Царква
I сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго
(Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце 1:5)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

12.04.2011

Ярарахі хрысьціянскіх Цэркваў Беларусі заклікаюць да малітвы

З нагоды тэракту ў менскім метро, які адбыўся ўвечары, 11 красавіка 2011 году, ярарахі хрысьціянскіх Цэркваў Беларусі зьвярнуліся да вернікаў з заклікам да хадайніцкай малітвы за ўсіх ахвяраў гэтай нечуванай для Беларусі трагедыі.

У афіцыйным паведамленьні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды тэракту ў Менску гаворыцца: “Узрушаныя страшнай трагедыяй у менскім метро 11 красавіка, молімся аб Божай міласэрнасьці і за вечны адпачынак для тых, хто загінуў, і падзяляем боль сем’яў ахвяраў, выпрошваючы для іх суцяшэньне ў цярпеньні. Просім Бога аб ласцы выздараўленьня для ўсіх пацярпелых фізічна і духоўна. Зьвяртаемся з просьбай да сьвятароў арганізаваць у парафіях усёй краіны малітвы і набажэнствы ў гэтых інтэнцыях. Просім усіх вернікаў, асабліва ў гэтыя цяжкія дні, ахвяраваць учынкі міласэрнасьці, пост, міласьціну, каб больш ніколі не паўтарылася гэтае зло, якое прынесла столькі болю бязьвінным людзям. Выказваем сваю салідарнасьць і спачуваньне ўсім пацярпелым”.
 
Сёньня, 12 красавіка 2011 г., вернікі Каталіцкай Царквы лацінскага і візантыйскага абрадаў у Беларусі будуць маліцца за ахвяраў трагедыі ў сталіцы. Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Антон Дзям’янка ўзначаліць сьвятыя літургіі ў касьцёле сьв. Сымона і сьв. Алены і ў архікатэдральным касьцёле Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі.
 
Як паведаміў афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, са зваротам да праваслаўных суайчыньнікаў у сувязі з тэрарыстычным актам у Менску выступіў таксама Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.
 
“Малюся за супакой забітых, прашу літасьці Божай для параненых і веру, што Госпад дасьць сілы сваякам пацярпелых і ўсім нам, каб у духоўным чуваньні і малітве дапамагчы тым, хто апынуўся ў бядзе. Малюся таксама пра спасланьне дапамогі тым, чые прафесійныя здольнасьці цяпер патрэбныя для пераадолення цяжкіх наступстваў трагедыі. Ад імя Беларускай Праваслаўнай Царквы выказваю глыбокае спачуваньне родным і блізкім загінулых, усяму беларускаму народу”, — адзначае праваслаўны ярарх. “Зьвяртаю сваё слова да ўсіх праваслаўных суайчыннікаў з заклікам малітвай і пастом хадайнічаць перад Госпадам за супакой забітых і пра ласкавае заступніцтва для тых, хто церпіць”, - заклікаў Мітрапаліт Філарэт.
 
12 красавіка Мітрапаліт Філарэт у саслужэньні настаяцеля Сьвята-Духава катэдральнага сабора г. Менска протаярэя Генадзя Дзічкоўскага, сакратара Менскага Епархіяльнага ўпраўленьня протаярэя Мікалая Коржыча, асабістага сакратара Патрыяршага Экзарха ігумена Антона (Дароніна), саборнага духавенства адслужыў паніхіду за загінулых і малебен за здароўе тых, хто пацярпеў у выніку тэрарыстычнага акту ў менскім метро. У галоўным праваслаўным храме сталіцы сёньня маліліся родныя і блізкія ахвяраў трагедыі.

Па блаславеньні Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы на працягу 40 дзён будуць маліцца за пацярпелых у выніку тэракту ў менскім метро.

 

 

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 194 разоў (-ы)