Царква
Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:11)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

25.03.2011

Памёр першы біскуп Стрыйскай япархіі УГКЦ

Як паведаміў Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, 24 сакавіка 2011 году, на 69 годзе жыцьця, пасьля доўгай і цяжкай хваробы адыйшоў у вечнасьць ўкраінскі грэка-каталіцкі Ўладыка Юльян Гбур, SVD, тытулярны біскуп Стрыйскай япархіі УГКЦ, першы япарх гэтай япархіі. 
 

Уладыка памёр ранкам, у прысутнасьці епархіяльнага духавенства, на 41-м годзе сьвятарскага служэньня і 17-м годзе архірэйскага служэньня, перад сконам атрымаўшы Сьвятыя Тайны.

Уладыка Юліян Гбур нарадзіўся 4 сьнежня 1942 году ў вёсцы Брыжава каля Пярэмышля (сёньня - Польшча). У 1947 годзе падчас аперацыі "Вісла" разам з бацькамі быў пераселены на поўнач Польшчы.

У 1962 г. уступіў у манаскую супольнасьць Божага Слова (SVD). У вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў вярбістаў атрымаў філасофскую і багаслоўскую асьвету.


Сьвятарскія сьвячаньні яму ўдзяліў кардынал Адам Казлавецкі 21 чэрвеня 1970 г. Зьяўляўся душпастырам грэка-католікаў у Кракаве, Гураве Ілавецкім, Вострым Бардзе і Пенэнжне (Польшча). У 1982-1991 гг. - дэкан Ольштынскага дэканату.
 
Дэкрэтам Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага 11 чэрвеня 1983 г. быў прызначаны візітатарам для грэка-католікаў у Польшчы і кансультантам Прымаса ў справе кіраваньня Грэка-Каталіцкай Царквой у Польшчы. З 26 красавіка 1991 г. - протасінкел Перамышальскай япархіі.
 
30 сакавіка 1994 году быў прызначаны дапаможным біскупам Львоўскай архіяпархіі УГКЦ. Біскупская хіратонія адбылася 7 ліпеня 1994 году ў катэдры сьв. Юра ў Львове. Хіратонію зьдзейсьніў Першаярарх УГКЦ кардынал Міраслаў Іван Любачыўскі.

У 1994-1997 гг. Уладыка Юльян Гбур зьяўляўся Генеральным вікарыем Львоўскай Архіяпархіі, у 1994-2000 гг. - дапаможным біскупам Львоўскай Архіяпархіі. У 1995-1996 гг. - сакратар 1-ай сесіі Патрыяршага Сабору УГКЦ, а ў 1996 - 2001 гг. - сакратар Сіноду біскупаў УГКЦ. 18 лістапада 2000 году Ўладыка Юльян Гбур стаў першым епархіяльным біскупам створанай Стрыйскай япархіі. Працаваў таксама ў аргкамітэте па прыезьдзе Сьвятога Айца Яна Паўла II ва Ўкраіну (23-27 чэрвеня 2003 г.). З верасьня 2002 году Ўладыка Гбур - старшыня Камісіі грамадзкіх сувязях і культуры Сіноду біскупаў УГКЦ.

20 студзеня 2010 году Папа Бенядыкт XVI з прычыны стану здароўя вызваліў Уладыку Юльяна ад выкананьня пасадавых абавязкаў, пакідаючы за ім тытул біскупа Стрыйскага.
 
Пахаваньне сьвятой памяці Ўладыкі Юліяна (Гбура) адбудзецца ў суботу, 26 сакавіка ў г. Стрый.

Некалькі гадоў таму ў Стрыйскай япархіі УГКЦ былі арганізаваныя дні Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Сёньня вернікі нашай Царквы ў Беларусі шчыра смуткуюць разам з сваімі ўкраінскімі братамі.






























Паніхіда па спачыламу Ўладыку Юльяну Гбуру. © Фота: Стрийська єпархія УГКЦ.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 201 разоў (-ы)