Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

01.04.2011

Папа Бенядыкт XVI прывітаў у Ватыкане новага Зьверхніка УГКЦ

“З вялікай радасьцю вітаю сёньня Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчука), новага Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-Галіцкага, разам з біскупамі і вернікамі, якія яго суправаджаюць. Запэўніваю вас пра маю пастаянную малітву, каб Сьвятая Тройца адорвала шматлікімі дарамі, захоўваючы ў супакоі і згодзе ўлюбёны ўкраінскі народ”, - гэтымі словамі Папа Бенядыкт XVI прывітаў ярархію і вернікаў УГКЦ падчас агульнай аўдыенцыі 30 сакавіка 2011 году.
   
Зьвяртаючыся асабіста да новага Зьверхніка УГКЦ, Папа Бенядыкт сказаў: “Ваша Блаславенства, Госпад паклікаў Вас да служэньня і кіраваньня ў гэтай паважанай Царкве, якая ёсьць часткай таго народу, які больш за тысячу гадоў таму атрымаў Хрышчэньне ў Кіеве. Я ўпэўнены, што Вы, прасьветлены дзеяй Сьвятога Духа, будзеце ўзначальваць сваю Царкву, захоўваюючы яе ў веры ў Ісуса Хрыста паводле ўласнай традыцыі і духоўнасьці, у сулучнасьці з Пятровым Пасадам, які ёсьць бачным вузлом гэтай еднасьці, дзеля якой шматлікія сыны і дочкі не пашкадавалі нават аддаць сваё жыцьцё. У гэтыя хвіліны з удзячнасьцю ўзгадваю ўлюбёнага брата Найблаславёнага кардынала Любаміра (Гузара), Вярхоўнага Архібіскупа ў адстаўцы. Праз заступніцтва Ўсячыстай Дзевы Марыі Багародзіцы малюся пра Божае блаславеньне для Вас, Вашых біскупаў, сьвятароў, манахаў і манахіняў ды ўсіх вернікаў”.
 
Пасьля заканчэньня агульнай аўдыенцыі Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) разам з біскупамі павіталіся асабіста з Папам.
 
Разам са Зьверхнікам УГКЦ у агульнай аўдыенцыі прынялі ўдзел уладыкі: Ігар Возняк, ЧНА, Архібіскуп Львоўскі, Лаўрэнці Гуцуляк, ЧСВВ, Мітрапаліт Віньніпегскі (Канада), Сьцяпан Сарока, Мітрапаліт Філадэльфійскі (ЗША), Багдан Дзюрах, ЧНА, Сакратар Сіноду Біскупаў УГКЦ, Давыд Моцюк, Япарх Эдмантанскі (Канада), Уладзімір Війтышын, Япарх Івана-Франкоўскі, Кен Навакоўскі, Япарх Нью-Вэстмінстэрскі (Канада), Васіль Семянюк, Япарх Тарнопальскі. Разам з шматлікімі прадстаўнікамі манаскіх супольнасьцяў былі а. Васіль Коўбыч, Протоархімандрыт Ордэну Базыльянаў Сьвятога Язафата і с. Джэнэс Салюк, Галоўная ігуменьня Сясьцёр Служэбніц Беззаганнай Дзевы Марыі, а таксама епархіяльныя сьвятары, семінарысты і некалькі сотняў вернікаў.
 
Паводле РІСУ - Релігійно-інформаційна служба України

Папа Рымскі Бенядыкт XVI вітае новага Першаярарха УГКЦ па-украінску:


Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 198 разоў (-ы)