Царква
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна
(3 запаведзь, Выхад 20:7)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

18.04.2011

“Сапраўдныя беларусы пойдуць туды, дзе пануе беларускі дух”

Пад такой назвай у газеце “Народная воля” 22 сакавiка 2011 году выйшаў артыкул С.Кліменценка, прысьвечаны ўражаньням пасьля прэзентацыі навукова-папулярнага нарысу доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча “Уніяцкая Царква ў Беларусі. Этнакультурны аспект”. Гэтая праца выйшла ў менскім выдавецтве “Кнігазбор” напрыканцы 2010 году. Кніга напісаная аўтарам амаль два дзесяцігоддзі таму, аднак толькі зараз аўтар змог яе выдаць, ды і тое — накладам усяго 100 асобнікаў.
   
Прэзентацыя гэтай кнігі праф. Леаніда Лыча адбылася падчас адной з сёлетніх сустрэчаў грэка-каталіцкага Клубу інтэлігэнцыі імя Кірылы Тураўскага, які дзейнічае пры менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа.

За час, які мінуў з моманту напісаньня гэтага нарысу па гісторыі Уніі, пэўныя падыходы і ацэнкі аўтара падаюцца сёньня надта спрошчанымі, месцамі ёсьць недакладнасьці, што напэўна, можна патлумачыць недахопам адпаведнай літаратуры і крыніц па тэме, у гады, калі пісалася праца. Тым ня менш, зважаючы на зусім невялікую колькасьць выданьняў, прысьвечаных гісторыі Ўніяцкай Царквы ў Беларусі, якія выйшлі за гэтыя два дзесяцігоддзі, і гэтая праца Леаніда Лыча ёсьць укладам у беларускае ўніязнаўства.

Напісаная ў папулярным стылі, кніга Л.Лыча будзе найперш цікавай звычайнаму чытачу, які хоча больш даведацца пра ўніяцтва ў Беларусі. Пра гэтую ціквасьць сьведчаць і водгукі тых, хто прачытаў яе або даведаўся пра яе зьмест з прэсы.

Тым, хто жадае пазнаёміцца з кнігай Леаніда Лыча “Уніяцкая царква Беларусі. Этнакультурны аспект”, раім зьвяртацца ў бібліятэкі пры грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі.

Ніжэй прапануем артыкул С.Кліменценка з газеты “Народная воля” (аўтарскі стыль, мова і правапіс захаваныя).

«Сапраўдныя беларусы пойдуць туды, дзе пануе беларускі дух»,  — упэўнены знаны гісторык Леанід Лыч, які прэзентаваў сваю кнігу «Уніяцкая царква Беларусі». Уражвальны факт прыведзены ў кнізе: напярэдадні далучэння нашага краю да Расійскай імперыі (1795 г.) амаль 80 працэнтаў яго насельніцтва — нашых продкаў — трымаліся ўніяцкай (грэка-рымскай, ці грэка-каталіцкай) веры.
 
А што ж такое унія? Ці шмат мы ведаем пра яе? “Сёння для большасці сучасных беларусаў гэтае паняцце — рэч за сямю пячаткамі”, — заўважае аўтар кнігі. Чаму ж так сталася, што мы згубілі свой вялікі духоўны скарб — нацыянальную, народную рэлігію — задаецца ён пытаннем і прыходзіць да высновы: “Больш цярністым і складаным яе шлях ужо і не мог быць”. Бо найцяснейшым чынам знітаваны з пакутнай гісторыяй нашага народа, яго змаганнем за ўсведамленне і станаўленне сябе як адзінай нацыі, за ўмацаванне сваёй дзяржаўнасці.
 
Пошук адказу на няпростыя пытанні быў таксама няпросты. У савецкі час само слова “ўніяцтва” калі і ўжывалася, то ў рэзка адмоўным сэнсе. Аднойчы, згадвае Леанід Міхайлавіч, яму ў рукі трапіла брашурка тагачаснага адыёзнага прапагандыста, які суцэльнай чорнай фарбай мазаў веру нашых прашчураў. Закарцела даведацца, ці так яно, ці насамрэч, як у таго “змагара з опіумам” напісана.
 
Стаў шукаць праўду па крупінках, прабівацца ў розныя архівы, раскопваць маладаступныя тады крыніцы — даследаванні беларускіх, рускіх, польскіх і іншых навукоўцаў, чытаць айчынную і замежную перыёдыку. І сам напісаў кнігу, якая, па зразумелых прычынах, не магла тады ўбачыць свет і толькі зараз выпушчана выдавецтвам “Кнігазбор”. Праўда, зусім невялічкім накладам — усяго 100 асобнікаў, так што адразу — рарытэт.
 
Пагартаем кнігу разам з аўтарам. Канец X стагоддзя — прыход хрысціянства на землі нашай Бацькаўшчыны, далейшае разгалінаванне яго на некалькі канфесій, найбуйнейшымі з якіх сталі сярод карэннага насельніцтва праваслаўе і каталіцызм... Несупыннае памкненне суседніх, больш магутных дзяржаў — Масковіі і Польшчы — пашырыць сваю тэрыторыю за кошт земляў Вялікага Княства Літоўскага праз выкарыстанне духоўнага падзелу нашага народа, прыцягнення пад свой уплыў з боку Польшчы вернікаў-каталікоў, а з боку Рускай дзяржавы — праваслаўных. Выспяванне ў галовах царкоўных іерархаў і кіраўнічай эліты ВКЛ неабходнасці моцнага рэлігійнага фактару, здольнага яднаць насельнікаў краю, а значыць, і мацаваць краіну ў абароне ад несправядлівых прэтэнзій і агрэсіўных планаў перш за ўсё рускіх князёў, заадно з якімі была Маскоўская Мітраполія. Так нараджалася на нашых землях, услед за многімі краінамі Еўропы, новая самастойная плынь у хрысціянстве — царкоўная ўнія, што ў перакладзе з латыні азначае “саюз, адзінства”.
 
...Нарэшце, праз пераадоленне мноства перашкод і супярэчнасцяў — гістарычны кастрычніцкі дзень 1596 года, які праз смугу стагоддзяў ярка паўстае пад пяром даследчыка. Дзеля ўрачыстага падпісання і абвяшчэння царкоўнай уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у наш старажытны горад Бярэсце сабралася мноства высокіх духоўных асоб і дзяржаўных дзеячаў. Сярод іх былі патрыяршыя экзархі з Канстанцінопаля і Александрыі, епіскапы Валадзімірскі і Луцкі, адданыя свайму краю канцлер ВКЛ Леў Сапега, магнат Мікалай Радзівіл, князь Канстанцін Астрожскі і іншыя мудрыя людзі, якія ў саюзе дзвюх хрысціянскіх цэркваў бачылі гарантыю спынення канфліктаў між вернікамі, заслон на шляху як паланізацыі, так і русіфікацыі ліцвінаў.
 
ГІСТОРЫЯ ПАКАЗАЛА: УНІЯ САПРАЎДЫ ЎРАТАВАЛА КРАІНУ АД МНОГІХ БЕД. Яна ўсё больш “вучылася” ўвасабляць духоўныя патрэбы і жыццёвыя інтарэсы свайго народа і ўсё шырэй распаўсюджвалася сярод простага люду, сялянства. Тым болей што пры захоўванні асноўных праваслаўных абрадаў ва ўніяцкія храмы замест незразумелай для большасці царкоўнаславянскай ці польскай моў прыйшла свая, родная для карэнных жыхароў краю. Новая вера будавалася на нацыянальных традыцыях і, натуральна, з цягам часу стала пануючай на тэрыторыі Вялікага княства. Нават вядомы тагачасны рэлігійны дзеяч і пісьменнік Мялецій Сматрыцкі (1572—1630), гарачы апалагет праваслаўя, прызнаў свае ранейшыя кнігі ерэтычнымі і перайшоў у грэка-каталіцкую — уніяцкую царкву, да якой належаў і вялікі асветнік Сімяон Полацкі.
 
Але паступовае ўкараненне новай веры ў душах ліцвінаў выклікала моцнае непрыяцце, варожасць і супраціў з боку Польскай Кароны і Рускай дзяржавы. Для каталіцкай (прапольскай) і праваслаўнай (прамаскоўскай) цэркваў, як і для іх дзяржаўных уладароў, уніяцкая рэлігія на абсягах ВКЛ была зусім не ў іх інтарэсах, замінала сквапным разлікам на авалоданне гэтым спакуслівым кавалкам зямлі.
 
Аўтар нагадвае шырока вядомы гістарычны факт, калі расійскі самадзержац Пётр I, падчас Паўночнай вайны апынуўшыся ў Полацку, заявіўся 11 ліпеня 1705 года са сваёй світай і сабакам-зверам у Кафедральную царкву Святой Сафіі. Тут маліліся дзевяць уніяцкіх святароў і манахаў. Цар стаў чапляцца да іх, зневажаць. А заўважыўшы ля алтара выяву пакутніка за веру Св.Юзафата Кунцэвіча, зусім ашалеў і выхапіў шаблю... Ягонаму прыкладу паследавалі Меншыкаў і іншыя спадзвіжнікі, учынілі ў храме дзікую крывавую сечу. Чатыры святары ў страшных здзеклівых катаваннях аддалі Богу душу, іх целы былі спалены, а попел развеяны над Дзвіной. Тыя ж, што выжылі, былі кінуты ў вязніцы. Пагром уніяцкіх храмаў і гвалт над вернікамі разам са спусташэннем краю адбываўся паўсюдна, дзе агнём і мячом па галовах насельнікаў нашай зямлі прасякаў сваё “окно в Европу” расійскі самадзержац.
 
Толькі адзін гэты факт высвечвае жорсткую рэальнасць: усе, хто квапіўся на нашу зямлю, перш за ўсё браўся за паняволенне людскіх душ — праз рэлігію, мову, гістарычную памяць. Таму самыя трагічныя для ўніяцтва дні, сведчыць аўтар кнігі, надышлі з далучэннем нашага краю да Расіі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла ВКЛ: “Дзівішся, адкуль толькі моц бралася ва ўніятаў у адстойванні сваіх рэлігійных традыцый, на якія рабілі замах такія дзве магутныя канфесіі — каталіцкі касцёл і праваслаўная царква”.
 
Адданасць нашых продкаў сваёй рэлігіі была перашкодай для суцэльнай русіфікацыі краю, таму, нягледзячы на сваё абяцанне шанаваць мясцовыя звычкі, Кацярына ІІ пры падтрымцы праваслаўнага духавенства ўчыніла такі націск на ўніятаў, што хутка ажно тры мільёны ўкраінцаў і нашых землякоў былі далучаны да ўсходняй царквы. Усё ішло ў ход — угаворы і подкуп праз гарантыі “ільгот” царкоўным іерархам, высылка, застрашванне, прымус, гвалт, канфіскацыя маёнткаў і маёмасці нязгодных, катаванні, масавае спальванне ўніяцкіх кніг. Разам з расійскімі папамі нярэдка ішлі расійскія жаўнеры...
 
У Паўночна-Заходнім краі, дзе зусім нядоўга праіснавала назва “Беларусь”, пад фактычнай забаронай апынуліся і сама назва, і наша мова, і ўніяцкае веравызнанне. Працэс “добраахвотнага” далучэння ўніяцтва да праваслаўнай царквы, а фактычна яе ліквідацыі, ішоў, так бы мовіць, “ударнымі тэмпамі”. 30 сакавіка 1839 года імператар Мікалай І падпісвае складзеную па ягоным указе грамату Найсвяцейшага Сінода аб скасаванні Берасцейскай уніі. Трапна выказаўся пра сутнасць гэтага дзейства адзін з выдатных змагароў за Беларускае нацыянальнае Адраджэнне ў пачатку ХХ стагоддзя Вацлаў Ластоўскі. “Даўней многа было сярод беларусаў уніятаў, якія прынялі царкоўную еднасць, але царкоўную ўнію збурыў маскоўскі ўрад, хочучы абмаскаліць беларусаў”.
 
Далейшы ход падзей толькі пацвердзіў гэтую выснову. НАСТУПСТВЫ ЖОРСТКАГА ЗНІШЧЭННЯ ЎНІЯЦТВА АКАЗАЛІСЯ ЖУДАСНЫМІ ДЛЯ НАШАГА КРАЮ, прывялі да раз’ядноўвання народа, заняпаду нашай мовы і культуры ў жорнах паланізацыі і русіфікацыі, пры несканчонай барацьбе за беларускія душы (і землі), “перацягванні каната” між Польшчай і Расіяй.
 
Можна сапраўды дзівіцца, як пасля ўсіх падобных катаклізмаў яшчэ нешта беларускае, хоць і ў кволым, знявечаным стане, выжыла на нашай зямлі.
 
Няўжо дарагая сэрцу прашчураў вера, якая была апірышчам іх духу, ужо — толькі гісторыя, прадмет вывучэння, навекі зніклая мінуўшчына? У Леаніда Міхайлавіча Лыча іншая думка. Не без надзеі глядзіць ён у будучыню, радуецца пакуль нясмелым парасткам уніяцтва, што прабіваюцца сёння скрозь перашкоды і непаразуменні на Божы свет. Выказвае шчырую пашану землякам замежжа, многія з якіх трымаюцца рэлігіі сваіх дзядоў-прадзедаў. Нізка кланяецца айцу Аляксандру Надсану, які жыве ў Лондане, але час ад часу наведваецца на Радзіму, за дзейсную і шчодрую падтрымку ўніяцкага руху ў сённяшняй Беларусі. Усцешаны тым, што да уніяцтва цягнуцца нацыянальна свядомыя патрыёты. Што ПАМЯЦЬ АБ ТОЙ ВЕРЫ, ЯКУЮ СПАВЯДАЛІ ПРОДКІ, УСЁ Ж НЕ РАЗВЕЯНА ПОПЕЛАМ, НЕ ВЫРВАНА З КАРЭННЕМ, чаго намагаліся яе апантаныя непрымальнікі. Часам нават падсвядома жыве яна ў народзе, з якім гаварыла і гаворыць на яго роднай мове і чые інтарэсы выказвае. Вось і ў роднай вёсцы Леаніда Лыча на Уздзеншчыне землякі, якія, падобна, нічога і не чулі пра ўнію, па даўняй традыцыі называюць дзяцей уніяцкімі імёнамі...
 
— Веру, што рана ці позна, а сапраўдныя, свядомыя беларусы вернуцца да сваёй царквы, дзе пануе беларускі дух і душа злучаецца з Небам праз спрадвеку роднае слова, — гаворыць ён.
 
...Хлопчык — дарэчы, выдатнік вучобы аднаго з мінскіх ліцэяў, што сядзеў падчас прэзентацыі кнігі Леаніда Міхайлавіча побач са мной, прызнаўся, нібы адказваючы мудраму прафесару:
 
— Хачу стаць уніяцкім святаром, даўно думаю аб гэтым. А пакуль старанна наведваю нядзельную ўніяцкую школу...
 
Сьвятлана Кліменценка, “Народная воля”, 22 сакавіка 2011 г.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 317 разоў (-ы)