Царква
Хто мае, таму дадзена будзе; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:18)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (60), 2009

Шлях да Бога

Сустрэча лідараў евангелізацыйных рухаў і супольнасьцяў Беларусі

7-8 сакавіка 2009 году ў Менску адбылася першая сустрэча кіраўнікоў і аніматараў каталіцкіх рухаў і супольнасьцяў Беларусі, якія працуюць у харызматычным накірунку для евангелізацыі моладзі. У сустрэчы, якая праходзіла ў Чырвоным касьцёле і на Кальварыі, для аб’яднаньня намаганьняў у справе новай евангелізацыі ў Беларусі ды сумеснага праслаўленьня Бога сабраліся прадстаўнікі супольнасьцяў «Via dela Rosa», «Легіён Марыі», «Маран ата» з Берасьця, а таксама «Ааза» з польскага Беластоку.

Ініцыятарам правядзеньня гэтай сустрэчы выступіла супольнасьць «Каштоўная перла» з Менску, якая дзейнічае пры Чырвоным касьцёле і належыць да міжнароднага каталіцкага руху «Сьвятло і жыцьцё». Яе заснавальнікам зьяўляецца кс. Ірынэй Копач, пад апекай якога вось ужо больш за 16 гадоў «Каштоўная перла» штогод ладзіць евангелізацыйныя 2-дзённыя і 15-дзённыя сустрэчы – «аазы новага жыцьця» і евангелізацыйныя канцэрты.

На сустрэчы прысутнічаў біскуп Антон Дзям’янка, які ўзначальваў ранішнюю малітву, прысутнічаў на выкладах для ўдзельнікаў сустрэчы, а таксама зьвярнуўся да іх з пастырскім словам.

Падобныя сустрэчы прадстаўнікоў супольнасьцяў, якія працуюць для евангелізацыі ў харызматычным руху Беларусі, вырашана праводзіць штогод.

На фота: 08.03.2009, Менск. Малітву праслаўленьня ў касьцёле на Кальварыі ўзначальвалі ўдзельнікі супольнасьці "Маран ата" з Берасьця.

Гэты артыкул чыталі 3 разоў (-ы)