Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету

Памёр Уладыка Сафрон Дмытэрка

5 лістапада 2008 году, на 92 годзе жыцьця адышоў у вечнасьць біскуп-эмерыт Івана-Франкоўскай япархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладыка Сафрон (Дмытэрка), ЧСВВ. Яго постаць цесна зьвязана з падпольнай дзейнасьцю і адраджэньнем Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ды Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

З моманту адраджэньня першых грэка-каталіцкіх суполак у Беларусі Ўладыка Сафрон аказваў ім шматбаковую пастырскую падтрымку. У 1991 г. ён прызначыў дэканам БГКЦ а. Яна Матусевіча, а таксама рукапаклаў на дыякана а. Андрэя Абламейку ды на сьвятара а. Казіміра Ляховіча.

Усё жыцьцё Ўладыкі Сафрона (Дмытэркі) – гэта мужнае сьведчаньне веры на фоне бурлівых і трагічных падзеяў XX стагоддзя.

Сафрон Дмытэрка нарадзіўся 1 чэрвеня 1917 г. на Тэрнопальшчыне. Рукапакладзены на сьвятара 14 траўня 1942 г. у Празе (Чэхія). На працягу 1944-1954 гг. знаходзіўся пад арыштам за “антысавецкую дзейнасьць” як вязень падпольнай Царквы. Пасьля вызваленьня вёў падпольнае пастырскае служэньне ў Івана-Франкоўску, Каламыі, на Львоўшчыне і Тарнопальшчыне. 30 лістапада 1968 г. атрымаў біскупскую хіратонію і быў прызначаны біскупам-каад’ютарам Івана-Франкоўскай япархіі. Быў арыштаваны ў другі раз і (у 1973-1975 гг.) адпраўлены на прымусовыя працы на Луганшчыну (Украіна). Пасьля выхаду УГКЦ з падпольля ў 1991-1997 гг. быў біскупам-ардынарыем Івана-Франкоўскай япархіі. Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ 22 сьнежня 1997 г. задаволіў яго просьбу перайсьці на пенсію.

Пахаваньне Ўладыкі Сафрона, якое ўзначаліў Першаярарх УГКЦ Любамір Гузар у саслужэньні Апостальскага Нунцыя ва Ўкраіне архібіскупа Івана Юркавіча, біскупаў і сьвятароў УГКЦ, адбылося 7 лістапада ў Івана-Франкоўску. Пахаваны ён у крыпце катэдральнага сабору Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Івана-Франкоўску.

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)