рух Адновы ў Сьвятым Духу ў Польшчы.

Падчас гэтай сустрэчы вернікі разам маліліся і ўслуховаліся ў Слова Божае, разважалі над выклікамі і заданьнямі часу, якія сёньня стаяць перад сябрамі самага шматлікага каталіцкага руху ў Польшчы. Сёлета таксама сябры руху засяродзілі сваю ўвагу над разважаньнямі пра ролю сьвятара ў сучасным сьвеце і пра значэньне ўсеагульнага сьвятарства.

“Людзі патрабуюць кантакту з Госпадам, яны хочуць сустрэць жывога Бога, Які клапоціцца пра іх, Які ацаляе, дае сілы прабачыць іншаму чалавеку”, – кажа Славамір Чайкоўскі з Уроцлава. Праз сваё сьведчаньне шчырай і глыбокай веры ўдзельнікі Адновы ў Сьвятым Духу прагнуць ісьці з Добрай Весткай у розныя асяродкі, так як рабілі гэта першыя апосталы. Хочуць таксама зьвярнуць увагу маладых людзей на духоўныя пагрозы і спакусы, якія часта хаваюцца на першы погляд за бязьвіннымі формамі сучаснай культуры.

У Польшчы дзейнічае каля 800 супольнасьцяў Адновы ў Сьвятым Духу, да якіх належыць больш за 30 тысячаў вернікаў.

Гэты артыкул чыталі 41 разоў (-ы)