Царква
Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго; шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы... таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго
(4 запаведзь, Выхад 20:8-11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (57), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

Студыйскае манаства
набывае іншае вымярэньне

Сёлета Студыйскае манаства сьвяткуе 110-годдзе свайго аднаўленьня. З гэтай нагоды Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкай мітраполіі надаў Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры статус стаўрапігіі. Гэта дазволіла акрэсьліць дагэтуль ня вызначаны юрыдычны статус Лаўры, якая раней традыцыйна была асяродкам Галіцкіх мітрапалітаў, а пасьля рэарганізацыі стала належаць да Стрыйскай япархіі УГКЦ. Цяпер жа Сьвята-Ўсьпенская Уніўская Лаўра падпарадкоўваецца непасрэдна Зьверхніку УГКЦ.

З гэтай нагоды ў Львове 3 траўня 2008 году адбылася канферэнцыя, прысьвечаная памяці блаславёнага мучаніка Клімента Шаптыцкага, які разам са сваім братам Мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім спрычыніўся да аднаўленьня студыйскага манаства ва Ўкраіне.

Уступнае слова на гэтай канферэнцыі меў ігумен Уніўскай Лаўры ераманах Бенядыкт Алексійчук (у 1990-ыя ён працаваў у Беларусі), які ў сваім слове падаў кароткія біяграфічныя зьвесткі пра блаславёнага мучаніка Клімента ды коратка ўказаў на ролю і месца Архімандрыта Клімента Шаптыцкага ў жыцьці Грэка-Каталіцкай Царквы. Дарэчы, а. Клімент Шаптыцкі ў міжваенны час бываў і ў Беларусі – быў удзельнікам унійных канферэнцыяў у Пінску, наведваў Усходнюю місію айцоў езуітаў у Альбярціне пад Слонімам, маліўся ў Жыровічах і Быцені.

Айцец д-р Барыс Гудзяк, рэктар Украінскага Каталіцкага Ўніверсітэту, у сваёй прамове “Блаславёны мучанік Клімент як узор сьвятасьці” зазначыў між іншым, што “наяўнасьць сьвятых, якія жылі ў наш час, сьведкамі жыцьця якіх былі мы самі альбо нашыя бацькі, выглядае дастаткова нязвыкла, але, з іншага боку, дае нам магчымасьць паверыць, што сьвятасьць магчымая таксама і ў наш час”.

Былы міністар замежных спраў Польшчы Адам Даніэль Ротфельд, якога падчас вайны, як і іншых габрэйскіх хлопчыкаў, грэка-каталіцкія манахі-студыты ўратавалі ад сьмерці, падзяліўся сваімі ўспамінамі з дзяцінства пра знаходжаньне ў Лаўры і сваё першае знаёмства з Архімандрытам Кліментам Шаптыцкім.

Сямейнымі згадкамі пра асобу Клімента Шаптыцкага падзяліўся з прысутнымі праўнук Лявона Шаптыцкага, д-р Андрэй Шаптыцкі, які таксама прызнаўся, што студыты сёньня зьяўляюцца своеасаблівай повязьзю іх сям’і з Украінай у той час, калі нікога з нашчадкаў роду Шаптыцкіх ва Ўкраіне ўжо не засталося.

Прадстаўніца габрэйскага фонду “Хасэт Ар’е“ спн. Вольга Фадзеева распавяла пра подзьвіг Шаптыцкіх, якія падчас вайны ратавалі габрэйскіх дзяцей ад немцаў. У гонар Архімандрыта Клімента ў Інстытуце Яд Вашэм у Ізраілі ўжо пасаджана дрэва на алеі Праведнікаў сьвету.

Працягам сьвяткаваньняў стала Архірэйская Боская Літургія, якую ўзначаліў Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ кардынал Любамір Гузар, падчас якой быў зачытаны дэкрэт пра наданьне Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры статусу стаўрапігіі.
Ад Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на гэтых урачыстасьцях прысутнічала манахіня-студытка Вікторыя (Чэкан) з Менску.

с. Вікторыя (Чэкан)

На фота: Сьвята-Ўсьпенская Уніўская Лаўра ва Ўкраіне.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)