Царква
Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:1)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

21.03.2011

На выбарчым Сінодзе біскупаў УГКЦ адбылося першае галасаваньне

21 сакавіка 2011 году ў Рэкалекцыйным цэнтры імя Патрыярха Ёсіфа Сьліпога ў Брухавічах каля Львова з Малебну да Сьвятога Духа распачалася праца выбарчага Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які абярэ новага Першаярарха гэта самай вялікай усходняй каталіцкай Царквы - паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
   
Напачатку быў урачыста прачытаны Дэкрэт пра скліканьне Сіноду біскупаў УГКЦ. Напрыканцы Малебну да Сьвятога Духа найстарэйшы сярод прысутных на Сінодзе паводле біскупскай хіратоніі Ўладыка Васіль (Лостэн) ад імя ўсіх членаў Сіноду прачытаў прысягу.

У працы Сіноду, які ўзначальвае Адміністратар УГКЦ Найдастойны Ўладыка Ігар (Возьняк), бяре ўдзел 40 з 50 біскупаў УГКЦ з Украіны і іншых краінаў сьвету (з ЗША, Канады, Заходняй Еўропы, Бразіліі, Аргентыны і Аўстраліі).

 
“Перад намі вельмі важная задача: выбар Зьверхніка нашай Царквы, - сказаў, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў Сіноду, Уладыка Ігар Возьняк. - Веру, што ніякія замяшаньні ня стануць нам перашкодаю, бо маем веру ў Бога, на якога пакладаемся. Вядома, мы з вамі і наш верны народ Царквы моліцца і верыць у добры выбар, інакш быць ня можа. Ніхто з нас, кажу гэта з перакананьнем, не кіруецца таннымі зямнымі поглядамі і разьлікамі, але ўсе мы жадаем выканаць волю Божую як найлепш”.
 
Затым была ўрачыста ўнесена кніга Евангельля ў залю пасяджэньняў. Пасьля гэтага пачалася першая сесія Сіноду.

Вячэрняй завяршыўся першы дзень працы выбарчага Сіноду Біскупаў УГКЦ. У гэты дзень адбылося чатыры галасаваньні.


Малітва, супольная і прыватная, увесь час будзе суправаджаць сінадальныя пасяджэньні. Дзень біскупы пачынаюць з Ютрані і малітвы 1-га часу. Перад абедам ўсе моляцца 6-ую гадзіну, перад вячэрай - Вячэрню, а ў сераду і пятніцу ўладыкі будуць служыць Літургію раней асьвячаных Дароў. Напрыканцы ранішняга nнабажэнства загадзя вызначаныя ўладыкі прамаўляюць духоўную навуку.


Нагадаем, каб быць абраным, трэба атрымаць больш за 2/3 галасоў членаў Сіноду Біскупаў. У першыя тры дні працы Сіноду  (21-23 сакавіка) чатыры разы на дзень выбары будуць праходзіць па гэтым прынцыпе. Такіх галасаваньняў можа быць да дванаццаці, потым працэдура спрашчаецца, калі галасаваньні не прынесьлі выніку. Тады зьверхніка Царквы будуць абіраць простай большасьцю сярод двух кандыдатаў з найбольшай колькасьцю галасоў.


Плануецца, што інтранізацыя новага Першаярарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы адбудзецца ў Крыжапаклонную нядзелю, 27 сакавіка 2011 году, у новай патрыяршай катэдры Ўваскрасеньня Хрыстова ў Кіеве.





Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 192 разоў (-ы)