Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(Першае Саборнае Пасланьне Сьв.Ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Наша вера
 
Пасланьне да Народу Божага па заканчэньні Сіноду пра Слова Божае

Прапануем другую частку тэксту Пасланьня Сіноду Біскупаў да Народу Божага пра Слова Божае па заканчэньні XII чарговай генеральнай Асамблеі, ухваленага на 21-й агульнай кангрэгацыі (пачатак у газеце «Царква», № 4 (59), 2008) .

III. Дом слова: Царква

Падобна таму, як боская мудрасьць у Старым запавеце збудавала сабе дом у горадзе мужчын і жанчын, абапёршы яго на сем слупоў (пар. Высл 9, 1), таксама і Слова Божае мае свой дом у Новым Запавеце: менавіта Царква, узорам для якой зьяўляецца супольнасьць-маці Ерусаліму і якая заснавана на Пятру і апосталах, сёньня, праз біскупаў у сулучнасьці з пераемнікам Пятра, па-ранейшаму захоўвае, абвяшчае і тлумачыць слова Божае (пар. Lumen gentium, 13). У Дзеях Апосталаў (Дз 2, 42) Лукаш пазначае архітэктуру гэтага дому, заснаваную на чатырох духоўных слупах: «І яны ўвесь час заставаліся ў навуцы апосталаў і ў супольнасьці, ламаньні хлеба і ў малітвах».

7. Гэта, перш за ўсё, апостальскае didache, гэта значыць пропаведзь Слова Божага. Апостал Павел навучае нас: «Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне – ад слова Божага» (Рым 10:17). З Царквы зыходзіць голас вяшчальніка, які прапануе ўсім керыгму, гэта значыць галоўную і асноватворную вестку, якую Сам Ісус абвясьціў у пачатку Свайго грамадзкага служэньня: «Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце» (Мк 1, 15). Апосталы, абвясьціўшы сьмерць і ўваскрасеньне Хрыста, нясуць вестку пра пачатак Валадарства Божага, гэта значыць пра вырашальнае боскае ўмяшаньне ў гісторыю чалавецтва: «Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы збавіцца» (Дз 4,12). Хрысьціянін сьведчыць пра гэтую надзею «з лагоднасьцю і страхам, маючы добрае сумленьне», гатовы, аднак, цярпець і, магчыма, быць прыніжаным праз адпрэчваньне і ганеньні, ведаючы, што «лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія» (1 Пт 3, 16-17).
---------------------
Цытата: "У доме Слова Божага мы сустракаемся таксама з братамі і сёстрамі з іншых Цэркваў і царкоўных Супольнасьцяў, якія, няхай нават ва ўмовах усё яшчэ існага падзелу, разам з намі шануюць і любяць Слова Божае, якое ёсьць пачаткам і крыніцай першапачатковай і рэальнай еднасьці, хоць і няпоўнай"
---------------------
Затым у Царкве гучыць катэхеза: яна прызначана для паглыбленьня ў хрысьціяніне «тайны Хрыстовай у сьвятле Слова, каб увесь чалавек быў прасьветлены ім» (Ян Павел II, Catechesi tradendae, 20). Але вяршыня дабравешчаньня ёсьць у пропаведзі, якая і сёньня для шматлікіх хрысьціянаў зьяўляецца найважнейшым момантам сустрэчы са Словам Божым. У гэтым акце сьвятар павінен ператварацца нават у прарока. Зразумелай, выразнай і зьмястоўнай мовай, а ня толькі ўладаю, ён павінен «абвяшчаць вялікія дзеі Божыя ў гісторыі збаўленьня» (Sacrosanctum Concilium, 35), якія раскрываюцца спачатку праз выразнае і жывое прачытаньне прапанаванага літургіяй біблійнага тэксту, але ён таксама павінен рабіць гэта і ў час і ў моманты, калі перажываюць іх слухачы, ды выклікаць у іхніх сэрцах пытаньне навяртаньня і жыцьцёвага заданьня: «Што нам рабіць?» (Дз 2, 37).

Вось жа абвяшчэньне, катэхеза і пропаведзь азначаюць чытаньне і разуменьне, тлумачэньні і высьвятленьне, удзел розуму і сэрца. Такім чынам, у пропаведзі адбываецца падвойная дзея. З дапамогаю першай дзеі заглыбляюцца ў карані сьвятых тэкстаў, падзеяў, так званых генератараў гісторыі збаўленьня, каб зразумець іх сэнс і іх пасланьне. З дапамогаю другой дзеі пагружаюцца ў сучаснасць, у сёньняшні дзень таго, хто слухае і чытае, заўсёды ў сьвятле Хрыста, які ёсьць пуцяводнай ніткай, прызначанай аб’ядноўваць Пісаньні. Гэта тое, што рабіў Сам Ісус, як было ўжо сказана, па дарозе з Ерусаліму ў Эмаўс у кампаніі двух Сваіх вучняў. Гэта тое, што зробіць дыякан Піліп на шляху з Ерусаліму ў Газу, калі распачне гэты сымбалічны дыялог з эфіёпскім вяльможам: «Ці разумееш, што чытаеш?... Як магу разумець, калі хто не наставіць мяне?» (Дз 8, 30-31). І мэтай стане поўная сустрэча з Хрыстом у таемстве. Такім чынам, паўстае другі слуп, на які абапіраецца Царква, дом Божага слова.

8. Гэта ёсьць ламаньне хлеба. У якасьці прыкладу давайце ізноў зьвернемся да дзеі ў Эмаўсе (пар. Лк 24, 13-35): у ёй паказваецца тое, што адбываецца кожны дзень у нашых цэрквах: пасьля пропаведзі Ісуса пра Майсея і прарокаў ідзе, за трапезай, ламаньне Еўхарыстычнага Хлеба. Менавіта гэта зьяўляецца момантам інтымнага дыялогу Бога са Сваім народам, актам новага запавету, што запячатаны крывёю Хрыста (пар. Лк 22, 20), вышэйшай дзеяй Слова, якое прапануе сябе ў якасьці ежы ў Сваім, прынесеным у ахвяру целе, крыніцай і вяршыняй місіі Царквы. Евангельскі расповед пра Тайную вячэру, успамін аб Хрыстовай ахвяры, што абвяшчаецца падчас еўхарыстычнага служэньня з закліканьнем Сьвятога Духу, становіцца падзеяй і таемствам. Менавіта таму Другі Ватыканскі сабор, у адным з вельмі глыбокіх па зьмесьце ўрыўкаў, заяўляў: «Царква заўсёды ўшаноўвала Боскае Пісаньне, як і Самое Цела Гасподняе, ніколі не перастаючы, асабліва на Боскай Літургіі, карміцца хлебам жыцьця ад спажываньня як Слова Божага, так і Цела Хрыстова, і даваць яго вернікам» (Dei Verbum, 21). Таму належыць вярнуць у цэнтр хрысьціянскага жыцьця «літургію слова і літургію Еўхарыстыі, якія так цесна зьвязаныя паміж сабою, што складаюць адзіны акт богашанаваньня» (Sacrosanctum Concilium, 56).
9. Трэці слуп духоўнага будынку Царквы, дома Слова – малітвы, вытканыя, як нагадваў сьвяты Павел, з «псальмаў, усхваленьняў і духоўных песень» (Кал 3, 16). Асаблівае месца займае, натуральна, літургія Гадзін, малітва Царквы, прызначаная задаваць рытм дням і перыядам хрысьціянскага году, прапаноўваючы, асабліва ў чатырохтыднёвай Псалтыры, штодзённую духоўную ежу вернікам. Поруч з ёй і з грамадзкімі літургіямі Слова, традыцыя ўвяла практыку Lectio Divina – малітоўнага чытаньня ў Сьвятым Духу, якое здольнае адкрыць верніку скарб Слова Божага, а таксама прывесьці да сустрэчы з Хрыстом, жывым боскім словам.

Гэтая практыка пачынаецца з чытаньня (lectio) тэксту, і гэты працэс выклікае пытаньне пра сапраўднае веданьне яго рэальнага зьместу: што гаворыць біблійны тэкст сам па сабе? Затым ідзе разважаньне (meditatio), падчас якога паўстае пытаньне: што гаворыць біблійны тэкст нам? Такім чынам, мы падыходзім да малітвы, якая прадугледжвае яшчэ адно пытаньне: што мы гаворым Госпаду ў адказ на Яго слова? І ўрэшце падыходзім да сузіраньня (contemplatio), на працягу якога мы прымаем як дар ад Бога Яго погляд у меркаваньні на рэальнасьць, і тады мы задаем сабе пытаньне: якога навяртаньня розуму, сэрца і жыцьця просіць у нас Госпад?

Перад вернікамі, якія з глыбокай пашанай чытаюць Слова Божае, у думках паўстае вобраз Марыі, Маці Госпада, якая «захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім» (Лк 2, 19; пар. 2, 51), гэта значыць, як гаворыцца ў грэцкім арыгінале, знаходзячы галоўны вузел, які яднае, здавалася б, розныя падзеі, дзеяньні і рэчы ў вялікую боскую задуму. Альбо перад вачамі вернікаў, якія чытаюць Біблію, можа ўзьнікаць прыклад Марыі, сястры Марты, што сядзела ля ног Госпада, слухаючы Яго слова, не дазваляючы зьнешнім хваляваньням ахапіць душу, займаючы тую прастору, якая павінна заставацца заўсёды свабоднай для «добрай часткі» – прасторы, якой мы ніколі не павінны пазбаўляцца (гл. Лк 10, 38-42).

10. Вось мы, урэшце, перад апошнім слупом, на якім трымаецца Царква – дом Слова: гэта koinonia, братэрскае сумоўе, як па-іншаму называюць agape, што значыць хрысьціянская любоў. Як нагадваў Ісус, каб стаць Яго братамі і сёстрамі, трэба быць тымі, «хто слухае слова Божае і выконвае яго» (Лк 8, 21). Сапраўднае слуханьне – у паслушэнстве і дзеяньні, яно павінна даць заквітнець у жыцьці справядлівасьці і любові, каб несьці ў жыцьці і ў грамадзтве сьведчаньне, якое працягвае лінію закліку прарокаў, якія ўвесь час спалучалі Слова Божае і жыцьцё, веру і справядлівасьць, пакланеньне Богу і абавязак у дачыненьні да грамадзтва. Гэта неаднаразова паўтараў Ісус, пачынаючы ад знакамітага навучаньня з Нагорнай пропаведзі: «Ня ўсякі, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Валадарства нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсьць у небе» (Мц 7, 21). У гэтых словах нібы адгукаецца рэхам боскае слова, укладзенае ў вусны Ісаі: «Гэтыя людзі набліжаюцца да Мяне адно ў словах сваіх, і вуснамі сваім славяць Мяне, сэрца ж іх далёка ёсьць ад Мяне» (Іс 29, 13). Гэтыя павучаньні скіраваныя таксама і да Цэркваў, калі яны ня ёсьць верныя паслухмянаму слуханьню Слова Божага.

Такім чынам, Слова Божае павінна быць заўважнае і лёгка чытэльнае ўжо ў абліччы і ў руках верніка, як гаварыў сьвяты Рыгор Вялікі, які бачыў у сьвятым Бенядыкце і ў іншых вялікіх людзях Божых, сьведках сулучнасьці з Богам і з братамі,– Слова Божае, увасобленае ў жыцьцё. Праведны і верны чалавек ня толькі «тлумачыць» Пісаньні, але і «раскрывае» яго перад усімі як жывую і дзейную рэальнасьць. Менавіта таму viva lectio, vita bonorum – жыцьцё праведнікаў – зьяўляецца жывым чытаньнем /лекцыяй боскага слова. Яшчэ сьвяты Ян Залатавусны адзначаў, што апосталы сыйшлі з Галілейскай гары ў Галілею, дзе яны сустрэлі Ўваскрослага, без якіх-небудзь каменных табліцаў, як гэта адбылося з Майсеем: іх уласнае жыцьцё павінна была стаць з таго моманту жывым Евангельлем.

У доме Слова Божага мы сустракаемся таксама з братамі і сёстрамі з іншых Цэркваў і царкоўных Супольнасьцяў, якія, няхай нават ва ўмовах усё яшчэ існага падзелу, разам з намі шануюць і любяць Слова Божае, якое ёсьць пачаткам і крыніцай першапачатковай і рэальнай еднасьці, хоць і няпоўнай. Гэтая сувязь павінна заўсёды ўмацоўвацца шляхам ажыцьцяўленьня сумесных біблійных перакладаў, распаўсюджваньня сьвятых тэкстаў, біблійнай экуменічнай малітвы, экзэгетычнага дыялогу, вывучэньня і параўнаньня розных тлумачэньняў Сьвятых Пісаньняў, абмену каштоўнасьцямі, якія ўласьцівыя розным духоўным традыцыям, сумеснага абвяшчэньня сьведчаньня пра Слова Божае ў секулярызаваным сьвеце.

IV. Шляхі слова: Місія

«Ад Сыёну выйдзе закон, і слова Гасподняе – з Ерусаліму» (Іс 2, 3). Персаніфікаванае Слова Божае «выходзіць» з свайго дому, храму, і ідзе па дарогах сьвету, каб сустрэць вялікую пілігрымку, якую распачалі народы зямлі ў пошуках ісьціны, справядлівасьці і міру. Сапраўды, нават у сучасным секулярызаваным горадзе, на яго плошчах і вуліцах, дзе, падаецца, пануюць нявера і абыякавасьць, дзе зло, як здаецца, пераважае над дабром, ствараючы ўражаньне пра перамогу Вавілону над Ерусалімам, існуе ўтоеная смага, зародак надзеі, трапятаньне чаканьня. Як гаворыцца ў Кнізе прарока Амоса, «вось настаюць дні, кажа Госпад Бог, калі Я пашлю на зямлю голад,– ня голад хлеба, ня смагу вады, але смагу слуханьня словаў Гасподніх» (Ам 8, 11). Царква хоча даць адказ на гэтую смагу сваёй евангелізатарскай місіяй.

Таксама і ўваскрослы Хрыстос заклікае апосталаў, што знаходзяцца ў нерашучасьці, выйсьці за межы прасторы, у якой яны пачуваліся абароненымі: «Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, …вучачы іх выконваць усё, што Я загадаў вам» (Мц 28, 19-20). Біблія мае шмат заклікаў «не маўчаць», «крычаць з сілаю», «прапаведаваць слова ў час спрыяльны і не спрыяльны», быць ранішняй вартай, якая разьдзірае маўчаньне абыякавасьці. Цяпер перад намі адчыняюцца новыя дарогі, а ня толькі тыя, па якіх хадзіў сьвяты Павел або першыя евангелісты і, усьлед за імі, усе місіянеры, якія адпраўляліся да людзей у далёкіх землях.

11. Камунікацыя разгарнула сёньня сетку, якая ахоплівае ўвесь зямны шар, і словы Хрыста: «Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах» (Мц 10, 27), атрымліваюць новы сэнс. Вядома, сьвятое слова павінна найперш зьзяць і распаўсюджвацца праз друкаваны тэкст, праз пераклады, выкананыя згодна пярэстай шматстайнасьці моваў нашай планеты. Але голас боскага слова павінен гучаць таксама і праз радыё, інфармацыйныя артэрыі сеткі Інтэрнэту, праз віртуальныя каналы распаўсюджваньня «on line», CD, DVD, падкастаў ды інш. Ён мусіць быць на тэлевізійных і кінаэкранах, у прэсе, а таксама ў культурных і сацыяльных падзеях.

Гэтыя новыя (у параўнаньні з традыцыйнымі) сродкі камунікацыі стварылі сваю ўласную асаблівую і выразную мову, і, такім чынам, для рашэньня гэтай задачы неабходна быць падрыхтаванымі ня толькі тэхнічна, але і ў культурным плане. Нават у эпоху перавагі зрокавых вобразаў, якія прапануюцца асабліва такім гегемонам сродкаў камунікацыі, якім зьяўляецца тэлевізія, знакавай і запамінальнай застаецца мадэль, якой аддае перавагу Хрыстос. Ён зьвяртаўся да сымболікі, аповеду, прыкладу, паўсядзённага досьведу, прыпавесьці: «І павучаў іх шмат прыпавесьцямі ...і бяз прыпавесьці не гаварыў ім» (Мц 13: 3, 34). Абвяшчаючы Валадарства Божае, Ісус ніколі не гаварыў вышэй людзкога разуменьня нявызначанай, абстрактнай або незямной мовай, але скараў іх, зыходзячы ад зямлі, па якой хадзілі іх ногі, каб прывесьці іх ад штодзённасьці да адкрыцьця Валадарства нябеснага. Такім чынам, становіцца знамянальнай сцэна, расказаная Янам: «Некаторыя з іх жадалі схапіць Яго; але ніхто не наклаў на Яго рук. І вось, служкі вярнуліся да першасьвятароў і фарысеяў, і гэтыя сказалі ім: чаму вы не прывялі Яго? Служкі адказвалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек» (Ян 7, 44-46).

12. Хрыстос ідзе па вуліцах нашых гарадоў і спыняецца ля парогаў нашых дамоў: «Вось, стаю каля дзьвярэй і стукаюся: калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго, і буду вячэраць з ім, і ён са Мною» (Адкр 3, 20). Сям’я, што схавалася за сьценамі дамоў са сваімі радасьцямі і драмамі, ёсьць галоўнай прасторай, у якую трэба ўвесьці Слова Божае. Біблія ўся насычана малымі і вялікімі сямейнымі гісторыямі, і Псалмасьпеўца з жвавасьцю паказвае спакойную карціну бацькі, які сядзіць за трапезай, у асяроддзі сваёй жонкі, падобнай да «лазы пладавітай», і дзяцей, «галінак аліўкавых» (Пс 127). Першыя хрысьціяне служылі літургію ў абстаноўцы хатняй штодзённасьці, падобна таму, як Ізраіль давяраў сям’і спраўляць Пасху (пар. Вых 12, 21-27). Перадача Слова Божага адбываецца менавіта ад пакаленьня да пакаленьня, так што бацькі становяцца «першымі вяшчальнікамі веры» (Lumen gentium, 11). Псалмасьпеўца таксама нагадвае: «Штo мы чулi i штo ўвeдалi, i штo айцы нашыя расказалi нам, нe сxаваeм пeрад ixнiмi сынамi, раскажам будучаму пакалeньню пра xвалу Гoспада i магутнасьць Ягoную, пра цуды, якiя Ён учынiў, ...каб прышлаe пакалeньнe – сыны, штo маюць нарадзiцца,– вeдала i ў свoй час расказала дзeцям сваiм» (Пс 77: 3-4, 6).

Вось жа, у кожным доме мусіць быць свая Біблія, якую трэба дастойна захоўваць, чытаць яе і маліцца з ёй; сям’я павінна прапанаваць формы і мадэлі малітоўнага, катэхетычнага і дыдактычнага выхаваньня ў тым, што датычыць выкарыстаньня Сьвятога Пісаньня, каб «юнакі і дзяўчаты, старыя і дзеці» (Пс 148, 12) слухалі Слова Божае, разумелі і ўсхвалялі яго, жылі ім. Асабліва новыя пакаленьні – дзеці і моладзь – павінны стаць аб’ектам асаблівай педагогікі, якая дапаможа ім убачыць прыгажосьць асобы Хрыста ды адкрыць іх розумы і сэрцы таксама праз сустрэчу і праўдзівае сьведчаньне дарослых, станоўчы ўплыў сяброў і вялікай сям’і царкоўнай супольнасьці.

13. Ісус у Сваёй прыпавесьці пра сейбіта нагадвае нам аб тым, што ёсьць землі засушлівыя, камяністыя, зарослыя цернем (пар. Мц 13, 3-7). Ідучы па дарогах сьвету, мы адкрываем таксама, што існуюць трушчобы, дзе пасяліліся пакуты і беднасьць, зьневажаньне і прыгнёт, маргіналізацыя і галеча, фізічныя і псіхічныя хваробы ды адзінота. Часта мы бачым, што камяні на дарогах пабарваваныя крывёю войнаў і насільля, у палацах улады карупцыя разам з несправядлівасьцю. Мы чуем крык гнаных за вернасьць свайму сумленьню і сваёй веры. Нам сустракаюцца людзі, зламаныя жыцьцёвым крызісам, або з душой, пазбаўленай галоўнага, што надавала б сэнс і значэньне самому жыцьцю. Многім людзям, што падобныя «на цень, што мінае» (Пс 38, 7), дзе дагасае дыханьне, нават падаецца, што над імі навісла маўчаньне Бога, яго ўяўная адсутнасьць і абыякавасьць: «Дакуль, Гoспадзe? Цi ж забудзeшся на мянe зусiм? Дакуль xаваць пeрада мнoю будзeш твар Твoй?» (Пс 13, 2). А ў канцы перад усімі паўстае таямніца сьмерці. Гэтая вялізная хваля пакуты, што ўздымаецца ад зямлі да неба, увесь час паказваецца ў Бібліі, яна прапануе менавіта гістарычную і ўвасобленую веру. Досыць успомніць пра старонкі, адзначаныя насільлем і прыгнётам, горкім і бесьперапынным лямантам Ёва, палкімі малітвамі Псальмаў, тонкім унутраным крызісам, які ахапіў душу Эклезіяста, магутнымі прароцкімі абвінавачаньнямі супраць сацыяльнай несправядлівасьці. Таксама без зьмякчэньня паказана асуджэньне радыкальнага граху, які выяўляецца ва ўсёй яго разбуральнай сіле ад самога пачатку чалавецтва ў фундаментальным тэксьце Быцьця (Быц 3). Сапраўды, «тайна беззаконьня» прысутнічае і дзейнічае ў гісторыі, але яна раскрыта Словам Божым, якое гарантуе ў Хрысьце перамогу дабра над злом.

Але дамінуючай у Сьвятых Пісаньнях зьяўляецца асоба Хрыста, Які распачынае Сваё публічнае служэньне з абвяшчэньня надзеі для тых, якія церпяць на зямлі: «Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне дабравесьціць убогім, і паслаў Мяне ацаляць скрушлівых сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым прасьвятленьне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, прапаведаваць год Гасподняй ласкі» (Лк 4, 18-19). Ён ізноў і ізноў ускладае рукі на хворага або пракажонага, Яго словы абвяшчаюць справядлівасьць, дадаюць мужнасьці няшчасным, даруюць прабачэньне грэшнікам. Ён Сам стаўся падобны ім, «прынізіўшы Сябе» ў Сваёй славе, «прыняўшы вобраз слугі, зрабіўшыся падобным да людзей, ...упакорыў Сябе, стаўшыся паслухмяным аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай» (Флп 2, 7-8).

Так, Ён мае страх сьмерці («Ойча! Калі Ты хочаш, пранясі чашу гэтую міма Мяне!»), Ён адчувае адзіноту пасьля таго, як Яго пакінулі і здрадзілі сябры, праз укрыжаваньне Ён апускаецца ў змрок страшнага фізічнага болю і нават у цемру маўчаньня («Божа мой, Божа мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»), і дасягае апошняй бездані кожнага чалавека – бездані сьмерці («закрычаўшы гучным голасам, аддаў дух»). Да Яго сапраўды можна ўжыць азначэньне, якое Ісая даў слузе Гасподняму: «муж болесьці, які зьведаў цярпеньні» (Іс 53, 3).
---------------------
Цытата: "Засяродзімся ж у цішы, каб, поўныя глыбокай пашаны, маглі ўслухоўвацца ў слова Госпада, ды захавайма ж гэтую цішу пасьля слуханьня, каб яно магло і далей знаходзіцца ў нас, жыць у нас і размаўляць з намі. Давайце дадзім яму гучаць на пачатку нашага дня, каб у Бога было першае слова, і дамо яму адгукнуцца ў нас увечары, каб і апошняе слова было словам Божым"
---------------------
Але нават у гэты найвышэйшы момант цярпеньняў Ён не перастае быць Сынам Божым: Сваёй спагадлівасьцю і любоўю, Сваёй Ахвяраю Ён уклаў у абмежаванасьць і зло чалавецтва насеньне боскасьці, гэта значыць, аснову вызваленьня і збаўленьня; праз Свой дар Сябе нам Ён выпраменьвае сьвятло адкупленьня на боль і сьмерць, якія прыняў і перажыў Сам, ды адкрывае таксама і для нас сьвітанак уваскрасеньня. Таму перад хрысьціянінам стаіць місія абвяшчаць гэтае боскае слова надзеі, каб дзяліцца ім з беднымі і спакутаванымі ды сьведчыць аб сваёй веры ў Валадарства ісьціны і жыцьця, сьвятасьці і ласкі Божай, справядлівасьці, любові і супакою, праз брацкую любоў, якая ня судзіць і не асуджае, але падтрымлівае, суцяшае і прабачае ў поўнай згодзе са словамі Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28).

14. На дарогах сьвету слова Божае прыводзіць нас, хрысьціянаў, да поўнай глыбокага значэньня сустрэчы з юдэйскім народам, з якім мы шчыльна зьвязаныя праз агульнае прызнаньне і любоў да сьвятых тэкстаў Старога Запавету, бо «ад іх Хрыстос па плоці» (Рым 9, 5), ад Ізраіля. Усе сьвятыя юдэйскія тэксты асьвятляюць тайну Бога і чалавека, адкрываюць скарбы думкі і маралі, акрэсьліваюць доўгі шлях гісторыі збаўленьня да яго поўнага ажыцьцяўленьня, услаўляючы ўцелаўленьне Божага слова ў чалавечай гісторыі. Яны дазваляюць нам у поўнай меры зразумець асобу Хрыста, які заявіў: «Ня думайце, што Я прыйшоў зруйнаваць закон або прарокаў: не зруйнаваць прыйшоў Я, але выканаць» (Мц 5, 17); яны ёсьць шляхам дыялогу з абраным народам, які атрымаў ад Бога «ўсынаўленьне і славу, запаветы і заканадаўства, служэньне і абяцаньне» (Рым 9, 4), дазваляюць нам узбагаціць нашае тлумачэньне Сьвятых Пісаньняў багатымі рэсурсамі юдэйскай экзэгетычнай традыцыі.

«Блаславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх – Асірыйцы, і спадчына Мая – Ізраіль» (Іс 19, 25). Госпад распасьцірае ахоўнае покрыва Свайго блаславеньня над усімі народамі зямлі, жадаючы, «каб усе людзі збавіліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны» (1 Цім 2, 4). Таксама і мы, хрысьціяне, ідучы па дарогах сьвету, закліканыя, не ўпадаючы пры гэтым у сінкрэтызм, што азмрочвае і прыніжае нашую ўласную духоўную ідэнтычнасьць, уступаць у паважлівы дыялог з мужчынамі і жанчынамі з іншых рэлігіяў, якія слухаюць і аддана выконваюць указаньні сваіх сьвятых кніг, пачынаючы ад ісламу, які ўвабраў у сваёй традыцыі незьлічонае мноства біблійных вобразаў, сымбаляў і тэмаў, і які дае нам сьведчаньне шчырай веры ў адзінага Бога, спачувальнага і міласэрнага, Творцы ўсяго існага і Суддзі чалавецтва.

Акрамя таго, хрысьціянін павінен знаходзіць таксама агульную згоду з вялікімі рэлігійнымі традыцыямі Ўсходу, якія ў сваіх сьвятых тэкстах вучаць нас пашане жыцьця, сузіраньню, маўчаньню, прастаце, адрачэньню, як гэта ёсьць у будызме. Або, як у індуізме, вучаць глыбока шанаваць пачуцьцё сьвятасьці, ахвярнасьці, паломніцтва, пост, сьвятыя сымбалі. Або яшчэ, як у канфуцыянстве, вучаць мудрасьці, сямейным і сацыяльным каштоўнасьцям. Таксама і да традыцыйных рэлігіяў з іх духоўнымі каштоўнасьцямі, што выяўляюцца ў абрадах і ў вуснай культуры, давайце паказваць нашую шчырую ўвагу і весьці з імі паважлівы дыялог. І нават з тымі, хто ня верыць у Бога, але спрабуе «дзейнічаць справядліва, любіць справы міласэрнасьці і пакорнамудра хадзіць перад Богам» (Міх 6, 8), мы павінны разам працаваць дзеля больш справядлівага і мірнага сьвету ды прапаноўваць у дыялогу нашае сапраўднае сьведчаньне аб Слове Божым, якое можа адкрыць ім новыя і больш шырокія гарызонты ісьціны і любові.

15. У сваім Пасланьні да мастакоў (1999) Ян Павел II нагадаў, што «Сьвятое Пісаньне стала свайго роду «вялізным слоўнікам» (Поль Клаодэль) і «іконаграфічным атласам» (Марк Шагал), з якіх чэрпалі культура і хрысьціянскае мастацтва» (№ 5). Гётэ быў перакананы ў тым, што Евангельле зьяўляецца «роднай мовай Еўропы». Біблія, як сёньня звычайна гавораць, зьяўляецца «вялікім кодам» усеагульнай культуры: мастакі, кажучы вобразна, абмаквалі свае пэндзлі ў гэтую вельмі каляровую азбуку гісторыяў, сымбаляў, вобразаў, якімі зьяўляюцца біблійныя старонкі; музыкі чэрпаюць натхненьне з сьвятых тэкстаў, асабліва Псальмаў, вытканых з гармоніі; пісьменьнікі стагоддзямі ўзнаўлялі гэтыя старажытныя апавяданьні, якія станавіліся знакавымі прыпавесьцямі; паэты задавалі сабе пытаньні пра тайны духу, пра вечнасьць, пра зло, пра любоў, пра сьмерць і пра жыцьцё, часта пераймаючы ўзьнёслае трымценьне, што ажыўляе біблійныя старонкі; мысьляры, людзі навукі, ды і само грамадзтва, нярэдка прымалі ў якасьці эталону, няхай нават толькі для канфрантацыі, духоўныя і этычныя канцэпцыі (напрыклад, Дэкалог) Слова Божага. Нават калі вобраз або ідэя, што прысутнічае ў Сьвятым Пісаньні, дэфармаваліся, яна прызнавалася як тая, што мае важнае значэньне ды ўтваральная для нашай цывілізацыі.

Вось чаму Біблія, якая паказвае нам таксама via pulchritudinis, гэта значыць, шлях прыгажосьці да разуменьня і спасьціжэньня Бога («Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце!», заклікае нас Псальм 46, 8), неабходная ня толькі для вернікаў, але і для ўсіх, каб нанова адкрыць для сябе сапраўдныя значэньні розных культурных праяваў і, перш за ўсё, каб адшукаць нашую ўласную гістарычную, грамадзянскую, чалавечую і духоўную ідэнтычнасьць. У ёй – у Бібліі – вытокі нашае велічы, і менавіта дзякуючы ёй мы можам паказаць сябе з вельмі каштоўнай спадчынай іншым цывілізацыям і культурам, без якога-небудзь комплексу непаўнавартаснасьці. Вось чаму Біблія павінна прызнавацца і вывучацца ўсімі з гэтага ўнікальнага пункту гледжаньня прыгажосьці і чалавечай ды культурнай плённасьці.

Тым ня менш, Слова Божае, якое, карыстаючыся яскравым вобразам сьв. Паўла – «немагчыма зьвязаць» (2 Цім 2, 9),– не прывязана да нейкай адной культуры; больш таго, яно імкнецца пераадолець межы, і той жа апостал Павел быў выключным майстрам інкультурацыі біблійнага пасланьня ў новыя культурныя каардынаты. Менавіта гэтая Царква пакліканая рабіць таксама і сёньня, праз цяжкі, але неабходны працэс, які атрымаў магутны імпульс з навучаньня Папы Бенядыкта XVI. Яна павінна даць пранікнуць Слову Божаму ў мноства культур і выказаць сябе на іх мовах, іх уяўленьнях, іх сымбалях і іх рэлігійных традыцыях. Але яна павінна заўсёды ўмець захоўваць праўдзівую сутнасьць свайго зьместу, назіраючы і кантралюючы магчымасьць узьнікненьня рызыкі выраджэньня. Вось жа, Царква павінна зрабіць, каб зазьзялі каштоўнасьці, якія Слова Божае прапануе іншым культурам, так, каб гэтыя культуры былі ачышчаныя імі і аплодненыя. Як сказаў Ян Павел II епіскапату Кеніі падчас сваёй паездкі ў Афрыку ў 1980 годзе, «інкультурацыя становіцца сапраўды адлюстраваньнем уцелаўленьня Слова, калі культура, перамененая і нанова народжаная Дабравесьцем, паказвае ва ўласнай традыцыі першасныя праявы хрысьціянскага жыцьця, праслаўленьня, думкі».

Заключэньне

«І голас, які я чуў з неба, зноў пачаў гаварыць са мною і сказаў: ідзі, вазьмі разгорнутую кніжку з рукі ў анёла, які стаіць на моры і на зямлі. І я пайшоў да анёла і сказаў яму: дай мне кніжку. Ён сказаў мне: бяры і спажывай яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. І ўзяў я кніжку з рукі анёла і спажыў яе; і яна ў вуснах маіх была салодкая, як мёд; а калі спажыў яе, дык горка зрабілася ў чэраве маім». (Адкр 10, 8-10).

Браты і сёстры ўсяго сьвету, прымем жа і мы гэты заклік; будзем прыступаць да спажываньня Слова Божага, так, каб сілкавацца і жыць «не адным хлебам..., а ўсім, што сыходзіць з вуснаў Госпада» (Друг 8, 3; Мц 4, 4). Сьвятое Пісаньне, паводле выразу адной з вялікіх постацяў хрысьціянскай культуры, «мае адпаведныя ўрыўкі для суцяшэньня ўсіх і ўрыўкі для перасьцярогі ва ўсіх абставінах» (Б. Паскаль, Думкі, п. 532. Выд . Brunschvicg).

Сапраўды, Слова Божае «саладзейшае за мёд, што плыве з сотаў» (Пс 18, 11), яно – «сьвeтач на шляxу маiм, i сьвятлo на маёй сьцeжцы» (Пс 118, 105), але яно таксама «падобнае на агонь» і «падобнае на молат, які разьбівае скалу» (Ер 23, 29). Яно як дождж, які напойвае зямлю, робіць яе ўрадлівай і здольнай даваць парасткі, прымушаючы, такім чынам, заквітнець нават засушлівую глебу нашай духоўнай пустыні (пар. Іс 55, 10-11). Але яно таксама «жывое і дзейснае і вастрэйшае за ўсякі меч двухбаковавостры: яно пранікае да разьдзяленьня душы і духу, суглобаў і мозгу, і судзіць помыслы і намеры сардэчныя» (Габр 4, 12).

Наш позірк зьвяртаецца з любоўю да ўсіх навукоўцаў, катэхізатараў і іншых служкаў Слова Божага, каб выказаць ім нашу самую глыбокую і сардэчную падзяку за іх каштоўнае і важнае служэньне. Мы зьвяртаемся таксама да нашых братоў і сёстраў, якіх перасьледуюць або аддаюць на сьмерць з-за Слова Божага і за сьведчаньне, якое яны даюць Госпаду Ісусу Хрысту (пар. Адкр 6, 9): як сьведкі і мучанікі, яны гавораць нам пра «сілу Божую» (Рым 1, 16), крыніцу іх веры, надзеі і любові да Бога і да людзей.

Засяродзімся ж у цішы, каб, поўныя глыбокай пашаны, маглі ўслухоўвацца ў слова Госпада, ды захавайма гэтую цішу пасьля слуханьня, каб яно магло і далей знаходзіцца ў нас, жыць у нас і размаўляць з намі. Давайце дадзім яму гучаць на пачатку нашага дня, каб у Бога было першае слова, і дамо яму адгукнуцца ў нас увечары, каб і апошняе слова было словам Божым.

Дарагія брат і сёстра! «Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Ласка Госпада з усімі вамі. Амін!» (Ціт 3, 15).
 
Пераклад з расейскай І.БАРАНОЎСКАГА
Паводле сайту Каталіцкай інфармацыйнай службы Agnuz.
Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)