Царква
Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое; і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той
(Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце 3:24-25)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (56), 2008

Крыніцы духу

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Стаць надзеяй у нашым сьвеце
Казаньне на сьвяце парафіі Праведнага Язэпа ў Менску, 30.12.2007.

Глыбокапаважаныя ў Валадарстве Пана Браты і Сёстры!
Дзякую Богу за магчымасьць сёньня маліцца разам з вамі. Мы добра ведаем, які вялікі Каталіцкі Касьцёл, у каторым многа абрадаў, ня толькі лацінскі, таксама і ўсходнія абрады, сярод якіх і грэка-каталіцкі. І сёньня я з вялікай радасьцю прыняў запрашэньне архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў у Беларусі, каб разам з вамі ў гэты сьвяточны час мець Імшу.


Каталіцкі Касьцёл лацінскага абраду адзначае сёньня ўрачыстасьць Сьвятой Сям’і. Паводле грэка-каталіцкага календара вы ўспамінаеце сёньня сьвятога Язэпа, які зьяўляецца Апекуном вашай Супольнасьці – першай грэка-каталіцкай парафіі тут, у Менску.

Ня можна гаварыць пра Сьвятую Сям’ю, не гаворачы пра сьвятога Язэпа. Бо Сьвятая Сям’я – гэта Езус, Марыя і Язэп. Ня многа знойдзем зьвестак у Сьвятым Пісаньні пра сьвятога Язэпа. Але ёсьць некалькі вельмі важных словаў, а, можа, толькі два словы: «муж справядлівы». Так абвясьціла яго Евангельле. Што гэта значыць: справядлівы? Гэта значыць, што ён чалавек, каторы жыве паводле права Божага, чалавек, каторы любіць Бога, чалавек, каторы слухаецца Яго волі.

Разгледзім некаторыя іншыя зьвесткі пра жыцьцё і дзейнасьць сьвятога Язэпа – чалавека, які сапраўды слухаецца волі Божай. Успомнім тую хвіліну, калі яму трэба было ўзяць да сваёй хаты Дзеву Марыю, і ён убачыў, што яна цяжарная. Ён не хацеў зьняславіць Яе, хацеў Яе адпусьціць. Але тады Анёл Панскі яму кажа вельмі важную рэч, ён пасьвячае яго ў таямніцу збаўленьня, што Той, Хто народзіцца з Дзевы Марыі, будзе Сьвятым, што Яна народзіць сьвету Збаўцу. Язэп прымае гэтыя словы як словы Самога Бога. Таксама, як і Дзева Марыя прыняла словы Арханёла Габрыэля падчас Зьвеставаньня, калі той сказаў, што Яна праз Бога была выбраная стаць Маці Збаўцы. Яна тады сказала: «Так, я згаджаюся з воляй Божай». Яна надта не разумела, як гэта здарыцца, але пад Яе сэрцам пачало біцца сэрца Збаўцы. І цяпер у гэтую таямніцу быў пасьвячаны і сьвяты Язэп. Ён таксама гаворыць сваё «так», ён таксама згаджаецца з воляй Божай. Якую веру мусіў мець гэты чалавек? Можа, гэта сон, можа, гэта прыдалося? А ён прымае гэта з чыстым сэрцам. Бо ён быў «муж справядлівы», чалавек, каторы хацеў жыць паводле волі Божай.

Далей Язэп ідзе да Бэтлеему, каб запісацца, бо такі быў парадак. А яшчэ далей, сёньняшняе Евангельле нам гаворыць, што калі рука Ірада паднялася супраць нованароджаных дзяцей, бэтлеемскіх немаўлятаў, Язэп зноў прымае голас Анёла. Ён зноў слухаецца яго, бо гэта голас самога Бога. Ідзе, каб уратаваць Езуса, бо рука Ірада паднялася, Ірад нішчыць усіх, хто ва ўзросьце да двух гадоў, каб зьнішчыць Бэтлеемскае Дзіця. Ірад хацеў зьнішчыць Езуса, бо баяўся за сваю ўладу. Сьвяты Язэп ідзе да Ягіпту. А калі зноў прыйшоў час, калі памёр Ірад, ён вяртаецца. Язэп хацеў вярнуцца ў Бэтлеем, але вяртаецца ў Назарэт, каб споўнілася Пісаньне.

«Што ж добрага можа быць з Назарэту?» Можа! Бо з Назарэту прыйшоў Той, каторы стаў Збаўцам сьвету. Ён там узрастаў у доме Язэпа і Марыі. Язэп, як Яго выбраны апякун і апякун Маці Божай, быў заклапочаны тым, каб выхоўваць належным спосабам Дзіцятка Езус. Ведаем, што Бацькі Езуса хадзілі да сьвятыні Ерусалімскай, ведаем таксама, што Езус там застаўся, і Язэп разам з Марыяй Яго шукалі. І тады што сказаў дванаццацігадовы Езус да іх? Ён сказаў: «Мне трэба быць у справах Майго Нябеснага Айца». Што гэта значыць, быць у справах Нябеснага Айца? Гэта значыць жыць Богам, гэта значыць жыць так, як хоча Бог, гэта значыць жыць справядліва!

Сёньняшняя сям’я перажывае вялікі крызіс. Ці сёньня бацькі клапоцяцца пра тое, каб іх дзеці былі ў справах Божых? Ці сёньня бацькі клапоцяцца пра тое, каб завесьці дзіця да касьцёлу, да царквы? Каб разам з імі распачаць дзень малітваю і закончыць дзень малітваю? Калі ў Беларусі не было сьвятароў, калі не было адчыненых храмаў, калі не было магчымасьці свабодна маліцца – успомнім тыя часы – хто перадаў веру для нас? Нашыя бацькі! Яны былі справядлівыя, яны былі падобныя да Язэпа. Сёньня гэтыя пытаньні ставіць перад намі Царква, ставіць перад намі Сьвяты Айцец, ставіць перад намі Бог. Бо сям’я – гэта пачатак усякай супольнасьці, гэта той фундамент, на каторым супольнасьць расьце, з якога яна вырастае, дзе выхоўваецца гэтая супольнасьць. Ні дзіцячы садок, ні школа, ні ўніверсітэт, ніхто не выхавае маладога чалавека да жыцьця, толькі сям’я. І ў гэтай сям’і, напэўна, вялікая роля маці, але вялікая роля і бацькі. І сёньняшнія бацькі мусяць быць гэтымі «мужамі справядлівымі», мусяць быць ужо Язэпамі дваццаць першага стагоддзя.

На жаль, сёньня чалавек усё часьцей і часьцей у нашым сэкулярызаваным сьвеце жыве так, як бы Бога зусім не было. Можа, час ад часу прыйдзе да царквы, можа, трохі памоліцца, а потым далей: «Ты, Пане Божа, застанься тут і не перашкаджай мне, бо я буду жыць сваім жыцьцём». Сёньня справы матэрыяльныя яго больш цікавяць. Сёньня замест таго, каб будаваць цывілізацыю любові, мы будуем цывілізацыю сьмерці. Бо колькі разводаў, колькі забойстваў ненароджанага жыцьця! А гэта ж жыцьцё! Кожны эмбрыён – гэта ўжо жыцьцё!

Сёньня такія пытаньні і да іх падобныя мусім мы сабе ставіць. Бо сёньня патрэбныя людзі фармату сьвятога Язэпа, паўтаруся яшчэ раз, Язэпа ўжо дваццаць першага стагоддзя, каторы хоча жыць праўдай Божай, каторы Бога ставіць на першае месца, а не разьлічвае толькі на свае фізічныя сілы, на свой інтэлект, на дасягненьні навукі. Усё гэта добра, але гэта ніколі не заменіць справаў духоўных, гэта ніколі не заменіць духоўнага выхаваньня чалавека, яго духоўнай фармацыі. Мы ведаем, як многа імперыяў будавалі сваю будучыню на дасягненьнях навукі, на сваім розуме, на інтэлекце, ці на іншай сіле. Дзе яны сёньня? Засталіся на старонках гісторыі. Напэўна, добра, што разьвіваецца навука, але мы добра ведаем, што атам можа лячыць, але таксама можа і калечыць. Мы добра ведаем Чарнобыльскую трагедыю, ці Хірасіму, ці Нагасакі. Мы таксама цешымся з разьвіцьця іншых навук, медычных навук, але ж мы добра ведаем, што ў гэтых добрых лякарскіх кабінетах, абстаўленых па апошніх дасягненьнях медычнай навукі, сёньня рука Ірада дваццаць першага стагоддзя забівае ненароджаных дзяцей.

Гэтыя ёсьць праблемы, на каторыя трэба сёньня адказаць. Да гэтага заклікае нас сёньняшняе сьвята. Сьвята Сьвятой Сям’і і Ўспамін сьвятога Язэпа.

Браты і Сёстры!

Вашая Супольнасьць ня надта вялікая, але зерне таксама ёсьць малое. Але яно потым дае ўсходы, прыносіць свае плёны, новае зерне прыносіць. І таксама, можа, ніхто і ня ведаў бы пра гэтага Язэпа, можа, ніхто і ня чуў бы пра яго. Але сёньня Царква паўтарае яго імя, бо ён упісаўся ў нашую гісторыю, ён зьяўляецца апекуном Царквы, ён зьяўляецца нашым апекуном.

Сёньня я прашу разам з вамі Бога, каб Ён апекаваўся вашай парафіяльнай Супольнасьцю, каб яна была справядлівай перад Богам і перад людзьмі, каб яна жыла Богам ня толькі падчас набажэнстваў у царкве, але каб яна жыла Богам і за парогам царквы. Каб яна была сьведкам Езуса, каторы прыйшоў на гэты сьвет у Бэтлееме. Таго ж самага Езуса, каторы адкупіў нас на Галгофе, Таго ж самага Езуса, каторы вядзе нас у новае жыцьцё.

Сьвяты Айцец Бенядыкт ХІV зусім нядаўна, у Адвэнце, выдаў сваю найноўшую энцыкліку, каторая распачынаецца лацінскімі словамі «Spe salvi», гэта значыць «Мы выратаваныя, збаўленыя ў надзеі». І гэтая надзея – як піша Сьвяты Айцец Бенядыкт ХІV – зьяўляецца ў нашым Пану, нашым Госпадзе Езусе Хрысьце.

Няхай той, каторы песьціў Дзіцятка Езус, песьціць усіх вас, гэтую вашую супольнасьць, каб яна сталася новай надзеяй у нашым сьвеце, для нашага збаўленьня і на хвалу Пана Бога. Амэн.

Гэты артыкул чыталі 4 разоў (-ы)