Царква
Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, аўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 4:4)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (58), 2008

Парафіяльнае жыцьцё

Малітоўны ўспамін блаславёнай Мар’яны Бярнацкай

Гарадзенскія грэка-каталікі 13 ліпеня 2008 году ўшанавалі памяць блаславёнай часоў II Сусьветнай вайны, якая мае ўніяцкія карані.

Вёска Навумавічы – адна з шматлікіх вёсак у ваколіцах Горадні. Аднак для каталікоў гораду над Нёманам – гэта асаблівае месца. Каля вёскі Навумавічы, што за 10 кіламетраў ад гораду, на старых фартах часоў I Сусьветнай вайны ў часы ІІ Сусьветнай вайны фашысты праводзілі расстрэлы мірных жыхароў Горадні і ваколіцаў, сярод іх былі каталіцкія сьвятары, манахі і манахіні, простыя вернікі. Усяго падчас расстрэлаў 20 кастрычніка 1942 году, а таксама 13 і 15 ліпеня 1943 году каля Навумавічаў былі забітыя каля дзьвюх соцень чалавек. На сёньняшні дзень удалося выявіць 150 імёнаў расстраляных людзей.

Дзень 13 ліпеня стаў для гарадзенскіх каталікоў днём малітоўнага ўспаміну тых, хто загінуў каля Навумавічаў. У гэты дзень у 1943 годзе была расстраляная Мар’яна Бярнацкая – простая жанчына з Ліпска (мястэчка кіламетраў за дваццаць ад Горадні, якое знаходзіцца сёньня ў Польшчы). Ліпск і ваколіцы гістарычна непарыўна былі шчыльна зьвязаныя з Сапоцкінскім краем да 1945 году, калі была ўстаноўлена новая беларуска-польская мяжа. У часы Уніі мястэчка было цэнтрам адной з уніяцкіх парафіяў Аўгустоўскага дэканату, які ахопліваў таксама паўночную частку сёньняшняга Гарадзенскага раёну і ўваходзіў у склад Холмскай уніяцкай япархіі. Як вядома, гэтая ўніяцкая япархія праіснавала да 1875 году. Таму Сапоцкінскі край быў адзіным рэгіёнам сучаснай Беларусі, дзе ўніяцтва не было зьнішчанае і заставалася пасьля полацкага сабору 1839 году.

Блаславёная Мар’яна нарадзілася ў сям’і ўніятаў, гвалтам запісаных у праваслаўе, якія на справе захоўвалі каталіцкую веру. Вядома, што ў Ліпску ўніяты, зачыніўшыся ў царкве, доўгі час не пускалі царскіх чыноўнікаў і праваслаўнага сьвятара, якім удалося забраць сьвятыню толькі з дапамогай казацкіх нагаек. Дакладная дата нараджэньня Мар’яны Бярнацкай невядомая, але прынята лічыць, што яна нарадзілася ў 1888 годзе. Такім чынам сёлета прыпаў падвойны юбілей — 120-годдзе яе нараджэньня і 65-ая гадавіна мучаніцкай сьмерці.

Падчас апошняй вайны гэтая кабета, якая была ўжо ў сталым веку, жыла разам з сям’ёй свайго сына. Пасьля забіцьця партызанамі ў Ліпску нямецкага жаўнера акупанты вырашылі адпомсьціць і ўзяць у закладнікі мірных жыхароў мястэчка, у сьпіс якіх трапілі сын і цяжарная нявестка Блаславёнай. Калі ў дом Бярнацкіх зайшоў узброены нямецкі жаўнер, каб забраць сына і нявестку, Мар’яна Бярнацкая пачала на каленях прасіць яго ўзяць яе замест цяжарнай нявесткі, каб пайсьці такім чынам на верную сьмерць, але ўратаваць ёй жыцьцё і жыцьцё будучаму дзіцяці.

Разам з іншымі закладнікамі Мар’яна Бярнацкая была расстраляная на навумавіцкіх фартах пад Горадняй. За гэты подзьвіг Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ у чэрвені 1999 году далучыў яе да ліку блаславёных сярод 108 новамучанікаў з часоў ІІ Сусьветнай вайны.

Памяць Блаславёнай Мар’яны для гарадзенскіх грэка-каталікоў – гэта асаблівы дзень малітоўнага ўспаміну ўсіх мучанікаў-уніятаў.

Распачаўся ён малітваю каля капліцы сьв. Пятра і Паўла ў былым маёнтку Адамавічы, які сёньня ўваходзіць у межы Горадні. Працягам малітоўнага ўспаміну сталася малітва акафісту ў касьцёле ў вёсцы Адамавічы перад цудатворным абразом Маці Божай. Касьцёл у Адамавічах ніколі не зачыняўся – ні ў гады царскага перасьледу, ні ў час перасьледу камуністычнага, таму быў месцам малітвы для ўніятаў, якія патаемна захоўвалі вернасьць Еднасьці. Гарадзенскія грэка-каталікі прынялі таксама ўдзел у сьвятой Імшы, якую адслужыў рыма-каталіцкі біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч на месцы расстрэлу Блаславёнай Мар’яны і іншых мучанікаў, вядомых і невядомых. Частка вернікаў парафіі Маці Божае Фацімскай, разам з рыма-каталікамі, прайшлі шлях у Навумавічы з Горадні пешшу (гл. фота).

Напрыканцы імшы душпастыр гарадзенскіх грэка-каталікоў айцец Андрэй Крот зачытаў Пастырскае прывітаньне Апостальскага Візітатара БГКЦ архімандрыта Сяргея (Гаека), скіраванае ўдзельнікам малітоўнага ўспаміну новамучаніцы Блаславёнай Мар’яны Бярнацкай. Для нас, беларускіх грэка-католікаў, вытрываласьць у каталіцкай веры былых уніятаў і, як адзначыў у сваім пасланьні Архімандрыт Сяргей Гаек, само існаваньне пасьля 1839 г. Аўгустоўскага ўніяцкага дэканату "выяўляе неразрыўнасьць гісторыі і духоўнай традыцыі нашай Царквы ў Беларусі", а "Блаславёная Мар’яна і ейная ахвяра жыцьця адкрывае нам нашыя духоўныя карані".

Гэтую дабраахвотную ахвяру блаславёнай Мар’яны Бярнацкай Апостальскі Візітатар БГКЦ параўнаў з ахвяраю сьв. Язафата і з ахвяраю самога Госпада: "Мужныя словы – "я пайду замест яе", якія Блаславёная вымавіла, аддаючы сябе на сьмерць замест сваёй цяжарнай нявесткі, нагадваюць два падобныя здарэньні: першае мела месца ў Аліўным садзе, і тады Сам Госпад аддаваў Сябе на сьмерць – "дык вось, калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць" (Ян 18, 8), а другое адбылося 12 лістапада 1623 году ў Віцебску, калі аддаваў сябе на сьмерць Сьвяты Язафат – магутны заступнік Беларусі – "у чым яны вінаватыя, вось я сам" (A. Welykyj, "S. Josaphat", I, 14). Гэтыя факты заклікаюць нас усіх асэнсаваць нашае пакліканьне сьведчыць Еднасьць і Любоў у сучасным сьвеце",– напісаў Архімандрыт Сяргей і нагадаў словы Госпада: "Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх" (Ян 15, 12-13).

Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек таксама зьвярнуў увагу на важнасьць жывога прыкладу любові, які дала Блаславёная Мар’яна для сучаснага сьвету, дзе "забіць ненароджанае дзіця падаецца як дасягненьне цывілізацыі", дзе "адкідаецца каштоўнасьць хрысьціянскай сям’і, але аб’яўляецца т.зв. "свабодная любоў", дзе пра ахвярнасьць няма і мовы".

"Хай Блаславёная Мар’яна Бярнацкая моліцца за ўсіх тых, хто застаецца верным Сьвятому Евангельлю і Каталіцкай Царкве ў Беларусі",– закончыў сваё пасланьне Архімандрыт Сяргей.

а. Андрэй Крот, Ігар Бараноўскі

На фота:

1. Блаславёная Мар'яна Бярнацкая

2. Сьв. Імша ў Навумавічах -- месцы расстрэлу Блаславёнай Мар’яны і іншых мучанікаў.

3-6. Гарадзенскія грэка-каталікі падчас пешай пілігрымкі ў Навумавічы.
Гэты артыкул чыталі 8 разоў (-ы)