Царква
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, дык я - медзь звонкая, альбо кімвал гулкі
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:1)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 3 (62), 2009

Сьвятло Ўсходу

У Рыме памёр Уладыка Марусын

21 верасьня 2009 году, у сьвята Нараджэньня Багародзіцы (паводле юльянскага календара), у Рыме, ва ўкраінскай Папскай калегіі сьв. Язафата на 86-ым годзе жыцьця спачыў у Госпадзе Высокадастойны Архібіскуп Міраслаў (Марусын), былы Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

Уладыка Міраслаў нарадзіўся 26 чэрвеня 1924 году ў в. Княжэ каля Золачава, на Львоўшчыне.

Багаслоўска-філасофскія студыі ён распачаў у Львоўскай багаслоўскай акадэміі, дзе вучыўся з 1943 г. па 1944 г. Падчас вайны вучыўся ў Падэрборне (Нямеччына), а пасьля, з 1949 па 1951 г. – у Папскім Усходнім інстытуце, здабыўшы там ступень доктара.

Дыяканскія ды сьвятарскія сьвячаньні атрымаў з рук архібіскупа Івана Бучко 24 красавіка і 2 траўня 1948 г. у Рэгензбургу і Мюнхене (Нямеччына). Малады сьвятар стаў блізкім памочнікам – канцлерам і сакратаром – Апостальскага Візітатара для ўкраінцаў у Заходняй Еўропе архібіскупа Івана Бучко. З 1958 году а. д-р Міраслаў Марусын – сябра Літургічнай камісіі Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. З прыездам у Рым вязьня савецкіх лагероў мітрапаліта (пазьней – кардынала) Ёсіфа Сьліпога, Зьверхніка УГКЦ, ён стаў яго асабістым сакратаром і суправаджаў яго ва ўсіх душпастырскіх падарожжах па ўсім сьвеце. За асаблівыя заслугі ў 1959 г. Папа Ян ХХІІІ надаў яму годнасьць «Папскага шамбеляна», а Папа Павел VІ у 1972 г. прызначыў яго пачэсным пралатам Усяленскага Архірэя. З 1973 г. ён стаў кансультарам Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. У 1974-ым яго паклікалі для выкананьня асабліва важнага заданьня – прызначылі сябрам Папскай камісіі інтэрпрэтацыі дэкрэтаў ІІ Ватыканскага Сабору і кансультарам Папскай камісіі па рэвізіі Кодэксу ўсходняга кананічнага права. Яго біскупская хіратонія адбылася 28 ліпеня 1974 году ў Рыме.

З 1977 па 1982 год Уладыка Марусын займаў адказную пасаду віцэ-старшыні Папскай камісіі па рэвізіі Кодэксу Ўсходняга Кананічнага Права, таксама ён уваходзіў у склад супольнай Камісіі багаслоўсага дыялогу з праваслаўнымі Цэрквамі. Уладыка Марусын адзін з тых, хто выканаў вялікую частку працы па падрыхтоўцы Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў. Падчас гэтай працы ён супрацоўнічаў з беларускім Уладыкам Чэславам Сіповічам, якога вельмі цаніў і шанаваў.

14 верасьня 1982 г. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. На гэтай пасадзе Ўладыка Міраслаў быў да 11 красавіка 2001 г. Таксама ён зьяўляўся кансультарам розных Папскіх Радаў (па спрыяньні хрысьціянскай еднасьці, па справах сьвецкіх і інш.).

Адданае служэньне Ўладыкі Міраслава Марусына Паўсюднай Царкве адбывалася пры чатырох Рымскіх Архірэях: пры Паўлу VI, Яну Паўлу І, Яну Паўлу ІІ ды пры цяперашнім Папе Бенядыкту XVI.

Кір Міраслаў быў аўтарам шматлікіх выданьняў ды навуковых працаў багаслоўскага, гістарычнага, літургічнага і біблійнага зьместу.

Казаньні, катэхетычныя павучаньні і набажэнствы, якія адпраўляў Уладыка Міраслаў Марусын і якія маглі слухаць праз трансьляцыі Радыё Ватыкан вернікі забароненай у СССР Грэка-Каталіцкай Царквы, дапамаглі захаваць веру не аднаму пакаленьня грэка-католікаў ня толькі ва Ўкраіне, але і на ўсёй савецкай прасторы.

Пахаваньне спачылага Кір Міраслава адбылося 24 верасьня 2009 г. Пахавальную Літургію ва ўкраінскім саборы Сьвятой Сафіі ў Рыме адслужыў Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Кірыла (Васіль). У той жа дзень, у капліцы Цэнтру сьв. Язэпа ў Менску, Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар БГКЦ, адслужыў Боскую Літургію за супакой душы Ўладыкі Міраслава.

Вечная яму памяць.
Гэты артыкул чыталі 5 разоў (-ы)