Царква
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату
(Кніга Эклезіяста 8:11)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

04.04.2011

У гадавіну сьмерці Яна Паўла II моладзь у Менску разважала пра свабоду

У Менску ў ноч з 2 на 3 красавіка 2011 году маладыя вернікі сабраліся ў архікатэдры імя Найсьвяцейшай Марыі Панны на супольную малітву, каб ушанаваць памяць Вялікага Папы Яна Паўла II у шостыя ўгодкі яго сьмерці. Велікапоснае чуваньне моладзі ў Менску было прысьвечана тэме свабоды. Дэвізам спатканьня сталі словы сьв. апостала Паўла да Галатаў: “Дзеля свабоды вызваліў нас Хрыстос”.
 
Сустрэча распачалася хвілінай цішы на ўшанаваньне памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ у 22.37 — у час, калі ён адыйшоў да Бога.
 
Рыма-каталіцкі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваім слове да менскай моладзі нагадаў словы Папы Яна Паўла II пра тое, што сапраўдная свабода — гэта жыцьцё ў Духу Божым. Ён таксама адзначыў, што менавіта Папа Ян Павел II заснаваў традыцыю Сусьветных дзён моладзі, якія знайшлі такі водгук у сэрцах многіх маладых людзей у сьвеце. Сёньня многія, у тым ліку і ў Беларусі, з удзячнасьцю Богу і радасьцю ўспамінаюць тыя блаславёныя хвіліны, якія іх вялі да свабоды ў Духу Божым. Таксама мітрапаліт нагадаў, што адыходзячы да дому Нябеснага Айца, Папа зьвярнуўся да сабранай на плошчы сьв. Пятра моладзі са словамі: “Я вас шукаў, і вы прыйшлі”. “Папа нас шукаў і мы прыйшлі сёньня, каб разважаць на тэму свабоды ў Хрысьце”, — сказаў Мітрапаліт Т.Кандрусевіч.
 
Разважаючы пра свабоду, Уладыка Кандрусевіч адзначыў, што імкненьне да свабоды, якое зачароўвае нас, з аднаго боку зьяўляецца натуральным і зразумелым, бо чалавек створаны для свабоды. Але трэба добра памятаць аб тым, што ён створаны для свабоды дзяцей Божых, для свабоды ў Божым законе, а не для свабоды ад яго. “Адчыні дзьверы свайго сэрца Хрысту — як заклікаў на пачатку свайго Пантыфікату Ян Павел II. Ён табе дапаможа ўтрымацца на нахіленай падлозе гэтага сьвету, каб ня ўпасьці і, жывучы паводле духа Евангельля, быць свабодным і шчасьлівым”, — сказаў рыма-каталіцкі мітрапаліт.
 
Мы адказныя ня толькі за сябе, але і за іншых, падкрэсьліў Уладыка Тадэвуш: “Бог стварыў нас свабоднымі, але адказнымі адно за аднаго. Калі ў сям’і ёсьць п’яніца ці наркаман, то нявінна церпяць усе яе члены. Чалавецтва падобна да групы зьвязаных паміж сабой альпіністаў. Калі адзін падае ўніз, то цягне за сабой іншых. Калі ўзыходзіць уверх, то і іншым падымацца лягчэй”.
 
Як паведамляе Catholic.by, у начным чуваньні ў сталічнай архікатэдры імя Найсьвяцейшай Марыі Панны прынялі ўдзел каля 640 маладых людзей з парафіяў Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі.
 
Казаньне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас малітоўнага чуваньня моладзі 2 красавіка 2011 году ў менскай архікатэдры, у дзень успаміну сьмерці Яна Паўла II “Гэтае салодкае слова свабода”.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 170 разоў (-ы)