Былы Апостальскі нунцый у Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці — Апостальскі нунцый ва Ўкраіне, былы Апостальскі нунцый у Беларусі ў 2011—2015 гг., а таксама дырэктар Музеяў Ватыкану Антоніа Паалучы ўзнагароджаныя ордэнам Францыска Скарыны «за значны асабісты ўклад у разьвіцьцё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Ватыканам».
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня 18-25 студзеня 2017 году адбыўся чарговы Тыдзень малітваў за еднасьць хрысьціянаў, дэвіз якога сёлета: «Любоў Хрыстова заахвочвае нас нас да прымірэньня» (пар. 2 Кар 5, 14-20). Гэтыя словы зьяўляюцца сапраўдным выклікам для ўсіх вызнаўцаў Хрыста адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане 18 студзеня.
26.12.2010
Ён служыў для адраджэньня Царквы і Бацькаўшчыны На Каляды 2010 году, 26 сьнежня, споўнілася 70 гадоў як адыйшоў да Бога беларускі каталіцкі сьвятар візантыйскага абраду а. Баляслаў Пачопка. Ён памёр на 56-ым годзе жыцьця, змучаны допытамі НКВД, прыдзіркамі і правакацыямі актывістаў бязбожнай савецкай улады, якая прыйшла ў Заходнюю Беларусь у 1939-ым.
27.07.2010
Парафіяльны фэст у Лучаі У рыма-каталіцкай парафіі сьвятога Юды Тадэвуша, апостала, у м. Лучай пад Паставамі адбыліся парафіяльныя ўрачыстасьці ў гонар сьвятой Ганны, у якіх па запрашэньні гаспадароў бралі ўдзел і грэка-католікі.
04.07.2010
Лета — час пілігрымак для сьвятыняў Толькі закончылася пілігрымка беларускіх католікаў у нацыянальны санктуарыюм Маці Божай у Будславе, як пілігрымы зноў зьбіраюцца ў шлях да сьвятыняў, для аднаўленьня і ўмацаваньня сваёй веры. 7 ліпеня распачынаецца штогадовая Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебску ў Полацак.
Беларуская царква ў памяць пра ахвяры Чарнобыля асьвячана ў Лондане
17 сьнежня 2016 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне новай беларускай грэка-каталіцкай сьвятыні ў Лондане.
Асьвяціў новазбудаваную царкву сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх Сьвятых заступнікаў Беларускага народу, у прысутнасьці Апостальскага нунцыя ў Вялікабрытаніі архібіскупа Антоніа Меніні, рыма-каталіцкага дапаможнага біскупа Вестмінстэрскай архідыяцэзіі Джона Шэрынгтана і Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека грэка-каталіцкі біскуп украінскай япархіі Сьвятой Сям’і ў Лондане Ўладыка Глеб Ланчына. Царква сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх Сьвятых заступнікаў Беларускага народу ў памяць ахвяраў Чарнобыля ў Лондане. Фота а. Сяргея Сурыновіча.На ўрачыстасьць сабраліся каля 70 чалавек: мясцовыя парафіяне і беларусы Вялікабрытаніі і з суседніх краёў, беларускія сьвятары візантыйскага і лацінскага абрадаў, украінскія грэка-католікі, прысутнічалі таксама прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай амбасадаў ў Лондане.
«Гэта надзвычай важная падзея для беларускай грамады ў Брытаніі. Мы спадзяемся, што гэтая царква аб’яднае ўсіх беларусаў замежжа», — заявіў кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцец Сяргей Стасевіч.
Праект беларускай царквы ў Лондане зрабіў 35-гадовы лонданскі архітэктар і парафіянін беларускай грэка-каталіцкай парафіі Рафаэль Цзыўай Со, які паходзіць з Ганконгу. Гэты праект нарадзіўся ў яго пасьля непасрэднага знаёмства з многімі старажытнымі храмамі ў Беларусі. Ён спалучае элементы і тэхналогіі сучаснай архітэктуры і традыцыйнага беларускага культавага дойлідзтва. Як адзначае ініцыятар будоўлі беларускай сьвятыні ў Лондане айцец Сяргей Стасевіч, у царкве няма іншых матэрыялаў акрамя дрэва і шкла. За свой праект беларускай царквы Рафаэль Цзыўай Со нядаўна атрымаў узнагароду Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў.
Будаўніцтва царквы пачалося ў лістападзе 2015 году. У студзені 2016-га была завершана закладка фундаменту, а 7 лютага 2016 году ў падмурак будучай беларускай сьвятыні быў урачыста закладзены вуглавы камень, прывезены з касьцёлу Сьвятой Тройцы былога кляштару Айцоў Марыянаў у Друі, адкуль паходзіў першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX стагоддзі Ўладыка Чэслаў Сіповіч і шэраг іншых беларускіх сьвятароў, што служылі ў пасьляваенны час у Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. Крыж для храму ў Лондане зрабіў гарадзенскі мастак-каваль Юры Мацко.
Беларускі храм, узьведзены ў раёне Паўночны Фінчлі ў Лондане, — гэта першая беларуская грэка-каталіцкая царква, пабудаваная па-за межамі краіны. Варта адзначыць таксама, што сьвятыня будавалася як мемарыял у памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы ў 30-ыя ўгодкі пасьля гэтай трагедыі. Царква стала ўнікальнай для сталіцы Вялікабрытаніі, бо гэта першы драўляны храм у Лондане пасьля Вялікага пажару 1666 году.
Пасьля Боскай Літургіі і ўрачыстага асьвячэньня новага храму перад прысутнымі выступіла ўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыя Міцкевіч, якая распавяла пра дзейнасьць дзіцячага фонду «Сакавік», што існуе ў Вялікабрытаніі і займаецца дабрачыннай дапамогай беларускім дзецям, асабліва з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобылі. Яна таксама расказала пра супрацоўніцтва ў гэтай сферы з Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане і ейным рэктарам а. Аляксандрам Надсанам у канцы 1980-х – пачатку 1990-х.
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар Іван Майсейчык з Антвэрпану (Бельгія), які быў удзельнікам урачыстасьцяў у Лондане, з нагоды асьвячэньня новай беларускай сьвятыні напісаў: «Адчуваю вялікую радасьць ад удзелу ў асьвячэньні Беларускай царквы ў Лондане. Усё-ткі нашая грамада такая багатая на цудоўных людзей! Такія насычаныя тры дні — насычаныя Ласкай, сьвяточнасьцю, цеплынёй, натхненьнем, братэрствам, субяседаваньнем...Асьвячэньне ахвярніка новага храму. Вялікая ўдзячнасьць Гаспадару ўрачыстасьці — Госпаду Богу, затым Найсьвяцейшай Багародзіцы і ўсім Сьвятым нябесным заступнікам Беларускай зямлі, а пасьля іх — айцу Сяргею Стасевічу і ўсім тым шматлікім братам і сёстрам, што спрычыніліся да збудаваньня новапасьвячанага храму, а зараз рупяцца аб уладкаваньні Дому Божага ў людзкіх сэрцах.
Спадабаўся водгук пэўнага чалавека пра новую сьвятыню: выглядае малой звонку, але вялікая зсярэдзіны... Ёсьць у гэтым нешта глыбокае і кранальнае: храм малы для тых, хто ўзіраецца на яго звонку, а робіцца вялікім для тых, хто ўваходзіць у яго... Гэты храм — правобраз усёй нашай Царквы, такой малой для зьнешніх, і такой вялікай для тых, для каго яна стала іхнім жыцьцём...
Многія леты, дарагія брытанскія беларусы, Вам і Вашаму Храму! Любеце яго, бо ў ім Вам блаславеньне і Вашым сем'ям».
Набажэнствы ў беларускай царкве сьв. Кірылы Тураўскага і Ўсіх Сьвятых заступнікаў Беларускага народу будуць праходзіць штонядзелі а 17.30 гадз. Адрас: Marian House Holden Avenue, London, N12 8HY.