Царква
Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго
(9 запаведзь, Выхад 20:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (53), 2007

«Я вельмі хацеў, каб Госпад жыў у маім сэрцы»
Размова ў Рэдакцыі «Царквы» з новавысьвячаным сьвятаром БГКЦ айцом Андрэем БУЙНІЧАМ з Менску

– Айцец Андрэй! Трымаю ў руках Ваш памятны абразок з нагоды атрыманьня дару сьвятарства, на якім выява крыжа сьв. Еўфрасіньні Полацкай і словы з псальму воіна, абраныя Вамі ў якасьці дэвізу: “Блаславёны Госпад, цьвярдыня мая, што навучае рукі мае вайне і пальцы мае – змаганьню” (Пс 143, 1). Што значыць для Вас гэты сымбаль і гэтыя словы з псальму Давіда? Хто ёсьць той Галіаф, з якім Вам належыць весьці змаганьне?

– Вядома, прыміцыйны абразок сапраўды зьяўляецца дэвізам для сьвятара, гэткім своеасаблівым “крэда”, з якім ён хоча ісьці па жыцьці... Што да майго абразка, то здаецца, што тут усё зразумела: крыж сьвятой Еўфрасіньні кажа пра маю прыналежнасьць да ўсходняй традыцыі, да Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, а словы Ісусавай малітвы, напісаныя пад крыжам,– мая любімая малітва, якая таксама падкрэсьлівае маё імкненьне быць у лучнасьці з нашымі духоўнымі каранямі, крыніцай якіх ёсьць наша ўсходняя традыцыя. Словы псальму, напісаныя на адваротным баку абразка,– гэта мая малітва да Госпада, каб даў Ён мне сілаў пераадолець перадусім самога сябе. Таксама і апостал Павел піша пра барацьбу: “Наша барацьба ня супраць крыві й цела, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сусьветных валадароў цемры гэтага веку, супраць духаў злосьці паднябесных” (Эф 6, 12). Так што, як я думаю, Галіаф, з якім трэба весьці вайну,– гэта я сам, мой стары чалавек. Калі атрымаем перамогу над сабою, тады, паводле словаў сьв. Серафіма Сароўскага, вакол нас збавяцца тысячы. Да сказанага магу дадаць, што гэтымі словамі з псальму прашу ў Госпада мужнасьці і падтрымкі ў пераадоленьні жыцьцёвых цяжкасьцяў, якія ёсьць і будуць на маім шляху, бо Ён – крыніца маёй моцы.

– Як у Вашым жыцьці зьявілася думка пра сьвятарства? Ці былі тыя, хто паўплываў на Ваш выбар?

– Я сам доўга шукаў Бога і сваю Царкву і ведаю, з якімі цяжкасьцямі сустракаецца чалавек на гэтым шляху... Калі я яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце, то ў інтэрнаце сустракаў шмат маладых людзей, якія таксама, як і я, шукалі сэнсу, Праўды, Бога... Мы шмат блукалі то там, то тут, некаторыя сталіся ахвярамі сектаў. Дагэтуль узгадваю з болем майго знаёмага, што патрапіў у секту Муна... Таму, калі я сустрэў у сваім жыцьці Госпада нашага Ісуса Хрыста (ці лепш сказаць, калі Госпад мяне сустрэў) і прыйшоў у Каталіцкую Царкву, то мне захацелася стаць такім кампетэнтным чалавекам, які б мог дапамагчы людзям, асабліва моладзі, у іх духоўных пошуках. У той момант адпаведную кампетэнтнасьць я ўбачыў у сьвятарах, якія сустрэліся на маім шляху. Магчыма, усё гэта стала першым крокам да зьяўленьня ў мяне думкі пра сьвятарства.

Калі казаць пра канкрэтныя асобы, дзякуючы якім я лепш усьвядоміў свой выбар, то можна тут узгадаць айцоў Міхала Сапеля, Роберта Крывіцкага, Анатоля Ярошку, Пятра Смалінскага, Зьбігнева Грыгарцэвіча, Андрэя Абламейку, а асабліва айца архімандрыта Сяргея (Гаека). З некаторымі я меў дачыненьне толькі раз ці два, а з некаторымі жыцьцё ўжо моцна зьвязала. Ёсьць і іншыя, імёны якіх я ўжо ня памятаю, але якім я вельмі ўдзячны. Таксама я ўдзячны праваслаўнаму сьвятару айцу Міхаілу Бубену, які мяне ахрысьціў у сябе дома ў Наваградку, калі мне было каля чатырох гадоў. Канешне, я ня памятаю яго, але малюся за яго і адчуваю з ім пэўную духоўную сувязь. Магчыма, яго малітвамі Госпад пачаў дзейнічаць у маім жыцьці.

– Пайсьці вучыцца ў духоўную семінарыю – гэтая думка зьявілася найперш у Вас ці Вам нехта параіў задумацца пра такі жыцьцёвы выбар?

Гэта было толькі маё рашэньне, у тым сэнсе, што ніхто мне не прапаноўваў і не падказваў зрабіць такі выбар. Канешне, калі я яго агучыў, то ў маім жаданьні пайсьці вучыцца ў семінарыю мяне падтрымалі і айцец Сяргей (Гаек), якога я ўжо на той момант ведаў, і айцец Андрэй Абламейка, які стаў душпастырам у маёй парафіі пасьля айца Яна Матусевіча.

– Вядома, ня ўсе, хто пайшоў у семінарыю, сталі сьвятарамі... Ці не было спакусы кінуць?

– Неразумна было б з майго боку рэальна не ацэньваць тую справу, за якую хачу ўзяцца. Канешне, было разуменьне, што я выбіраю нялёгкі шлях, але адначасова я не ўяўляў сабе іншай дарогі. Думаю, што няма ніводнай асобы, якая б не сумнявалася ў прынятым рашэньні. Вернасьць жа свайму выбару абумоўліваецца сапраўднымі матывацыямі асобы. У маім выпадку, я быў унутрана перакананы, што хачу стаць сьвятаром і што гэта жаданьне ад Госпада. Калі б было інакш, я не вытрымаў бы ў семінарыі нават месяц...

– Каб быць сёньня вернікам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, напэўна, трэба мець моцную веру і перакананьні, бо ўмовы для разьвіцьця нашай Царквы досыць сьціплыя: няма ў нас велічных храмаў з пышнымі іканастасамі, замест іх – сьціплыя капліцыў прыстасаваных памяшканьнях, не хапае сьвятароў, ёсьць і іншыя цяжкасьці. Можна сказаць, жыцьцё як у першых хрысьціянаў. Чаму ж Вы абралі для сябе БГКЦ і служэньне менавіта ў ёй? Якім быў Ваш шлях?

– Я пераканаўся ў пэўны момант, што поўня ласкі знаходзіцца ў Каталіцкай Царкве. А паколькі я быў ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, то маёй роднай літургічна-багаслоўскай Традыцыяй зьяўляецца ўсходняя Традыцыя. Як быць католікам і адначасова застацца пры праваслаўнай спадчыне? Адзіны варыянт – Грэка-Каталіцкая Царква. На той момант, калі я зрабіў свой выбар, пэўна, я не разважаў такімі катэгорыямі... Але, ведаеце, у Рыма-Каталіцкай Царкве мне дакладна не хацелася быць – я “ня бачыў” сябе там. Тое, што адбывалася ў царкве, для мяне тады было больш “зразумелым”, чым тое, што адбывалася ў касьцёле, а “Откровененные рассказы странника” бліжэй, чым “Трактат аб Найсьвятой Дзеве Марыі” Альфонса Лігуоры...

Дарога да Царквы, да БГКЦ была зусім ня лёгкая і не з фундаментальнага багаслоўя трэба тут пачынаць. Пачаць, напэўна, трэба з узгаданага ўжо мною хросту. Ад гэтай падзеі застаўся дзіцячы ўспамін: блікі сьвечак перад сьвятымі абразамі ў зацямнёным пакоі, цьмяныя постаці нешматлікіх прысутных... А таксама нейкая дзівосная атмасфера. Цяпер я разумею, што была атмасфера асабістай прысутнасьці Госпада.

Ёсьць яшчэ адзін дзіцячы ўспамін, які залічваю да гісторыі свайго духоўнага шляху. Нулявы ці першы клас школы. Настаўніца запытвае: “Хто з вас, дзеці, верыць у Бога?” Вядома, паднялі рукі дзеці баптыстаў. І я разам з імі. Чаму?.. Бабуля мая навучыла мяне, што Бог ёсьць. (Валадарства нябеснае ёй і мая ўдзячнасьць! Была яна да канца жыцьця шчырай праваслаўнай верніцай – спавядалася і прымала сьвятыя Тайны). Настаўніца ж мая кажа: “Бога няма. Людзі ў космас паляцелі – Бога там не знайшлі”. А я падымаю руку зноў і кажу: “А Ён на Сонцы!” Настаўніца: “Ну, дзеці, гэта сьмешна. На Сонцы такая тэмпература, што ніводная жывая істота ня выжыве”. Памятаю дакладна, хацеў адказаць ёй на гэта, што Бог “волшебный” і Яму ўсё роўна, якая на Сонцы тэмпература, але гутарка ўжо была пра іншае... Трэба сказаць, што пасьля гэтага выпадку, хоць я і не атрымаў адказу на свой апошні аргумент, але ў Бога верыць перастаў і сьмяяўся з маёй бабулі... Даруй, Бабуля!

Пытаньне пра Бога нечакана вярнулася да мяне зноў дзесьці ў 10-11 класе. Гэта быў той час, калі я, як і кожны падлетак, хацеў сябе рэалізаваць. Праяўлялася гэта ў тым, што я хацеў “быць самым лепшым”. Я шмат чытаў, навучыўся граць на гітары і ўдзельнічаў у ВІА, гуляў у шахматы, добра вучыўся... Але адчуваў, што, нягледзячы на мае высілкі, “быць найлепшым” не атрымліваецца: знаходзяцца асобы, якія прачытваюць болей кніг, якія лепей граюць на гітары, якія абыгрываюць мяне ў шахматы, і ёсьць тыя, якія лепш за мяне вучацца. Прыкладна ў гэты ж час у маёй бабулі зьявіўся “Новы Запавет”, які яна атрымала як гуманітарную дапамогу. Я прачытаў яго (быў гэта, здаецца, 1993 год) і пагадзіўся, прынамсі тэарэтычна, што Бог – нейкі Абсалют – напэўна, ёсьць. Тады я ня ведаў, якім чынам датычыць мяне Слова Божае, што я прачытаў. Так ці інакш, але я прыняў у сваю “сістэму” сьветапогляду, які тады пачынаў кшталтавацца, ідэю Бога, узяў Яго, што называецца, “да ўвагі”. (Пасьміхаецца – Рэд.) Гэтая “ідэя” прывяла мяне да “веры” ў тое, што напэўна ёсьць-такі нешта ў гэтым жыцьці, дзе я здолею “быць першым”. Цяпер я бачу, наколькі тады мае памкненьні і матывацыі былі эгаістычнымі, але тым ня менш, я перакананы, што Госпад выкарыстаў і гэта, каб падштурхнуць мяне праз мае амбіцыі да сапраўднай веры ў Яго.

Потым быў універсітэт – час самастойнага жыцьця і прыняцьця самастойных рашэньняў. У пэўным сэнсе мая новая сітуацыя выклікала ў маім жыцьці крызіс, які вымагаў новага погляду на рэчы. Напрыклад, я пераканаўся, што не зьяўляюся самадастатковым, што ёсьць таксама жыцьцёвыя абставіны, мацнейшыя за мяне, што я не зьяўляюся нейкай звышвыбітнай асобай, як мне здавалася ў школе, а звычайны студэнт сярэдніх здольнасьцяў і г.д. Усё гэта, а асабліва пэўныя бытавыя цяжкасьці ў інтэрнаце, прывяло да таго, што я, не знаходзячы крыніцы моцы ў самім сабе, каб пераадолець розныя жыцьцёвыя сітуацыі, пачаў шукаць праз малітву іншай Крыніцы моцы. Здаецца, што гэтай першай малітвай і была малітва (па-царкоўнаславянску), якую я зьмясьціў на сваім прыміцыйным абразку: “Госпадзе Ісусе, Хрысьце, Сыне Божы, памілуй мяне, грэшнага”. Так я пачаў маліцца.

У той час, калі я быў на першым курсе ўніверсітэту, у Менску была рэлігійная хваля, на якой таксама падняліся і шматлікія секты. Іх адэпты неаднойчы падыходзілі да мяне на вуліцы і распачыналі гутаркі на рэлігійныя тэмы, часта аргументуючы цытатамі з Бібліі. І аднойчы я задаў сабе пытаньне: хто ж мае рацыю? Гэта для мяне стала вельмі важна. Тут Госпад зноў выкарыстаў мае амбіцыі – я пачаў чытаць Сьвятое Пісаньне, каб быць у стане дыскутаваць і перамагаць у дыскусіях з гэтымі асобамі. Так я пачаў свой уласны пошук.

На першым курсе ўніверсітэту кожную нядзелю я хадзіў у праваслаўную катэдру, стаяў усю службу з нейкай тугой у сэрцы, намагаючыся зразумець, што адбываецца. Адначасова хадзіў “у госьці” да іншых хрысьціянаў. Памятаю, што некалькі разоў прыходзіў да пяцідзясятнікаў. Напрыканцы іх богаслужэньня пастар звычайна заклікаў: “А цяпер тыя, хто хоча прыняць у сваё сэрца Госпада Ісуса Хрыста, няхай выйдуць наперад і мы будзем маліцца за іх”. І я кожны раз выходзіў. Тады я яшчэ ня ведаў, што Ісуса дастаткова прыняць аднойчы... Але я вельмі хацеў, каб Госпад жыў у маім сэрцы. Таксама хадзіў я ў “American Club”. Гэта была тусоўка, якую арганізоўвалі амерыканскія студэнты-пратэстанты з ЗША. Сустрэчы адбываліся ў Палацы шахмат і шашак і складаліся са сьпеваў пад гітару, невялікага навучаньня ды сьведчаньня аб Ісусе Хрысьце. Прыходзілі ў асноўным студэнты. Большасьць з іх, напэўна, шукала ня Бога, але мажлівасьці папрактыкавацца ў ангельскай мове, а таксама з цікавасьці да сапраўдных амерыканцаў.

У лютым 1997 году, у Дзень закаханых, са мною здарыўся выпадак – я зламаў сабе левую руку. Гэта быў пералом ня толькі рукі, але й пералом у маім жыцьці. Незадоўга да гэтага я пачаў хадзіць на малітоўныя спатканьні каталіцкай харызматычнай Супольнасьці сьв. Яна Хрысьціцеля. Гэткім чынам я першы раз блізка пазнаёміўся з Каталіцкай Царквой і каталіцкай моладдзю. Я навязаў таксама кантакты і з тагачасным колам супрацоўнікаў рэдакцыі рыма-каталіцкага выданьня “Ave Maria”, дзе працавала ды проста тусавалася шмат сябраў супольнасьці і дзе я сам пачаў час ад часу дапамагаць у працы (за гэты, карысны для мяне досьвед, мушу скласьці падзяку спадарыні Аліне Новікавай).

У супольнасьці я прабыў каля году, а калі вырашыў выйсьці з яе, то мяне ўжо, здавалася, нічога ня зьвязвала з Каталіцкай Царквой. (Уласна ў гэты час у Супольнасьці сьв. Яна Хрысьціцеля пачаліся непаразуменьні з царкоўным кіраўніцтвам і праз нейкі час пэўная група на чале з лідарам наогул адыйшла ад Каталіцкай Царквы. – Рэд.) Я пачаў падумваць, ці не пачаць мне зноў шукаць “сваю Царкву”. Але ў той час я ўжо ведаў пра такія важныя крытэрыі праўдзівай Царквы Хрыстовай, як апостальская пераемнасьць, сьв. Тайны, і таму ішлося пра тое, каб знайсьці сваё месца ў Каталіцкай або ў Праваслаўнай Царкве. Лацінскі абрад быў для мяне зусім чужы і далёкі, але і ў Праваслаўнай Царкве я ўсё ж не адчуваў сябе “на сваім месцы”. Тады адзін хлопец з супрацоўнікаў рэдакцыі часопісу “Ave Maria”, з якім я пачаў тады сябраваць і які быў грэка-католікам, падказаў мне, што я магу застацца праваслаўным у Каталіцкай Царкве. Гэта мяне заінтрыгавала, а праз нейкі час я ўжо стаў прыходзіць у грэка-каталіцкую парафію сьв. Язэпа, дзе душпастырам у той час быў а. Ян Матусевіч.

– Як бы Вы адказалі на пытаньне: “Навошта ў Беларусі адраджаецца Грэка-Каталіцкая Царква? У чым яе адметнасьць?”

– Гэта нялёгкае пытаньне, вельмі нялёгкае. Не бяруся адказаць на гэтае пытаньне ў поўнай меры. Аднак магу прапанаваць тут некалькі тэзісаў, якія, на маю думку, павінны легчы ў аснову разважаньняў пра тоеснасьць нашай Царквы і пра тое, дзеля чаго яна існуе. Першы тэзіс: нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква – гэта Ўсходняя Царква. Усходняя Царква – гэта ня толькі абрад, але таксама ўсходняя Традыцыя. Кожнаму з нас, хто лічыць сябе грэка-католікам, належыць ня толькі на словах у гэтым пераканацца. Другі тэзіс – гэта нашая лучнасьць з Апосталам Пятром нашых часоў, з Апостальскай Сталіцай. Папа, як хтосьці трапна сказаў, зьяўляецца для нас сьцягам на полі змаганьня. Ваяр, калі бачыць свой сьцяг, ведае, куды яму ісьці. Трэці тэзіс – гэта беларуская мова ў нашай Царкве. Ісус Хрыстос збаўляе нас у канкрэтнай нашай сітуацыі. А наша сітуацыя – гэта Беларусь, з нашай мовай і культурай. Каб нам збавіцца, нам трэба вярнуцца да саміх сябе, у тым ліку да сваёй мовы. Думаю, праз тое, што нашая Беларуская Грэка- Каталіцкая Царква спалучае гэтыя тры элементы, яна і зьяўляецца ўнікальнай.

– Вы ўжо ўзгадвалі, што перад тым як пайсьці ў семінарыю, Вы вучыліся ва ўніверсітэце. Дзе вучыліся і якую адукацыю атрымалі?

– Так, з 1995 па 2000 год у Менску я навучаўся на механіка-матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту па сьпецыяльнасьці “Матэматычная электроніка”. Скончыў універсітэт у 2000 годзе і атрымаў дыплом матэматыка-сістэматэхніка.

– Цікава, а як такая адукацыя стасуецца з Вашым выбарам як сьвятара, ці дапамагае на абраным шляху сьвятарства?

– Перадусім, я матэматык па адукацыі, але не матэматык па пакліканьні. Што такое матэматыка я пачаў разумець на другім ці трэцім курсе, таксама як зразумеў, што нягледзячы на тое, што яна мне вельмі падабаецца, гэта не маё месца ў жыцьці. Тым ня менш, матэматыка навучыла мяне пасьлядоўнасьці. Менавіта таму я вырашыў давяршыць сваю вучобу на мехмаце, а ня кінуць яе.

Матэматыка – гэта класная навука, і я зусім не шкадую, што пяць гадоў яе вывучаў. Перакананы, што і ў гэтым быў провід Госпада, бо матэматыка вучыла мяне думаць: думаць абстрактна, думаць па-рознаму. А таксама яна вучыла мяне абгрунтоўваць ці даказваць сваё меркаваньне, вучыла слухаць іншых і разумець іх, апісваць зьявы і аналізаваць іх. Матэматыка вучыла мяне дыялогу, а таксама адказнасьці за выказаныя мною сьцьверджаньні. Думаю, пагодзіцеся са мною, што гэтыя здольнасьці патрэбныя ў кожнай галіне чалавечай дзейнасьці.

– Ці дасягненьні сучаснай навукі і імкненьне чалавецтва да новых ведаў ня ёсьць сёньня перашкодай для веры ў Бога?

– Не, лічу, што гэта не зьяўляецца перашкодай. Навука займаецца дасьледаваньнем створанага Богам сьвету. Вера ж мае дачыненьне да Бога, які знаходзіцца па-за гэтым створаным сьветам. Гэткім чынам вера і навука знаходзяцца ў розных плоскасьцях, адна другой не супярэчаць.

– Як ставіліся да веры, да Бога Вашы ўніверсітэцкія выкладчыкі?

– Скажу так: чым больш выкладчык быў дасьведчаны ў сваёй галіне ведаў, тым больш сур’ёзна ён ставіўся да Бога. І гэта цалкам зразумела. Сапраўдны сьпецыяліст разумее сваю абмежаванасьць у пазнаньні. Фізікі з часоў Эйнштэйна няшмат новага адкрылі. Рызыкну нават сказаць, што сучасная фізіка знаходзіцца ў тупіку, бо ня можа патлумачыць тыя зьявы, якія адкрыты, напрыклад, у квантавай фізіцы.

Ва ўніверсітэце мы мелі факультатыўны курс “Біблія як культурны помнік літаратуры”. Але падача матэрыялу выкладчыкам была аднабокая і вельмі тэндэнцыйная. Гэта быў па сутнасьці курс ваяўнічага атэізму, праз які выкладчык насьміхаўся з Бібліі і веры ў Бога.

На маю думку, існуе такая тэндэнцыя, што людзі, якія займаюцца дакладнымі навукамі, больш схільныя сёньня да веры ў Бога, чым гуманітарыі.

– На Вашую думку, чаго прагне сёньня моладзь? Ці шукае моладзь Бога?

– Цяжка мне сказаць пра цяперашнюю моладзь, бо ў сучасным сьвеце розьніца ўжо нават у пару гадоў стварае цалкам новае пакаленьне з іншымі зацікаўленьнямі і новай субкультурай... Але, мяркую, што прадстаўнік кожнага пакаленьня стаіць перад выбарам, якой дарогай пайсьці. У мае студэнцкія часы я назіраў, як такія самыя студэнты, як і я, абіралі кожны сваю дарогу: былі такія, што не выходзілі з чытальнае залы, а былі і тыя, што ніколі ў яе не заходзілі, хтосьці цікавіўся тэатрам і операй, а іншыя цікавіліся выключна моцнымі напоямі. Як сьпяваецца ў адной бардаўскай песьні: “Каждый выбирает по себе: женщину, религию, дорогу. Дьяволу служить или пророку – каждый выбирает по себе”.

Ці шукае моладзь Бога? Думаю, што ў той самай ступені, як і іншыя людзі. Залежыць гэта таксама ад асобы. Мне пашанцавала, бо ў свае студэнцкія гады я сустрэў шмат такіх асобаў, якім не было абыякава тое, куды яны ідуць. У інтэрнаце я і яшчэ некалькі маіх сяброў сябравалі з дзяўчатамі-філолагамі, якія жылі ў адным пакоі, дык усе яны зьвязалі сваё жыцьцё з верай, з Богам. Цікава, што адна з іх стала праваслаўнай манахіняй, а другая – рыма-каталіцкай. З апошняй, сястрой Ігнаціяй, я нядаўна сустракаўся. Разам з прыемнасьцю ўзгадвалі студэнцкія гады... Хлопцы ў манастыр не пайшлі, але ведаю, што яны ідуць у гэтым жыцьці разам з Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. Адзін з маіх лепшых сяброў – Алесь Аўдзяюк, з якім мы разам закончылі механіка-матэматычны факультэт і нават жылі напрацягу году ў адным пакоі ў інтэрнаце, пайшоў у семінарыю і цяпер вучыцца ў Нямеччыне ў Айхштэце. Ён ужо грэка-каталіцкі іпадыякан. Няхай Госпад і далей бласлаўляе яго на шляху да сьвятарства.

– Сярод моладзі сёньня надзвычай папулярныя творы Джона Рона Роўэла Толкіна, асабліва яго “Хобіт”, “Уладар пярсьцёнкаў”. Ведаю, што і Вы далёка неабыякавы да творчасьці Толкіна. Больш за тое, нават сваю магістарскую працу ў семінарыі Вы прысьвяцілі дасьледаваньню яго творчасьці...

– Так, сапраўды, я напісаў і абараніў магістарскую працу “Указаньне маральных каштоўнасьцяў ва “Уладары пярсьцёнкаў” Дж.Р.Р.Толкіна”.

– Як і чаму нарадзілася думка абраць такую арыгінальную для выхаванца духоўнай семінарыі тэму навуковай працы? Наогул, што Вас так зацікавіла ў творах Толкіна?

– “Уладар пярсьцёнкаў” – гэта тая кніга, якая мяне моцна зацікавіла яшчэ ў студэнцкія гады, а па вялікім рахунку – яшчэ раней. Мой сябра быў талкіністам. З ім мы чыталі і абмяркоўвалі Толкіна. Твор Джона Рона Роўэла Толкіна “Уладар пярсьцёнкаў”, напісаны ў 1950-ыя гады, для многіх людзей усё яшчэ асацыюецца хутчэй з лёгкай забавай, з нечым несур’ёзным, чым з указаньнем “нейкіх там” маральных каштоўнасьцяў. Нават сама пастаноўка праблемы ў тэме маёй працы – “Указаньне маральных каштоўнасьцяў ва “Ўладары пярсьцёнкаў” – можа падацца неўласьцівай, бо ці ж ня ёсьць марнаваньнем часу напісаньне працы, што мае на мэце ўказаньне маральных каштоўнасьцяў у “Чырвоным Каптурку”? Ці ёсьць гэта справа, годная ўвагі тэалогіі?

Сваёй працай я спрабую якраз паказаць, што творчасьць Толкіна можа быць прадметам вывучэньня тэалогіі. А яго “Уладар пярсьцёнкаў” – гэта ня проста адна з кніг гатунку “фэнтэзі”, якіх цяпер шмат у любым шапіку, але вельмі глыбокі твор. Толкін пры дапамозе міталагічнай мовы, якую сам стварыў, абвяшчае Евангельле. Так, у яго вы не сустрэнеце ані слова “Бог”, ані “Хрыстос”, але затое сустрэнецеся з гераізмам. Гераізм – гэта дабрадзейнасьць, на якую накладаецца шмат іншых дабрадзейнасьцяў. І ён у Толкіна па-сапраўднаму хрысьціянскі, бо, як напісаў адзін з дасьледчыкаў Толкіна, “гераізм ва “Уладары пярсьцёнкаў” зьяўляецца гераізмам, даступным ня толькі “вялікім і моцным”, але і “малым і пакорным”.

– Як паставіліся да Вашага выбару тэмы навуковай працы выкладчыкі духоўнай семінарыі, калегі-семінарысты? Канешне, тэма маёй працы, заўсёды выклікала зьдзіўленьне. Таксама не бракавала і жартаў з боку маіх калегаў па семінарыі, якія любілі запытвацца, наколькі далёка я зайшоў у навуцы “хобіталогіі”. Што да выкладчыкаў, то, напэўна, яны ставіліся падобна – мне здавалася, што ніхто ўсур’ёз не ўспрымаў маю тэму. (Пасьміхаецца – Рэд.). Што да мяне, то пры выбары тэмы я проста хацеў, каб мне самому было цікава займацца маёй магістарскай працай. Вось і атрымалася нешта на мяжы маральнай тэалогіі і літаратуры...

– Ці цяжка было знайсьці навуковага кіраўніка для такой працы?

– Справа ў тым, што я спачатку шукаў навуковага кіраўніка, а потым ужо выбіраў тэму. Я маю досьвед універсітэту і ведаю, што ня важна, на якую тэму ты пішаш, але вельмі важна, у каго ты будзеш яе пісаць. Для мяне галоўным крытэрам было тое, каб можна было размаўляць, абмяркоўваць тэму з маім кіраўніком, атрымліваць ад яго добрыя кансультацыі і парады, і, да таго ж, каб гэты чалавек быў адкрыты на штосьці новае і ўвогуле на студэнта... Айцец доктар Славамір Мазур, прэфект семінарыі ў Драгічыне, цалкам адпавядаў гэтым маім патрабаваньням, і я ўдзячны яму за кіраўніцтва падчас напісаньня працы.

– Чуў, што пасьля перапісу насельніцтва ў Расеі, дзе кожны самастойна мог вызначыць сваю нацыянальнасьць, “выявілася” шмат хобітаў... Што Вы думаеце пра гэтую зьяву?

– Думаю, што трэба перадусім даведацца матывацыі тых людзей, якія сябе так акрэсьлілі. У той час, калі Толкін раптам стаў папулярным у ЗША, на сьценах дамоў можна было сустрэць такія надпісы, як “Гэндальфа ў прэзідэнты” і інш. (Гэндальф – чараўнік, адзін з галоўных герояў “Уладара пярсьцёнкаў” – Рэд.). Мяркую, што гэта рэакцыя людзей, якія думаюць і шукаюць, рэакцыя на стан грамадзтва, у пэўным сэнсе пратэст на мяшчанскую абыякавасьць, спроба справакаваць людзей да мысьленьня і сказаць, што яны заўсёды маюць свой выбар. Думаю, падобны намер мела прынамсі частка з тых “хобітаў”. Магчыма, яны з тых нешматлікіх людзей, якія ведаюць, хто яны ёсьць насамрэч...

– Героем многіх дзяцей і падлеткаў сёньня стаў Гары Потэр – хлопчык, прыгодам якога ангельская пісьменьніца Роўлінг прысьвяціла ўжо шэсьць кніг. Нягледзячы на тое, што яе творы выклікаюць вялікую цікавасьць у дзяцей, з боку некаторых хрысьціянаў – праваслаўных, а таксама каталікоў ды пратэстантаў – можна пачуць рэзкую крытыку гэтых твораў і нават заявы пра шкоднасьць іх для дзяцей, бо там шмат магіі і чараўніцтва. Даводзілася чуць, што ад асобных сьвятароў былі нават прапановы запытваць у дзяцей на споведзі, ці не чыталі яны творы пра Гары Потэра... Што думаеце пра гэты твор і яго такія катэгарычныя ацэнкі?

– Падчас маёй вучобы ў духоўнай семінарыі была такая сітуацыя ў аўдыторыі, калі адзін сьвятар пачаў ганіць “Гары”. Я запытаў яго: “Ці Вы чыталі кнігу?” На гэта ён адказаў, што не чытаў. Майму зьдзіўленьню не было межаў: выявілася, што свае высновы ён зрабіў на падставе прачытаных адмоўных артыкулаў.

Я прачытаў другую, трэцюю, чацьвёртую і пятую кнігі пра Гары Потэра. Таксама як і розныя крытычныя артыкулы пра кнігі пісьменьніцы Роўлінг. Нават Папы Рымскія не засталіся абыякавымі да гэтага твору: Ян Павел ІІ быў ня супраць, а Бенядыкт XVI – ня за. Я больш схіляюся ў ацэнках да Яна Паўла ІІ. Кніга мне падабаецца. У ёй мовай казкі праўдзіва распавядаецца пра жыцьцё, а таксама сьмерць: у ёй не паміраюць “панарошку”, у ёй паміраюць па-сапраўднаму. Калі ж казаць пра шкоднасьць... Магу адказаць коратка, перафразоўваючы Ўладзіміра Высоцкага: калі вы лічыце, што гэта шкодная кніга – значыць, вы проста не чыталі шкодных кнігаў.

– Раскажыце трошкі пра сябе, пра Вашу сям’ю і Вашыя карані.

– Сам я паходжу з Століна Берасьцейскай вобласьці, са звычайнай сям’і. Бацька – Іван Паўлавіч, быў супрацоўнікам столінскай саніпедэмстанцыі, цяпер на пенсіі, маці – Галіна Аляксандраўна, урач-педыятр, на пенсіі, але яшчэ працуе. Сам я жанаты – маю жонку Алену. У нас ёсьць дачка Сафія, якой 8 месяцаў. Алена па адукацыі інжынер-сістэматэхнік. Чакала мяне з семінарыі два з паловай гады.

– Напрыканцы дазвольце маленькае бліц-апытаньне. Чым Вы любіце займацца ў вольны час?

– Вольны час я праводжу з сям’ёй. Люблю чытаць кнігі, глядзець анімэ, гуляць у інтэлектуальныя гульні – шахматы, го-вэйцы (праўда, апошні час гуляць няма з кім).

– Які Ваш любімы від спорту?

– Рэгбі. Іграў аднойчы ў семінарыі, а палюбіў на ўсё жыцьцё. (Сьмяецца – Рэд.).

– Якую музыку Вы любіце слухаць?

– Беларускі і расейкі рок. Бардаў.

– Хто Вашыя ўлюбёныя пісьменьнікі? Пра стаўленьне да Толкіна можаце не распавядаць, мы ўжо ведаем...

– Любімы пісьменьнік той, кнігу якога ў дадзены момант чытаю. Люблю вяртацца да ўлюбёных англамоўных аўтараў: Артура Конан Дойля, Клайва Льюіса, Марка Твэна...

– Што Вы цяпер чытаеце і якія з апошніх прачытаных кніг Вы б асабліва параілі прачытаць чытачам “Царквы”?

– Варта прачытаць Томаса Мэртана “Разважаньні на самоце” (“Одинокие думы”), сам чытаю цяпер “Сіла і слава” Грэма Грына. Яе таксама раю прачытаць.

– Якая падзея ў хрысьціянскім жыцьці сьвету ў апошні час падалася Вам найбольш цікавай і вартай увагі?

– Зьяўленьне адгартацыі “Sacramentum Caritatis” Бенядыкта XVI.

– Якія словы з Сьвятога Пісаньня прымусілі Вас нядаўна задумацца або па-іншаму глянуць на іх значэньне?

– “Назірайце ж за тым, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дадзена бу­дзе, а хто ня мае, у таго адымецца й тое, што ён думае мець” (Лк 8, 18).

– Дзякуй за размову!

Гутарыў Ігар БАРАНОЎСКІ

На фота: Андрэй Буйніч.
Нарадзіўся 19.04.1978 у г.Столін Берасьцейскай вобласьці.
Жанаты, мае жонку Алену і дачку Сафію.
У 1995-2000 гг. навучаўся ў Менску ў БДУ
на механіка-матэматычным факультэце па сьпецыяльнасьці “Матэматычная электроніка”.
Атрымаў дыплом матэматыка-сістэматэхніка. З 2000 г. – семінарыст БГКЦ.
Быў адказным за падрыхтоўку і выпуск старонак грэка-каталіцкіх семінарыстаў “Разам”.
У 2006 г. скончыў Вышэйшую духоўную рыма-каталіцкую семінарыю ў Драгічыне (Польшча). Магістар багаслоўя.
Дыяканскія сьвячаньні атрымаў 12 чэрвеня 2006 г. з рук біскупа Сафрона Мудрага.
17 сьнежня 2006 г. у Івана-Франкоўску (Украіна) гэты ж Уладыка ўдзяліў яму і сьв. Тайну Сьвятарства.


Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)