Царква
I зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным - перамога, ня мудрым - хлеб, і не ў разумных - багацьце, і ня ўмельцам - прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны
(Кніга Эклезіяста 9:11)
Галоўная Архіў нумароў газеты № 2 (65), 2010

Царква і грамадзтва

а. Пётр Рудкоўскі, OP

Папа Бенядыкт XVI
і крытыка ў яго адрас

Што значыць стаць Папам Рымскім? Атрымаць уладу? Здабыць славу? Быць радасна вітаным шматсоттысячным натоўпам? Прымаць на аўдыенцыях першых персон наймагутнейшых краінаў сьвету? Зьяўляцца на вокладках шматтыражных газет? Пісаць пасланьні, звароты і дырэктывы мільярднай супольнасьці католікаў?..

Многія асацыююць пасаду Папы Рымскага менавіта з гэтым: з уладай, славай, апладысментамі, прэстыжам, папулярнасьцю. Але дастаткова каліва эмпатыі, каб заўважыць і іншы бок “папскага шчасьця”. Штодзень і штоночы ты знаходзішся пад пільным позіркам “прыхільных” і “непрыхільных” ватыканістаў, зьлева і справа няспынна б’юць фантаны крытыкі, нярэдка зьедлівай і ачарняльнай, а атэістычныя зілоты, кшталту Доўкінса ці Гітчэнса, нястомна працуюць над тваім іміджам як кіраўніка “цемрашальскай” і нават “злачыннай” арганізацыі. Прыемна?

Але гэта яшчэ толькі айсберг. У дачыненьні да сёньняшняга Папы таксама ўнутры Царквы паўстала своеасаблівая мода на маніторынг “няўдач і памылак” (рэальных або выдуманых) Бенядыкта XVI.

У гэтым месцы, думаю, варта зрабіць невялікую аўтарэфлексію. Асабіста я заўсёды быў прыхільнікам крытычнай дыскусіі ў Царкве і праціўнікам абагаўленьня якога-небудзь чалавека, нават Папы Рымскага. Чытачы маёй рубрыкі на Сatholic.by, магчыма, памятаюць мой умерана-крытычны допіс на тэму помнікаў Яну Паўлу ІІ. Прызнацца, я ніколі не адчуваў сябе добра ў ролі “апалагета” ці “змагара за рэпутацыю” каталіцкіх ярархаў. Заўсёды лічыў і надалей лічу, што можна, і нават трэба, уздымаць цяжкія пытаньні, называць рэальныя праблемы і – пры ўмове захаваньня належнай павагі – стасаваць “братэрскі напамін” у дачыненьні да пастыраў Царквы.

Што ж, такім чынам, цяпер прымушае мяне выступіць менавіта ў ролі “апалагета” ў адносінах да папы Бенядыкта XVI? Узровень крытыкі многіх яго апанентаў – вось што бянтэжыць і прымушае выступіць у абарону Пантыфіка. Некалькі дзён таму ў мае рукі трапіў ліст “да біскупаў” вядомага каталіцкага тэолага-дысідэнта і сьвятара прафесара Ганса Кюнга (колішні калега кардынала Рацынгера) з нагоды пяцігоддзя Пантыфікату Бенядыкта XVI. На чатырох старонках бітага тэксту знаходзім толькі і выключна абвінавачваньні, прэтэнзіі і асуджэньні адносна таго, што зрабіў (або чаго не зрабіў) сёньняшні Папа. Вось пара вытрымак: “змарнаваны шанец збліжэньня з пратэстанцкімі Цэрквамі, (...) змарнавана магчымасьць трывалага паяднаньня з габрэямі, (...) Папа без усялякіх уступных умоваў прыняў у Царкву традыцыяналістаў з Брацтва імя сьв. Пія Х, (...) прасоўвае любымі спосабамі сярэднявечную трыдэнцкую Імшу, (...) актыўна ўзмацняе антысаборныя сілы, мянуючы рэакцыйных чыноўнікаў на ключавыя пасады ў Курыі, (...) усё больш і больш аддзяляецца ад значнай большасьці членаў Царквы...”. Вось яно як: папа “аддзяляецца”.

Разгорнуты аналіз усіх нападкаў, сфармуляваных прафесарам Кюнгам, патрабаваў бы напісаньня ёмістага артыкула. Аднак я абмяжуюся каментарыем толькі да двух абвінавачваньняў, якія, напэўна, найчасьцей сустракаюцца як у Царкве, так і па-за яе межамі: 1) чаму Папа прыняў ва ўлоньне Царквы адлучаных католікаў з Брацтва сьв. Пія Х? і 2) чаму “недастаткова рашуча” змагаўся (-ецца) з педафіліяй у сьвятарскіх шэрагах?

1. Паяднаньне з “традыцыяналістамі”. Крытыкі адносна гэтага кроку я не разумею. А менавіта: не магу зразумець, куды падзеліся лозунгі “больш разнастайнасьці” і “больш плюралізму”, з якімі заўсёды насіліся лібералы-прагрэсісты а-ля Кюнг? А можа, гэта “ня той плюралізм”, “ня тая разнастайнасьць”? Дыялог з пратэстантамі – так, а з каталіцкімі традыцыяналістамі – не. Удзел у мусульманскіх маленьнях – выдатна, а дазвол адпраўляць Імшу паводле трыдэнцкага абраду – ганьба. Сімпозіюм з удзелам атэістаў – выдатная ідэя! А з удзелам кансерватыўных католікаў – непрымальна.

Дагэтуль ніхто з тых, хто крытыкуе Бенядыкта XVI, так і ня даў мне зразумелага тлумачэньня, чаму, адкрываючыся на пратэстантаў, мы мусім закрывацца на каталіцкіх традыцыяналістаў, чаму, ведучы дыялог з мусульманамі або будыстамі, мы павінны пагарджаць лефэўрыстамі, чаму, адкрываючы духоўную вартасьць мусульманскага або габрэйскага культаў, мы павінны выключыць вартасьць трыдэнцкай Імшы?

2. Пазіцыя Папы адносна педафіліі ў Царкве. Вось ужо каторы год многія католікі і тыя, хто сімпатызуе каталіцызму, знаходзяцца ў разгубленасьці: у чым сакрэт “рыма-каталіцкай педафіліі”? Якім чынам Царква, такая строгая ў пытаньнях сэксуальнай этыкі, стала ледзь не манапалістам сэксуальных дэвіяцый?

Паспрабую раскрыць гэты “сакрэт”, указваючы на тры “міні-сакрэты”.

Першы “міні-сакрэт”: да нядаўняга часу ўлады Царквы былі перакананыя, што перамагчы педафілію і іншыя сэксуальныя злоўжываньні яны змогуць уласнымі сіламі. Пры гэтым трэба заўважыць, што – насуперак інсінуацыям каталіцкіх і некаталіцкіх дэмаскатараў – гэтая барацьба была даволі рашучай, настолькі, наколькі дазвалялі “ўнутрыцаркоўныя рэсурсы”. Узгадаем, што ўжо з часоў Бенядыкта XIV (XVIII ст.) кожны вернік быў “у сумленьні абавязаны” паведаміць вышэйшым царкоўным органам пра факт сэксуальнага дамагальніцтва з боку духоўнай асобы, асабліва калі нешта такое адбывалася падчас споведзі. Выдадзеная ў 1962 годзе інструкцыя Crimen sollicitationis прадпісвала працэдуры дзеяньняў, якія вышэйшыя духоўныя ўлады павінны прадпрыняць у выпадку атрыманьня скаргі на сьвятара. У залежнасьці ад цяжару правіны прадугледжваліся розныя пакараньні, у тым ліку пазбаўленьне сьвятарскага сану.

Кароткі каментар: думаю, ня так цяжка зразумець, чаму Царква імкнулася ўласнымі сіламі, без заахвочваньня сьвецкіх уладаў, змагацца з праблемамі сэксуальнага характару сярод духавенства. Гледзячы з персьпектывы часу, можам сказаць, што гэта было ёй не пад сілу, бо, па-першае, унутрыцаркоўныя рычагі ўзьдзеяньня ўсё ж такі вельмі абмежаваныя, асабліва ў плане пеналізацыі злачынства, а па-другое, ня кожны біскуп быў схільны ўсур’ёз трактаваць тыя ці іншыя абвінавачваньні і задзейнічаць усе наяўныя ў яго сродкі для прадухіленьня злачынстваў і належнага пакараньня вінаватых. Таму, у найгоршым выпадку, можам казаць пра наіўнасьць царкоўных уладаў, хоць і гэта не відавочна, бо гэта цяпер мы ўсе “не-наіўныя”, аднак яшчэ трыццаць-сорак гадоў таму людзі не валодалі дастатковымі ведамі пра ўстойлівасьць і дынаміку дэвіяцыйных схільнасьцяў.

Другі міні-сакрэт: Царква заўжды верыла ў апраўданасьць і дзейснасьць т. зв. poena medicinalis (“лячэбнае пакараньне”). Гэта значыць, зыходзіла з прынцыпу, што пакараньне павінна быць сродкам, а ня мэтай. За такім падыходам стаіць вера ў тое, што чалавек па сваёй прыродзе добры і што яму заўжды трэба даваць шанец для навяртаньня і рэабілітацыі ў вачах супольнасьці. Гэты прынцып прымяняўся таксама да сьвятароў, за якімі былі заўважаны правіны сэксуальнага характару. І зноў жа: з персьпектывы часу, валодаючы даволі сучаснымі псіхалагічнымі ведамі і навучаныя горкім вопытам, мы можам казаць, што, на жаль, у дачыненьні да многіх сэксуальных дэвіянтаў царкоўная poena medicinalis была недастатковай. Аказалася, што патрэбны такія тэрапеўтычныя або/і карныя захады, якія выходзяць па-за кампетэнцыі і рэсурсы ўлады Царквы.

Трэці міні-сакрэт: мас-медыя пасьпяхова спладзілі стэрэатып Царквы як “гнязда педафіліі“, перш за ўсё дзякуючы спрашчэньням у апісаньні фактаў і стасаваньні рыторыкі падазрэньняў. Цікавыя ў гэтым плане назіраньні прафесара Філіпа Джэнкінса (Penn State University), шматгадовага дасьледчыка праблемы сэксуальных злоўжываньняў у Рыма-Каталіцкай Царкве. Ён апавядае, што, напрыклад, у Чыкагскай архідыяцэзіі ў выніку адмысловых дасьледаваньняў было выкрыта, што сярод 2 тысяч 200 сьвятароў адносна 40 маюцца сур’ёзныя падазрэньні ў сэксуальным выкарыстаньні малалетніх. Гэта – ні многа, ні мала – 1,8%. Але ўвага: з гэтых 40 толькі адзін сьвятар мог быць кваліфікаваны як “педафіл”, паколькі астатнія мелі сэксуальныя кантакты з асобамі ва ўзросьце 16-17 і больш гадоў. “Такія стасункі хутчэй за ўсё таксама падлягаюць крымінальнай адказнасьці, – піша праф. Джэнкінс, – і, бясспрэчна, зьяўляюцца амаральнымі і грахоўнымі, але яны ня маюць характару бязьлітаснага, эксплуатацыйнага выкарыстаньня дзяцей”.

Назіраньне амерыканскага эксьперта прыведзена тут зусім не для таго, каб апраўдваць сьвятароў, якія дапусьцілі ганебныя ўчынкі. Нават калі сьвятар практыкуе сэкс з дарослымі асобамі і пры ўзаемнай згодзе, гэта непрымальна з маральнага і кананічнага пункту гледжаньня, а тым больш, калі да такіх стасункаў заахвочвае асобаў з яшчэ несфармаванай да канца псіхікай. Назіраньні эксьперта прыведзены для таго, каб паказаць механізм стварэньня вобразу Царквы як нейкай фабрыкі педафіліі. Газеты і інтэрнэт-рэсурсы часта аздабляюць загалоўкі сваіх артыкулаў пры дапамозе словаў накшталт “ксёндз-педафіл”, хоць пры больш уважлівым прачытаньні высьвятляецца, што гаворка ідзе пра сэкс з асобамі сярэдне- або позьнепадлеткавага ўзросту (а гэта не педафілія, а эфебафілія – зусім іншая псіхіятрычна-крыміналістычная катэгорыя). У сьвядомасьці ж чытачоў (многія абмяжоўваюцца чытаньнем загалоўкаў і падзагалоўкаў) дамінантным застаецца загалоўкавы пасыл, а не “сухія факты” ў тэксьце. Пазьней гэты “медыя-факт” пачынае функцыянаваць як факт аўтэнтычны, затым абагульняецца і прыпісваецца ўсім альбо большасьці з дадзенай супольнасьці. З такім разгулам індукцыйнай сафістыкі ўсё насельніцтва Зямлі трэба было б акрэсьліць “педафільскім”.

Пасьля гэтых канстатацый можам штосьці сказаць наконт “віны” Бенядыкта XVI. Так, гэта праўда, што ў перыяд сваёй бытнасьці архібіскупам Мюнхенскім і Фрайзінгскім, а нават у тыя часы, калі зьяўляўся прэфектам Кангрэгацыі Веравучэньня, Ёзаф Рацынгер быў прыхільнікам “унутрыцаркоўнага” вырашэньня праблемы сэксуальнага выкарыстаньня малалетніх з боку сьвятароў. Памыляўся? Што ж, можам і так сказаць, але варта заўважыць, што ў 70-ыя, а нават 80-ыя гады ня кожны псіхолаг арыентаваўся ў механізмах педафіліі або эфебафіліі, а тым больш тэолаг, хоць і шырока адукаваны.

Аднак жа па меры ўсьведамленьня глыбіні гэтай праблемы і пазнаньня яе маштабаў Рацынгер-Бенядыкт даволі хутка ператварыўся ў аднаго з найбольш рашучых прыхільнікаў “жорсткай пазіцыі” і супрацоўніцтва са сьвецкімі сьледчымі і карнымі органамі. “Панцырны” і “цьвёрды” кансерватар, як яго называюць некаторыя крытыкі, выявіўся ў гэты раз даволі гнуткім, гатовым прызнаць памылковасьць ранейшай тактыкі і адкрытым на распрацоўку карэнна новага падыходу.

Думаю, калі б хтосьці вынайшаў прыладу для вызначэньня ўзроўню “цьвёрдасьці” і “эластычнасьці”, то, магчыма, аказалася б, што папа Бенядыкт XVI зьяўляецца больш эластычным, адкрытым і дыялагічным, чым многія яго крытыкі з-пад прагрэсіўнага брэнду.

Catholic.by

Гэты артыкул чыталі 40 разоў (-ы)