Царква
У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 23:9)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

28.03.2011

У Любліне памёр айцец архімандрыт Раман Пентка

Увечары, 26 сакавіка 2011 году, пасьля доўгай цяжкай хваробы ў Анкалагічным цэнтры Люблінскай зямлі імя сьв. Яна з Дуклы, што ў Любліне, адыйшоў да Бога а. Раман Пентка MIC, архімандрыт тытулярны, шматгадовы душпастыр каталіцкай парафіі візантыйска-славянскага абраду ў прыбужскай мясцовасьці Кастамлоты (Польшча).

Пахавальныя ўрачыстасьці адбудуцца ў пятніцу, 1 красавіка, а 12-й гадз. у капліцы парафіі Беззаганнага Зачацьця ў Любліне (ul. Bazylianówka, 85).


Айцец Раман Рышард Пентка пражыў 74 гады, з іх - 57 гадоў як манах-марыянін і 47 гадоў як сьвятар. Рыма-католік з паходжаньня, ён прысьвяціў сваё жыцьцё служэньню ва ўсходнім абрадзе, ідэі прымірэньня і паяднаньня хрысьціянскага Ўсходу і Захаду.

Яшчэ ў першыя гады навучаньня ў семінарыі Рышард Пентка пазнаёміўся з беларускім марыянінам - айцом Тамашом Падзявай, які быў каталіцкім святаром усходняга абраду. Тады ён толькі вярнуўся з савецкіх лагераў і выкладаў філасофію ў марыянаў. Менавіта тады пад уплывам а. Т.Падзявы ён пачаў вывучаць візантыйскі абрад і глыбей пазнаваць традыцыі ўсходняга хрысьціянства.

Парафія сьв. Мікіты ў Кастамлотах была адзінай у Польшчы каталіцкай парафіяй візантыйска-славянскага на працягу дзесяцігоддзяў камуністычнага панаваньня ў Польшчы. Айцец Раман Пентка служыў у ёй з 1968 году. Спачатку быў вікарыем у а. Аляксандра Прылуцкага, а з 1969 году стаў парахам у гэтай прыбужскай парафіі. За амаль тры дзесяцігоддзі служэньня ў Кастамлотах а. Раман Пентка здабыў вялікі аўтарытэт і павагу ў прыбужскіх уніятаў і вернікаў іншых канфесіяў. Дзякуючы яго руплівасьці і адкрытасьці, ў Кастамлотах рэгулярна адбываліся розныя рэгіянальныя і міжнародныя экуменічныя сустрэчы, асабліва шмат прыязджала сюды моладзі. Намаганьнямі а. Рамана Пенткі ў Кастамлотах быў створаны Санктуарыюм Падляшскіх уніятаў. Годнае ўшанаваньне памяці ўніятаў, якія ахвяравалі свае жыцьці, каб захаваць сваю веру, стала галоўнай справай яго жыцьця.

Айцец Раман Пентка быў чалавекам гасьцінным і адкрытым на розныя культуры і традыцыі, быў шчырым прыхільнікам экуменізму і супрацоўніцтва паміж народамі-суседзямі. Ён шмат паспрыяў адраджэньню Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Пэўны час на пачатку 1990-ых апекаваўся грэка-католікамі ў Берасьці. Не аднойчы ў яго парафіі ў Кастамлотах знаходзілі гасьцінны і сардэчны прыём пілігрымы з Беларусі, а ў час летняга адпачынку - дзеці і моладзь з грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі. Многія маладыя сьвятары БГКЦ праходзілі ў яго царкве ў Кастамлотах літургічную практыку.
 
У Польшчы а. Раман Пентка стаў сапраўдным духоўным айцом і настаўнікам для многіх католікаў лацінскага абраду, якія адчувалі цікавасьць да ўсходняй духоўнасьці. У 2007 годзе ўпершыню для польскамоўнага чытача яго намаганьнямі быў падрыхтаваны і выдадзены Menologion (Месяцаслоў) - богаслужбовая кніга, якая ўтрымлівае царкоўны каляндар з колам царкоўных сьвятаў і пазначэньнем дзён памяці сьвятых, якіх ушаноўвае Ўсходняя Царква, разам з літургічнымі тэкстамі і кароткім апісаньнем іх жыцьця.
 
У 1998 годзе Апостальская Сталіца адзначыла шматгадовую руплівую працу а. Рамана Пенткі ў Кастамлотах, надаўшы яму годнасьць архімандрыта. У тым самым годзе Прымас Польшчы кардынал Ю.Глемп адзначыў яго залатым медалём "Заслужаны для Царквы і народу" (Ecclesiae Populoque servitium praestanti).
 
Прымі, Добры Божа, спачылага архімандрыта Рамана Пентку ў Сваім Нябесным Валадарстве, дай вечны супакой і ўчыні яму вечную памяць.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 200 разоў (-ы)