Царква
Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:12)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (55), 2007

498 новамучанікаў гішпанскіх

Самая вялікая ў гісторыі Каталіцкай Царквы па колькасьці блаславёных беатыфікацыя мела месца 28 кастрычніка 2007 г. на Плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане. У рамках урачыстай службы, якую ад імя Сьвятога Айца Бенядыкта XVI узначаліў Прэфект Кангрэгацыі па справах сьвятых, партугальскі кардынал Жазэ Сараіва Марцінш, было праслаўлена 498 мучанікаў, ахвяраў перасьледу Каталіцкай Царквы ў Гішпаніі ў 30‐ых гадах ХХ стагоддзя.

Сярод 498 новамучанікаў — два біскупы. Астатнія ж - гэта пераважна прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх ордэнаў і кангрэгацый, а таксама 24 дыяцэзіяльныя сьвятары, 1 дыякан, 1 субдыякан, 1 семінарыст і 7 сьвецкіх вернікаў. Разам з 493 гішпанцамі да славы алтара былі ўзьнесеныя 5 іншаземцаў, сярод якіх айцец Жазэ Лопес Пітэйра, аўгустыянін, які стаў першым блаславёным з Кубы. На момант сьмерці ім было ад 16 да 78 гадоў. Наймалодшаму блаславёнаму Федэрыка Коба Суарэсу было 16 гадоў, калі ён быў забіты ў 1936 г. у Мадрыдзе.

Група з 498 мучанікаў, якія былі ўзьнесеныя да славы алтара 28 кастрычніка,— гэта толькі невялікая частка з больш за 10 тысячаў чалавек, якія загінулі падчас рэлігійнага перасьледу ў Гішпаніі у 30‐х гадах мінулага стагоддзя. Гістарычныя факты сьведчаць пра тое, што перасьлед Каталіцкай Царквы ў Гішпаніі распачаўся ўжо ў траўні 1931 г.

, калі пасьля падзеньня манархіі была абвешчана рэспубліка. З гэтага моманту з ініцыятывы рэспубліканскага ўраду была прынятая канцэпцыя сьвецкай дзяржавы. Публічная рэлігійная дзейнасьць была забаронена на тэрыторыі ўсёй краіны, яе асобныя формы былі абмежаваныя. З дапамогай шырокай антыклерыкальнай прапаганды і паклёпніцкай кампаніі супраць Царквы была зроблена спроба зьнішчыць багатую рэлігійную традыцыю гішпанскага народу.

Як вынік — ужо ў першай палове траўня 1931 г. у Мадрыдзе, Алікантэ, Севільі, Валенсіі, Мурсіі, Малазе, Кадзісе адбываліся гвалтоўныя, скіраваныя супраць духавенства, маніфестацыі, напады на царкоўныя будынкі, падпалы і рабункі храмаў і манастыроў. Пасьля справа дайшла да забойстваў сьвятароў і манахаў. Шматлікія пратэсты супраць левага ўраду прывялі ў 1936 г. да грамадзянскай вайны. Адразу пасьля яе пачатку радыкальныя сацыялісты, анархісты і камуністы распачалі адкрыты перасьлед Каталіцкай Царквы. Уся Гішпанія была залітая крывёю забітых біскупаў, сьвятароў, манахаў, манахiнь, сьвецкіх католікаў. Непасрэдны перасьлед закрануў дзясяткі тысячаў вернікаў.

Матывам рэпрэсій не былі палітычныя перакананьні рэпрэсаваных асобаў, а толькі нянавісьць, якую каты мелі ў адносінах да рэлігіі, хрысьціянскай веры, Каталіцкай Царквы і Бога. Перасьлед хрысьціянаў у Гішпаніі характарызаваўся асаблівай жорсткасьцю. Амаль усім выпадкам забойстваў папярэднічаў фізічны і псіхалагічны гвалт. Зьвязаныя з камуністамі сілы зьнішчалі ўсё, што мела хоць якую‐небудзь сувязь з Каталіцкай Царквой.

Рабаваліся, спальваліся і разбураліся цэрквы, манастыры, духоўныя семінарыі і сядзібы каталіцкіх супольнасьцяў. У перасьледзе Каталіцкай Царквы гішпанскім рэвалюцыянерам дапамагалі савецкія камуністы і міжнародныя брыгады. Х’ю Томас, аўтар кнігі пра грамадзянскую вайну ў Гішпаніі, сьцвярджае: «Магчыма, ні ў адну іншую эпоху гісторыі Еўропы, а, можа, і сьвету, не праяўлялася такая нянавісьць да рэлігіі і да ўсяго, што мела да яе якое‐небудзь дачыненьне».

Падчас перасьледу Царквы ў Гішпаніі ў 30‐я гады ХХ стагоддзя мучаніцкую сьмерць прынялі 6832 духоўныя асобы. Сярод іх было 4184 дыяцэзіяльныя сьвятары, 13 біскупаў; 2365 манахаў і 238 манахiнь. Гэта складала 13 адсоткаў ад усяго дыяцэзіяльнага духавенства і 23 адсоткі манаскага духавенства. Трэба ўзгадаць, што 11 сакавіка 2001 г. Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ узьнёс да славы алтара 233 духоўныя і сьвецкія асобы, якія загінулі за веру падчас перасьледу Каталіцкай Царквы ў Гішпаніі ў 1936–1939 гадах.

Паводле Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)