Царква
Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 29:16)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 4 (59), 2008

Навіны хрысьціянскага сьвету



Дыякан Пётр Рудкоўскі, OP

Быць ці забіць: крывавае аблічча геданізму

10 сьнежня 2008 г. ААН будзе адзначаць 60-ую гадавіну Паўсюднай дэкларацыі правоў чалавека. З гэтай нагоды радыкальныя праабартыўныя групы маюць намер прадставіць Генеральнай Асамблеі ААН петыцыю ў справе гарантаваньня паўсюднага права на аборты як аднаго з асноўных правоў чалавека.

Так-так, зьнішчэньне чалавечай істоты сапраўды прэзентуецца тут як асноўнае права чалавека. Зыходным пунктам праабартыўнай (называнай часам больш вытанчана – pro-choice) ідэалогіі ёсьць тэзіс аб тым, што чалавечы эмбрыён – прынамсі на раньніх стадыях разьвіцьця – не зьяўляецца чалавекам. Адкуль такая ўпэўненасьць? У адказ на гэтае пытаньне можна пачуць сустрэчнае пытаньне: а адкуль упэўненасьць у тым, што гэты эмбрыён зьяўляецца чалавекам? Плюс да гэтага, pro-choice ідэолагі кінуць нам, хутчэй за ўсё, яшчэ дадатковую засьцярогу: «Толькі ня трэба нам навязваць догмы пра “несьмяротную душу” і “волю Творцы”». Маўляў, калі мы абстрагуемся ад хрысьціянскіх догмаў і перакананьняў, то ўсё само па сабе стане ясным.

А вось, спадары-ідэолагі, тут далёка ня ўсё ясна, нават калі мы і возьмем у дужкі ўсю хрысьціянскую дагматыку і будзем зыходзіць выключна з “нейтральнага” разуменьня “чалавечага права”. Для таго, каб супраціўляцца абортам, дастаткова няўпэўненасьці ў тым, што эмбрыён не зьяўляецца чалавечай істотай. Гэта вы абавязаны прадставіць абсалютна пэўны аргумент, што чалавечы эмбрыён на такой і такой стадыі не зьяўляецца чалавекам. Інакш кажучы, для таго, каб прызнаць аборт маральна апраўданым, патрэбен нейкі абсалютна пэўны крытэр, які дазволіў бы адрозьніць “эмбрыён-яшчэ-не-чалавек” ад “эмбрыёна-ўжо-чалавека”. А такога абсалютнага крытэру ніхто з вас, шаноўныя ідэолагі, не прадставіў і прадставіць, бадай, не зможа, бо паняцьце “чалавечай істоты” не належыць ні да эмпірычных, ні да лагічных відавочнасьцяў. Вы можаце ў лепшым выпадку аперыраваць гіпотэзамі, ваш пастулат: “Дазволіць аборты!” абапіраецца ўсяго толькі на гіпотэзе, што “ікс”, магчыма, не зьяўляецца чалавекам. Магчыма, не зьяўляецца, а, магчыма, і зьяўляецца...

Аднак сутнасьць праблемы дрэмле ў нечым іншым. На самой справе ёсьць нешта пэўнае для ідэолагаў pro-choice. Пэўным ёсьць культ сэксуальнай асалоды (хоць, можа, больш правільна тут было б сказаць “сэксуальнай горычы”, бо сэкс, пазбаўлены этычнага вымярэньня, наўрад ці дае аўтэнтычную асалоду). Вось гэтая пэўнасьць і вызначае стратэгію ідэолагаў, якія выступаюць за аборты. Разважаньне тут такое: «Напэўна хачу мець “максімум сэксу“, магчыма, чалавечы эмбрыён не зьяўляецца чалавекам, значыць, я маю права зьнішчыць чалавечы эмбрыён». Жудаснае, антыгуманнае разважаньне, але менавіта яно ляжыць у аснове pro-choice ідэолагаў, якія старанна маскіруюцца пад “абаронцаў правоў чалавека” і з пенай на вуснах прапаведуюць свабоду і веліч чалавечай асобы.

Пад маскай шляхетнага гуманізму праабартыўнай ідэалогіі хаваецца крывавы твар геданізму – культ Фаласа і Вагіны, у ахвяру якім без асаблівых дакораў сумленьня прыносяцца тысячы і мільёны чалавечых жыцьцяў, абазваных “звыклымі эмбрыёнамі-вегетацыямі”.

Гэты культ зьяўляецца самай сур’ёзнай кампраметацыяй сучаснага гуманізму.

З блогу дыякана Пятра Рудкоўскага, OP на Catholic.by
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)