Царква
Пры чужым не рабі тайнага, бо ня ведаеш, што ён зробіць. Не адчыняй кожнаму чалавеку твайго сэрца, каб ён дрэнна не аддзячыў цябе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 8:21-22)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

18.03.2011

Украінскія грэка-каталіцкія біскупы зьбіраюцца на выбарчы Сінод

Як паведамлея Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, з 18 сакавіка 2011 году для ўдзелу ў працы выбарчага Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які абярэ новага Зьверхніка Царквы, у Львоў з усяго сьвету пачалі прыязджаць члены Сіноду. У працы Сіноду, які ўзначаліць Адміністратар УГКЦ Найдастойны Ўладыка Ігар (Возьняк), па папярэдніх дадзеных прымуць удзел 45 біскупаў УГКЦ з Украіны і з-за мяжы (Заходняй Еўропы, ЗША, Канады, Бразіліі, Аргентыны і Аўстраліі). Пяць членаў Сіноду з уважлівых прычынаў ня змогуць прыняць удзел у яго пасяджэньнях.

Сінод Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы па абраньні Вярхоўнага Архібіскупа распачнецца 21 сакавіка 2011 году ў рэкалекцыйным цэнтры імя Патрыярха Ёсіфа Сьліпога ў Львове - Бруховічах. Адпаведны Дэкрэт з гэтай нагоды падпісаў Архібіскуп Ігар (Возьняк) 11 лютага ў Кіеве, пры Патрыяршым саборы Ўваскрасеньня Хрыстова.
 
“Для ўдзелу ў Сінодзе склікаюцца ўсе біскупы Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, члены Сіноду Біскупаў УГКЦ, асабліва тыя, якія паводле права маюць адказны абавязак прымаць у ім удзел”, - адзначыў Адміністратар УГКЦ. Паводле яго словаў, Выбарчы Сінод УГКЦ скліканы на падставе нормы канону 128, пункта 3 Кодэксу канонаў Усходніх Цэркваў. Члены Сіноду Біскупаў УГКЦ будуць заставацца ў месцы правядзеньня Сіноду аж да пацьверджаньня выбару Сьвятым Айцом і афіцыйнага абвяшчэньня новага Першаярарха УГКЦ.
 
Усе члены Сіноду Біскупаў маюць актыўны голас падчас выбараў. Кожны біскуп мае права на адзін голас. Галасаваньне праз іншую асобу або пісьмова забароненае. Толькі члены Сіноду, сакратар і падліковая камісія маюць права знаходзіцца ў пакоі для выбараў.
 
Старшынстваваць на Сінодзе будзе Адміністратар Царквы. Для дапамогі ў выбарах з ліку членаў Сіноду будуць прызначаныя два біскупы для падліковай камісіі і сакратар. Прысутныя маюць адказны абавязак захоўваць таямніцу адносна ўсіх пытаньняў, якія датычаць выбараў, на працягу і пасьля Сіноду.
 
Каб быць абраным, звычайна трэба атрымаць дзьве траціны галасоў. Партыкулярнае права УГКЦ пасьля дванаццаці безвыніковых галасаваньняў зьмяншае гэтае патрабаваньне да абсалютнай большасьці. Калі патрабаваньне зьмяншаецца да абсалютнай большасьці, колькасьць кандыдатаў павінна быць зьменшана да двух з найбольшай колькасьцю галасоў.
 
Абраная асоба будзе мець два дні, каб прыняць або адхіліць выбар. Адхіленьне выбару прывядзе да абсалютнай страты гэтых правоў, аднак асоба можа быць пераабраная.
 
Абраны біскуп пашле ўласнаручны ліст да Рымскага Архірэя для зацьвярджэньня выбараў. Пасьля атрыманьня зацьвярджэньня ён складае перад Сінодам Біскупаў вызнаньне веры і абяцаньне дбайна выконваць сваё служэньне. Пасьля абвяшчэньня яго абраньня будзе праведзена інтранізацыя новага Зьверхніка УГКЦ згодна з прадпісаньнямі літургічных кніг, пасьля чаго ён атрымае поўныя правы на сваё служэньне.
 
Нагадваем, што 10 лютага 2011 году на прэс-канферэнцыі ў Кіеве Яго Блаславенства Любамір (Гузар) паведаміў пра тое, што ў гэты дзень Папа Бенядыкт XVI прыняў яго адрачэньне з служэньня Вярхоўнага Архібіскупа Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Адпаведную просьбу Сьвятому Айцу Зьверхнік УГКЦ падаў, калі яму споўнілася 75 гадоў.
 
«Сёньня, калі я ўжо ня маю дастаткова сілаў, хачу перадаць служэньне свайму пераемніку, які эфектыўна будзе працягваць гэтую працу... Мэта нашай працы - служэньне Царкве, і мы стараемся гэта выконваць, пакуль можам гэта рабіць эфектыўна”, - патлумачыў сваё рашэньне Яго Блаславенства кардынал Любамір Гузар.

Паводле Дэпартаменту іфармацыі УГКЦ
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 169 разоў (-ы)