Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

«Прыклад руплівых і сьвятых сьвятароў – заклік да вернасьці Хрысту»

8 і 9 жніўня 2008 году ў Росіцы (Верхнядзьвінскі раён, Віцебская дыяцэзія) прайшлі штогадовыя ўрачыстасьці ў гонар Блаславёных мучанікаў Антона (Ляшчэвіча) і Юрыя (Кашыры), ераманахаў Ордэну Айцоў Марыянаў. Яны ўваходзяць у сьпіс 11-ці беларускіх новамучанікаў сярод 108 мучанікаў часоў ІІ Сусьветнай вайны, беатыфікаваных Папам Янам Паўлам ІІ у 1999 годзе.

Мучаніцкую сьмерць прынялі Блаславёны Антон – 17 лютага 1943 году, а Блаславёны Юры – 18 лютага разам з больш за 1500 жыхарамі Росіцы і навакольных вёсак, якіх фашысты спалілі падчас карнай акцыі пацыфікацыі 65 гадоў таму. Блаславёны Юры Кашыра паходзіў з беларускай сям’і з уніяцкімі каранямі, а Блаславёны Антон Ляшчэвіч, які ў 1920-1937 гг. працаваў у Харбіне ў Манчжурыі, быў блізка зьвязаны з беларускімі марыянамі, што працавалі тады ва Ўсходняй місіі ў тым жа Харбіне.

Пачынаючы ад 1999 году – году беатыфікацыі – штогод, у сярэдзіне жніўня, вернікі зьбіраюцца на рэлігійныя ўрачыстасьці, каб ушанаваць памяць Блаславёных новамучанікаў Росіцкіх. Частка з іх прыходзіць у Росіцу ў пешых пілігрымках; традыцыйнымі сталі ўжо пілігрымкі з Друі і Полацку. У Росіцу, акрамя рыма-католікаў, прыходзяць таксама грэка-католікі і нават праваслаўныя. Асабліва шмат сярод пілігрымаў моладзі.

У гэтым годзе сьвятую Імшу а 24-й гадзіне, у пятніцу, 8 жніўня ўзначаліў Біскуп Віцебскай дыяцэзіі Ўладыка Ўладзіслаў Блін, які ў казаньні гаварыў пра руплівых і сьвятых сьвятароў – мучанікаў Антона і Юрыя, якія ёсьць прыкладам і заклікам для нас да вернасьці Хрысту ў кожнай жыцьцёвай сітуацыі. Пасьля сьв. Імшы адбылася ўрачыстая працэсія са сьвечкамі да месца іх мучаніцтва.

Урачыстую сьв. Імшу на заканчэньне сьвяткаваньняў, у суботу, а 12-й гадзіне, узначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі пралат Францішак Кісель з Полацку. Ва ўрачыстасьцях удзельнічаў таксама Правінцыял Айцоў Марыянаў з Варшавы ды айцец д-р Пётр Смалінскі з Рыму, які ў Сакратарыяце Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі адказвае за замежныя багаслоўскія студыі.

Падчас урачыстасьцяў грэка-католікі (з Полацку, Віцебску, Менску, Барысава, Воршы, Івацэвічаў) згодна з традыцыяй, адсьпявалі Акафіст да Багародзіцы (у пятніцу вечарам) і адслужылі Боскую Літургію (у суботу раніцай), якую ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ, у саслужэньні Протапрасьвітара Ўсходняга дэканату а. Зьмітра Грышана, а таксама а. Аляксандра Шаўцова з Полацку, а. Пахома Кавалёва і а. Яўгена Ўсошына з Менску ды а. Рамана з Віцебску.

Акафіст быў адслужаны як малітва за пастаяннага Прадстаўніка Сьвятога Айца ў Беларусі – Апостальскага Нунцыя Архібіскупа Марціна Відавіча; Боская Літургія была адслужаная за тых рыма-каталіцкіх сьвятароў, якія ў сваіх храмах госьцяць грэка-каталіцкія парафіяльныя супольнасьці, асабліва за менскіх Айцоў Дэканаў Ігара Лашука і Ўладзіслава Завальнюка.

(На старонках "РАЗАМ" прапануем сьведчаньне аднаго з семінарыстаў БГКЦ, які ўдзельнічаў у пілігрымцы ў Росіцу).

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)