Царква
Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам; бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 7:7-8)
Галоўная Катэдральны пляц

Добры дзень! Мяне завуць Андрэй, я католік па веравызнаньні. 4 жніўня 2006 году ажаніўся з Тацьцянай Б. (праваслаўнай). 1 кастрычніка 2008 году ў нас нарадзіўся сын Станіслаў. 6 ліпеня 2009 году ў касьцёле сьвятога Станіслава ў горадзе Магілёве мы пахрысьцілі сына Станіслава і самі ўзялі шлюб. Ёсьць сьведкі, фотаздымкі. Ніхто ня быў супраць, ніхто нікога не прымушаў. Пасьля чаго мы сваёй сям’ёй хадзілі ў касьцёл на сьвяты і ня толькі. Вясной 2012 году я даведаўся, што жонка сустракаецца з іншым і мяне падманвае ня першы год. Сыну на той момант было тры з паловай гады. Прыйшлося браць развод, 24 жніўня ён адбыўся. А праз месяц Тацьцяна выйшла замуж за іншага... Праз некаторы час я даведаўся, што сына хрысьцілі ў праваслаўнай царкве. Сыну было на той момант каля пяці гадоў. Растлумачце, калі ласка, як гэта магчыма? І што мне рабіць: хто мой сын Станіслаў па вераспавяданьні? Вялікі дзякуй. З удзячнасьцю чакаю адказу.

Андрэй, г. Магілёў
15.09.2015
Хто мой сын па вераспавяданьні?
 
З пункту гледжаньня Каталіцкай Царквы Ваш сын, безумоўна, каталік. З прыняцьцем тайны хросту ён стаў паўнапраўным членам Хрыстовай Царквы, і «перахрышчваньне» ня мае ніякага сэнсу.
 
У адпаведнасьці з навукай Каталіцкай Царквы прыняць сакрамант хросту можа кожны чалавек пры ўмове, што ён яшчэ ня быў ахрышчаны (Кодэкс кананічнага права, кан. 864; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1246). Згодна з кан. 29 Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў «дзіця да чатырнаццатага году жыцьця праз хрышчэньне запісваецца да Царквы свайго права, да якой запісаны яго бацька».
 
Такім чынам, сп. Андрэй, паўторнае хрышчэньне Вашага сына ня мае ні значэньня, ні сэнсу, паколькі ён ужо прыняў гэты сакрамант у Каталіцкай Царкве. Таксама і хросныя бацькі застаюцца надалей хроснымі бацькамі і маюць абавязак маліцца за свайго духоўнага сына і дбаць пра яго каталіцкае выхаваньне.
 
Той жа факт, што праваслаўны сьвятар паўторна хрысьціў ахрышчанага каталіка, можа азначаць, што або Вашая жонка схавала ад яго праўду пра хрышчэньне, або азначае няведаньне сьвятаром пазіцыі сваёй Царквы, паколькі «Праваслаўная і Рыма-Каталіцкая Цэрквы маюць аднолькавае вучэньне пра Сьвятыя тайны і ўзаемна прызнаюць сапраўднасьць гэтых тайнаў, якія зьдзяйсьняюцца ў іх» (цытата з Тлумачэньня старшыні Аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліта Нікадзіма аб беззабаронным дапушчэньні да Сьвятых тайнаў старавераў і каталікоў»).
 
Магчыма таксама, што Вы не зусім правільна зразумелі і праваслаўны сьвятар не хрысьціў паўторна, а ўдзяліў Вашаму сыну тайну мірапамазаньня (бежмаваньня), якая ў візантыйскай традыцыі звычайна ўдзяляецца адначасова з хростам.
 
У любым выпадку Ваш сын застаецца каталіком, а акрамя гэтага ён ужо і мірапамазаны, таму паўторна ўдзяляць хрызмаваньне (бежмаваньне) яму ня трэба, бо гэтую тайну таксама можна прыняць толькі адзін раз.
 
а. Зьміцер Чарнель, CSsR
грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў г. Менску
Тэгі: хрост, мірапамазаньне, католікі, праваслаўныя, Каталіцкая Царква

Гл. таксама:
У Хатыні католікі і праваслаўныя разам асьвяцілі памятны крыж
Чаму мітрапаліт Павел абрынуўся на царкоўную унію?
У Маскоўскім Патрыярхаце лічаць, што праваслаўна-каталіцкія адносіны сёньня на ўздыме
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
Сірыйска-малабарскі ярарх: трактуеце нас несправядліва
Сістэма Orphus

Гэты адказ чыталі 1450 разоў (-ы)