Царква
Не зважай на пустыя чуткі, не давай рукі тваёй бязбожніку, каб ня быць сьведкам няпраўды
(Выхад 23:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

Заснавальнік Айцоў Марыянаў

Заснавальнік Ордэну Айцоў Марыянаў а. Станіслаў Папчынскі быў абвешчаны блаславёным 16 верасьня 2007 г. на плошчы перад базылікай у Ліхені, якая зьяўляецца найбольшым храмам у Польшчы.

Урачыстую сьв. Імшу ўзначаліў Папскі Легат, Дзяржаўны Сакратар Сьвятой Сталіцы кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Ён прачытаў беатыфікацыйную формулу на латыні. Па‐польску тэкст пераклаў для вернікаў біскуп Веслаў Мерынг, Ардынарый дыяцэзіі Ўрацлавак, на тэрыторыі якой знаходзіцца Ліхень.

«Нашай Апостальскай Уладай дазваляем, каб з гэтай пары Пачэснаму Слузе Божаму Станіславу Папчынскаму, які прысьвяціў сваё жыцьцё малітве за памёрлых ды навучаньню хрысьціянскага люду, належаў тытул блаславёнага»,— напісана ў Папскай буле. Дзень штогадовага літургічнага ўспаміну бл. ераманаха Станіслава прызначаны на 18 траўня. У момант абвяшчэньня а. Станіслава Папчынскага блаславёным быў адкрыты на франтоне базылікі вялікі беатыфікацыйны абраз новага Блаславёнага. Ва ўрачыстай працэсіі, у якой удзельнічалі прадстаўнікі краінаў, у якіх працуюць марыяне, да алтара прынесьлі рэліквіяр з мошчамі новага Блаславёнага.

У працэсіі з мошчамі ішлі таксама бацькі шасьцігадовага хлопчыка з‐пад Элку, аздараўленьне якога ва ўлоньні маці - пасьля таго як лекары вызналі перад гэтым плод мёртвым — было прызнана цудам, якое сталася праз заступніцтва айца Папчынскага.

Урачыстасьць сабрала каля 80 тысяч вернікаў. У ёй удзельнічалі таксама Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Сярод 65 ярархаў былі прысутныя між іншымі Апостальскі Нунцый у Польшчы архібіскуп Юзаф Кавальчык, Прымас Польшчы Юзаф Глемп, кардынал Франк Радэ з Ватыкану, а таксама біскупы з польскіх і замежных дыяцэзіяў, у якіх служаць айцы‐марыяне. З Беларусі прысутнічалі ганаровыя госьці: кардынал Казімір Сьвёнтэк, Біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч, Біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін, Апостальскі Адміністратар Менска‐Магілёўскай Архідыяцэзіі Біскуп Антоні Дзям’янка і Апостальскі Візітатар для грэка‐католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), пробашч менскага касьцёлу сьв. Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Сярод міжнароднай супольнасьці пілігрымаў было некалькі соцен вернікаў з Беларусі. Клір БГКЦ прадстаўляў а. Ігар Кандрацьеў з Берасьця, а адзін з вернікаў берасьцейскай парафіі ўдзельнічаў у працэсіі з ахвярнымі дарамі. Перад пачаткам сьв. Імшы было малітоўнае чуваньне пілігрымаў, у рамках якога хор грэка‐каталіцкай парафіі з Берасьця сьпяваў па‐беларуску фрагмент Акафісту да Багародзіцы.

Народжаны ў 1631 г. у Падэгродзі каля Старога Сонча ў сялянскай сям’і, Ян Папчынскі ў маладосьці ўступіў у ордэн піяраў, дзе прыняў імя Станіслаў ад Ісуса і Марыі. Згоршаны легкаважным стаўленьнем братоў да манаскіх шлюбаў, пасьля 16 гадоў жыцьця ў Ордэне пакінуў піяраў, каб у 1673 годзе заснаваць новую супольнасьць, якой даручыў распаўсюджваць марыйную пабожнасьць. Памёр 17 верасьня 1701 г. у Гуры Кальварыі каля Варшавы.

Айцец Станіслаў Папчынскі зьяўляецца чацьвёртым блаславёным з Ордэну Марыянаў. Раней на алтар былі вынесеныя: літоўскі архібіскуп Вільні Юры Матулевіч (Матулайціс), які на пачатку ХХ стагоддзя аднавіў Ордэн Марыянаў, якому праз палітыку царскіх захопнікаў наканавана было зьнікнуць, а таксама два беларусы - мучанікі часоў ІІ Сусьветнай вайны: айцец Юры Кашыра і айцец Антон Ляшчэвіч з Росіцы.

Паводле KAI i сайту www.stanislawpapczynski.org


На фото:
1. Ліхень (Польшча), 16.09.2007. Урачыстасьці ў Ліхеньскай базыліцы з нагоды беатыфікацыі а. Станіслава Папчынскага

2. Ліхень (Польшча), 16.09.2007. Грэка-каталіцкі хор з Берасьця сьпявае на ўрачыстасьцях з нагоды беатыфікацыі а. Станіслава Папчынскага.
.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)