Царква
Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца
(Псалтыр 54:23)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

13.04.2011

Бенядыкт XVI: сьвятасьць ня ў тым, каб рабіць незвычайныя ўчынкі

13 красавіка 2011 году, падчас сваёй агульнай аўдыенцыі, Сьвяты Айцец прамовіў катэхезу аб хрысьціянскай сьвятасьці. “Што значыць быць сьвятым? Хто пакліканы да сьвятасьці? – задаўся пытаньнем Пантыфік на пачатку катэхезы. – Часта мы думаем, што толькі некаторыя зьяўляюцца выбранымі для сьвятасьці”. “Аднак, сьвятасьць, поўня хрысьціянскага жыцьця, заключаецца ня ў тым, каб рабіць незвычайныя ўчынкі, але каб паяднацца з Хрыстом, жыць яго таямніцамі, рабіць так, каб яны сталі фундаментам нашых паводзінаў і нашых думак”, – сказаў Сьвяты Айцец.

“Але застаецца пытаньне: якім чынам магчыма прайсьці шлях да сьвятасьці, як адказаць на гэтае пакліканьне? Ці дастаткова толькі маіх уласных намаганьняў? Адказ на гэтае пытаньне відавочны: сьвятое жыцьцё не зьяўляецца толькі плёнам нашых намаганьняў, нашых дзеянняў, таму што Бог, тройчы сьвяты, робіць нас сьвятымі. Гэта справа Сьвятога Духа, Які жывіць нас знутры, гэта жыцьцё Хрыста Ўваскрослага, якое нам было перададзена і якое нас перамяняе, – падкрэсьліў Папа.

Сьвяты Айцец нагадаў словы Другога Ватыканскага Сабора: “Пасьлядоўнікі Хрыста, пакліканыя Богам і апраўданыя ў Госпадзе Ісусе не дзеля сваіх учынкаў, але паводле намеру і ласкі Божай, у хросьце веры сталі сапраўды дзецьмі Божымі і ўдзельнікамі Божай натуры, а праз гэта – сапраўды сьвятымі. Таму яны павінны захоўваць у жыцьці і ўдасканальваць асьвячэньне, прынятае ад Бога. Такім чынам сьвятасьць мае свае карані ў ласцы, атрыманай падчас Тайны Хросту, у еднасьці з Пасхальнай таямніцай Хрыста, праз якую нам быў перададзены Яго Дух і Яго ўваскрослае жыцьцё”.
 
“Бог заўсёды паважае нашу свабоду, – дадаў Пантыфік – ён чакае пакуль мы самі прымем гэты дар і пачнём жыць тым, што гэты дар у сябе зьмяшчае. Ён кліча нас да таго, каб мы дазволілі перамяніць сябе праз пасярэдніцтва Духа Сьвятога, яднаючы нашу волю з воляй Бога”.
 
Наступныя пытаньні, на якія даў адказ Сьвяты Айцец, датычылі таго, якім чынам зрабіць так, каб наш спосаб мысьленьня і нашыя дзеяньні сталі думкамі і ўчынкамі Хрыста. “Яшчэ раз Другі Ватыканскі Сабор дае нам дакладнае настаўленьне, – сказаў Папа. -– Ён кажа, што хрысьціянская сьвятасьць зьяўляецца любоўю, якой жывеш у поўні (...) Бог уліў Сваю любоў у нашыя сэрцы праз дзейнасьць Духа Сьвятога, Які нам быў пасланы; таму самым галоўным і першым дарам зьяўляецца любоў, якой мы любім Бога і бліжняга”. “Таму, каб любоў, як добрае семя ўзрастала ў нашых душах і прыносіла плён, кожны вернік павінен з ахвотай слухаць Божае слова, з дапамогай ласкі выконваць Яго волю. Акрамя таго, часта ўдзельнічаць у сьвятых Тайнах і сьвятой Літургіі; маліцца, стрымліваць сябе і служыць бліжнім”, –- сказаў Бенядыкт XVI. Далей Папа ўзгадаў словы сьвятога Аўгусціна: “Калі ты маўчыш – маўчы з любоўю; калі кажаш – кажы з любоўю; калі настаўляеш кагосьці – настаўляй з любоўю; калі прабачаеш – прабачай з любоўю”.
 
“Можа, мы спытаемся: ці магчыма для нас, улічваючы нашую слабасьць і абмежаванасьць, сягаць так высока? Царква на працягу літургічнага году, запрашае нас узгадваць шматлікіх сьвятых, тых, хто ў поўні жыў любоўю, тых, хто ўмеў любіць і насьледаваць Хрыста ў сваім штодзённым жыцьці. Яны нам паказваюць, што прайсьці гэты шлях магчыма. У кожную гістарычную эпоху, у розных кутках планеты, сьвятыя належалі да розных узроставых і сацыяльных груп, да розных нацыяў і моваў. Часта гэта вельмі простыя асобы, нармальныя, бяз бачнага зьнешняга гераізму, аднак у іх штодзённай дабрыні бачна праўда веры. Гэтая дабрыня, у якой яны ўзрасталі праз веру Царквы, для мяне зьяўляецца найлепшай апалогіяй хрысьціянства і знакам таго, у чым праўда”.

Напрыканцы сваёй катэхезы Пантыфік заклікаў усіх “адкрыцца на дзейнасьць Сьвятога Духа, Які перамяняе нашыя жыцьці, для таго, каб мы таксама сталі часткай вялікай мазаікі сьвятасьці, якую Бог пажадаў стварыць для гэтага сьвету”. “Ня бойцеся ісьці да вяршыняў Бога; ня бойцеся, што Бог патрабуе шмат, аднак дазволім Яму весьці нас Cваім Словам у нашым штодзённым жыцьці, нават калі мы адчуваем сябе беднымі, нягоднымі, грэшнымі: гэта Ён пераменіць нас праз сваю любоў”, – сказаў Бенядыкт XVI.
 
Пасьля катэхезы Папа з дапамогай тэлемаста зьвярнуўся да ўдзельнікаў маючай адбыцца 15-17 красавіка 2011 г. у Мельбурне Трэцяй нацыянальнай сустрэчы сем’яў. Ён заклікаў удзельнікаў форуму “паглыбляць свае адносіны з яшчэ адной сям’ёй Бога, якой зьяўляецца Царква”, а таксама “станавіцца сапраўднымі героямі для чалавецтва, сьведкамі культуры любові і еднасьці, жыцьця і стабільнасьці”.

Паводле Radiovaticana.org/BIE

На фота: Папа Бенядыкт XVI на генеральнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане, 13 красавіка 2011 г.
Фота з сайту
Daylife.com
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 210 разоў (-ы)