Царква
Навушнік апаганьвае сваю душу і будзе ненавідзім ўсюды, дзе толькі жыць будзе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 21:31)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 1 (64), 2010

Гасьцёўня

Каштоўныя сьведчаньні пра жыцьцё грэка-католікаў
у падпольлі

20 гадоў таму, у канцы 1989-га – пачатку 1990 гг. украінскія грэка-католікі дамагліся права на легалізацыю сваіх царкоўных структураў. За кароткі час Грэка-Каталіцкая Царква, якая пасьля 1946 году была пад забаронаю, аднавіла свае структуры, вярнула храмы і вернікаў. І гэты бурны працэс адраджэньня быў зусім невыпадковы, а натуральны, бо, будучы перасьледаванай і жывучы ў падпольлі, Царква ўсё ж здолела захаваць свае структуры, духоўныя семінарыі і манаства, сваю ярархію і сьвятароў, якія выхоўвалі адданых вернікаў.

Украінскія гісторыкі сабралі шмат цікавых дакументаў і ўспамінаў пра гэтыя цяжкія і трагічныя старонкі жыцьця Царквы ў падпольлі. Але сёньня ведаем пра такія факты ня толькі ў Заходняй Ўкраіне. Ведаем, што і ў Беларусі нешматлікія грэка-католікі, якія пасьля вайны зусім засталіся без пастыраў, захоўвалі сваю веру, маліліся, прымалі падпольных украінскіх грэка-каталіцкіх сьвятароў, хрысьцілі дзяцей і выхоўвалі іх у веры.

Сёньня добра вядома пра місіянерскую працу ў Горадні грэка-каталіцкага сьвятара а. Віктара Данілава, якога высьвяціў у 1976 годзе ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп Уладзімір Стэрнюк. У газеце “Царква” былі надрукаваныя яго ўспаміны, а таксама шэраг матэрыялаў пра вернікаў з уніяцкіх парафіяў, створаных яшчэ ў міжваенны час (у Альпені, Гарадной, Таракані, Альбярціне, Бабровічах і інш.), якія праз усё сваё жыцьцё трымаліся сваёй веры. Хтосьці з іх час ад часу езьдзіў у адзінкавыя яшчэ незачыненыя касьцёлы, хтосьці бараніў ад бязбожнай савецкай улады хрысьціянскую веру і маліўся ў праваслаўных храмах, іншыя (асабліва ўкраінцы з паходжаньня) езьдзілі да падпольных грэка-каталіцкіх сьвятароў ва Ўкраіну. А былі і тыя, што маліліся дома і аддана чакалі ўніяцкага сьвятара аж да сьмерці. Многія з уніятаў умацоўваліся ў веры праз ліставаньне з сваімі былымі душпастырамі, якія вымушаныя былі зьехаць за мяжу. У Пінску (а раней – у Гарадзішчы) пасьля вайны многія гады жылі, маліліся, дапамагалі высланым у лагеры сьвятарам і несьлі служэньне пры парафіі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночаньня сясьцёр місіянерак “Дзеці Марыі”, манастыр якіх быў да вайны ў Зарэччы (в. Церабень) пад Пінскам. Апошняя з гэтых манахіняў Кацярына Саварын, якая заўсёды хадзіла ў манаскім габіце і служыла пры касьцёле ў Пінску, памерла на пачатку 1980-ых. Служэньне гэтых манахіняў яшчэ патрабуе свайго больш грунтоўнага дасьледаваньня.

Ведаючы, што ў міжваенны час у Заходняй Беларусі былі створаны ўніяцкія парафіі, а ў 1939 годзе заснаваны Беларускі экзархат ГКЦ, не забывалі пра гэты малы статак і ўкраінскія грэка-каталіцкія сьвятары і біскупы. Некалькі разоў на год некаторыя з манахаў-базыльянаў таемна рабілі паломніцтва па мясьцінах, зьвязаных са сьвятым Язафатам (Жыровічы, Вільня, Віцебск, Полацак), іншыя – па дарозе ў Прыбалтыку, дзе рэлігійны перасьлед быў трохі меншы і дзе былі дзьве каталіцкія семінарыі на ўвесь СССР, спыняліся ў беларускіх каталіцкіх парафіях і служылі ў касьцёлах грэка-каталіцкія набажэнствы, спавядалі вернікаў. Сёньня дакладна ведаем пра такія факты ў Слоніме, Пінску, Лагішыне, Горадні.

Цікавыя факты пра малітоўнае жыцьцё грэка-католікаў у падпольлі і іх сувязі ў Беларусі нядаўна паведаміў езуіт айцец Казімір Жыліс, які доўгі час працаваў у мястэчку Індура пад Горадняй, а цяпер служыць у Горадні. Выявілася, да яго ў Індуру ня раз прыязджаў падпольны грэка-каталіцкі біскуп Паўло Васылык – адна з ключавых постацяў нязломнай Грэка-Каталіцкай Царквы. Ён першы з біскупаў разам з групай сьвятароў і вернікаў адважыўся публічна заявіць на ўвесь сьвет 4 жніўня 1987 году пра выхад УГКЦ з падпольля. Двойчы ён быў увязьнены ў савецкіх лагерах (1947-1955 і 1959-1964 гг.), а пасьля вызваленьня многія гады вымушаны быў жыць без прапіскі і туляцца па хатах вернікаў, двойчы на яго рабіліся замахі. Вось што распавёў пра свае кантакты з ім і грэка-католікамі а. Казімір Жыліс:

“Я стаў сьвятаром у 1973 годзе. Пасьля сваіх сьвячаньняў некаторы я час працаваў у Літве. Ад знаёмага сьвятара я даведаўся, што ў Віньніцы на Ўкраіне патрэбны сьвятар, і няма нікога, хто б згадзіўся туды ехаць. Я адказаў, што калі зусім няма нікога, то я згодзен. Паехаў туды, паглядзеў. Са сьвятаром з Хмяльніцкага, які абслугоўваў католікаў Віньніцы, мы пайшлі да ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў, і той згадзіўся, каб я стаў пробашчам у Віньніцы.

У Віньніцы падпольна працавалі два грэка-каталіцкія сьвятары. Я думаю, улады ведалі пра іх, але асабліва не перасьледавалі. Патаемна яны прыходзілі да мяне дапамагаць. Напрыклад, спавядалі перад сьвятамі, наведвалі хворых, служылі ў іх дамах Літургіі, удзялялі сьв. Прычасьце. Гэта быў дзесьці 1978 год. І прыкладна ў гэты час прыязджаў у Хмяльніцкі грэка-каталіцкі біскуп Паўло Васылык. Пазьней мы сустракаліся з ім яшчэ і ў Львове, таксама ён прыязджаў да мяне ў Віньніцу. Так мы пачалі сябраваць. Біскуп Васылык прысылаў мне на сьвяты сьвятара, які дапамагаў спавядаць. У часы перасьледу рэлігіі гэта было больш бясьпечна, чым запрашаць сваіх віньніцкіх сьвятароў.

У 1983 годзе я прыехаў на Беларусь, а ў кастрычніку была мая першая афіцыйная багаслужба. У Індуру часта да мяне прыязджаў біскуп Васылык. Кожны раз, калі ехаў у Літву, ён спыняўся ў мяне, служыў Літургію. Аднойчы нават здарылася гэта ў нядзелю. І біскуп і два сьвятары, якія былі з ім, служылі ў нядзелю ў касьцёле грэка-каталіцкую літургію на царкоўна-славянскай мове. Я афіцыйна абвясьціў, што гэта грэка-каталіцкі біскуп – людзі прынялі яго прыхільна. Служба была чытаная, трывала сорак пяць хвілінаў. Пасьля гэтай багаслужбы мяне выклікалі да ўпаўнаважанага, бо гэта былі яшчэ васьмідзясятыя гады. Яны пыталіся: “Хто дазволіў?” А я адказваў: “А хто забараняў?” Біскуп Васылык быў у мяне таксама на маім юбілеі. Ён таксама служыў тады, але ўжо ў лацінскім абрадзе, у саслужэньні.

Таксама я быў знаёмы з грэка-каталіцкім сьвятаром айцом Віктарам Данілавым. Нас пазнаёміў тагачасны рыма-каталіцкі дэкан ксёндз Міхал Арановіч. Яны вельмі сябравалі, айцец Віктар дапамагаў яму ў Горадні. Айца Віктара нават жартам называлі “трынаццаты апостал”. На жаль, мы рэдка сустракаліся, бо тады не было асабліва часу на нейкія сяброўскія сустрэчы – я быў адзіным каталіцкім сьвятаром паміж Горадняй і Ваўкавыскам. Ня ведаю, ці прыходзілі да мяне вернікі грэка-католікі, бо ў тыя часы не прынята было пра гэта пытацца. Я задаваў адзінае пытаньне: “Ты паляк ці беларус”, і ўжо размаўляў з ім на яго роднай мове. Увогуле, лішніх пытаньняў у тыя часы не задавалі, каб не напалохаць людзей”.

а. Андрэй Крот, Ігар Бараноўскі

• Айцец Казімір Жыліс (нар. 04.03.1945) – капелан у турме ў Горадні і душпастыр літоўскай супольнасьці, дырэктар відэастудыі Гарадзенскай дыяцэзіі. На пачатку 1980-ых – сябра «Камітэту абароны правоў вернікаў».

• Біскуп Паўло Васылык (08.08.1926 - 12.12.2004)

Гэты артыкул чыталі 6 разоў (-ы)