Царква
Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 19:21)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

04.04.2011

Уніяцкая парафія ў Кастамлотах разьвіталася са сваім шматгадовым душпастырам

31 сакавіка 2011 году каталіцкая парафія візантыйска-славянскага абраду сьв. Мікіты ў Кастамлотах разьвіталася са сваім шматгадовым душпастырам, духоўным вучнем беларускіх айцоў марыянаў, адданым прыхільнікам еднасьці хрысьціянаў Усходу і захаду, айцом архімандрытам Раманам Пенткам, MIC, які спачыў у Любліне на 74 годзе жыцьця 26 сакавіка. Апошнія гады жыцьця ён моцна пакутаваў ад раку, а трохі больш за год таму яму ампутавалі правую нагу.
   
Мноства кастамлоцкіх вернікаў і сяброў памерлага, у тым ліку і грэка-каталіцкія сьвятары і вернікі з Беларусі, сабраліся, каб разьвітацца з а. Раманам Пенткам у яго былой парафіі. Сустрэць труну з целам спачылага архмандрыта Рамана з царквы сьв. Мікіты выйшла пахавальная працэсія з харугвамі, якая падышла да царкоўнай брамы, каб там павітаць астанкі душпастыр парафіі. Пасля кароткай малітвы пад сьпеў царкоўнага хору труна з спачылам парахам была ўнесена ў царкву.
 
Цэлую гадзіну вернікі чувалі ў малітве і сьпевах пры труне свайго шматгадовага душпастыра ў чаканьні Боскай Літургіі за яго супакой.
 
Урачыстую Літургію сьв. Яна Залатавучнага за супакой душы айца Рамана Пенткі ўзначаліў айцец архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар грэка-католікаў у Беларусі, таксама марыянін. Разам з ім саслужылі 17 сьвятароў візантыйскага абраду (з Беларусі, Польшчы і Расеі) і лацінскага абраду. Акрамя вялікай грамады вернікаў - католікаў абодвух абрадаў і праваслаўных - таксама прысутнічалі грэка- і рыма-каталіцкія семінарысты, манахі-аблаты Беззаганнай Дзевы Марыі з Кодані і прадстаўнікі Ордэну Марыянаў з Любліна.
 
 Перад казаньню, якую меў цяперашні парах у Кастамлотах - а. Зьбігнеў Ніканюк - прадстаўнік Седлецкай рыма-каталіцкай япархіі зачытаў ліст біскупа, напісаны з нагоды сьмерці і пахавання а. Рамана Пенткі. Айцец З. Ніканюк, зьвяртаючыся да прыкладу жыцьця свайго папярэдніка а. Рамана, гаварыў пра неабходнасьць увесь час клапаціцца пра захаваньне жывых сувязяў з Богам.
 
Напрыканцы літургіі слова памяці а. Рамана Пенткі сказалі прадстаўнікі духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (многія з якіх праходзілі ў яго ў парафіі літургічную практыку), а таксама Седлецкай і Люблінскай рыма-каталіцкіх япархіяў ды айцец архімандрыт Сяргей Гаек, як прадстаўнік Задзіночаньня Айцоў Марыянаў.
 
Пасьля еўхарыстычнай літургіі адбыўся абрад развітаньня, які ўзначальваў мясцовы парах а. Зьбігнеў Ніканюк. Затым урачыстай працэсіяй труну з целам спачылага архім. Рамана Пенткі вернікі суправадзілі да аўтамабіля, які даставіў яго назад у Люблін. Цела сьвятой памяці айца архімандрыта Рамана Пенткі будзе спачываць на могілках айцоў-марыянаў у Любліне, якія знаходзяцца на вліцы з сымбалічнай назвай - вул. Уніяцкая.
 
У Любліне ўзначальваў пахавальныя ўрачыстасьці рыма-каталіцкі біскуп Мечыслаў Цісла, адміністратар Люблінскай архідыяцэзіі, разам з ім маліліся 60 сьвятароў лацінскага і візантыйскага абрадаў. Абрады разьвітаньня ў касьцёле марыянаў і пахаваньня на могілках адбываліся як у лацінскім, так і ва ўсходнім абрадзе, гучалі розныя славянскія мовы. Мноства вернікаў, семінарыстаў і сьвятароў з Ордэну Ма рыянаў і прадстаўнікоў розных манаскіх супольнасьцяў ня толькі з Польшчы, але із іншых краінаў (Беларусі, Украіны, Расеі, Латвіі, Італіі і Аўстрыі) суправаджалі сваімі малітвамі ў апошні шлях архім. Рамана Пентку, які імкнуўся сваім жыцьцём і дзеямі служыць рэалізацыі запавету Госпада "Каб усе былі адно". Яго блізкі паплечнік і таксама духоўны вучань беларускіх айцоў-марыянаў архім. Сяргей Гаек сказаў разьвітальнае слова ля труны спачылага.
 
Ад БГКЦ на пахавальных урачыстасьцях у Кастамлотах і ў Любліне разам з Апостальскім Візітатарам архім. Сяргеем (Гаекам) прысутнічалі дэканы Ўсходняга і Цэнтральна-Заходняга протапрасьвітаратаў а. Зьміцер Грышан з Віцебску і а. Яўген Усошын з Менску, а. Андрэй Абламейка з Аўстрыі, а таксама вернікі і семінарысты.

Разьвітаньне з архім. Раманам Пенткай у Кастамлотах:


./images/2011/20110402e.png
Пахавальныя ўрачыстасьці ў Любліне:



Фота з сайту айцоў-марыянаў www.marianie.pl
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 175 разоў (-ы)