
02.05.2009
Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўпершыню з 1996 году наведаў з візітам адну з краін Еўразьвязу — Італію.
У Ватыкане ён меў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Бенядыкта XVI, правёў перамовы з дзяржаўным сакратаром Сьвятога Пасаду кардыналам Тарчызіё Бэртонэ. Запланаваная таксама нефармальная сустрэча Лукашэнкі з уладамі Італіі — увечары беларускі кіраўнік запрошаны на вячэру з удзелам прэм’ер-міністра Сільвыё Бэрлусконі й міністра замежных спраў Франка Фратыні. Аляксандар Лукашэнка наведвае Рым разам са сваім малодшым сынам Міколам.
Аўдыенцыя Аляксандра Лукашэнкі ў папы Бенядыкта XVI доўжылася паўгадзіны. На ёй беларускі кіраўнік прызнаў, што “сустрэча зацягнулася на доўгія гады”, але ён рады, што яна ўрэшце адбылася. Пасьля размовы сам-насам з папам Аляксандар Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што яго наступная сустрэча з Бенядыктам XVI адбудзецца ўжо ў Беларусі, і перадаў пантыфіку запрашэньне прыехаць з візітам у адказ.
“Калі вы знойдзеце час, мы сустрэнемся на беларускай зямлі. Калі на тое будзе воля Божая”, — адзначыў Лукашэнка, разьвітваючыся з пантыфікам у Апостальскім палацы. З Тарчызіё Бэртонэ Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў падрыхтоўку да падпісаньня пагадненьня паміж урадам Беларусі і Каталіцкай Царквой, аналагічнага таму, якое падпісала Праваслаўная Царква.
Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан адрозьніваўся ад таго, як звычайна прымаюць у Ватыкане іншых кіраўнікоў дзяржаў, зазначыў “Свабодзе” кіраўнік беларускай службы Радыё Ватыкана Клаўдзі Рабінэ. Нават пра сам прыезд афіцыйна пацьвердзілі ў апошні момант:
“Гэта не дзяржаўны візыт, гэта рабочы візыт кіраўніка дзяржавы, якая мае са Сьвятым Пасадам, з Ватыканам, нармальныя дыпляматычныя адносіны. Калі кіраўнік дзяржавы просіць, каб яго прынялі, то канечне, гэта трэба рабіць, нават калі й ня вельмі хочуць”.
У візіце бралі ўдзел міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, амбасадар пры Сьвятым Пасадзе Сяргей Алейнік і малодшы сын Лукашэнкі Мікалай. Усе яны былі прадстаўленыя Папу Рымскаму. Аляксандар Лукашэнка падарыў папу ікону, Мікола — расейскамоўны буквар, каб папа для прыезду ў Беларусь вывучыў расейскую мову. Папа ў адказ падараваў памятны медаль.
Прэсавая служба Ватыкану паведаміла па выніках аўдыенцыі, што сустрэча папы Бенядыкта XVI і Аляксандра Лукашэнкі адбылася ў “пазітыўнай атмасферы”. У часе яе былі разгледжаныя пытаньні, зьвязаныя з міжканфесійным і культурным дыялогам, а таксама з некаторымі ўнутранымі праблемамі ў краіне — у тым ліку пра стан Каталіцкай Царквы ў Беларусі і персьпектывы супрацоўніцтва паміж бакамі.
Гэта ня першая спроба Лукашэнкі вярнуцца ў Еўропу праз Ватыкан.
На думку кіраўніка беларускай службы Радыё Ватыкана Клаўдзія Рабінэ, сустрэча карысная перш за ўсё для Аляксандра Лукашэнкі, і то з палітычных прычын:
“Думаю, што хутчэй гэта прэзідэнт Лукашэнка шукае для сябе магчымасьцяў, каб вярнуцца ў Еўропу. Гэта ня першая ягоная спроба зрабіць такое вяртаньне праз Ватыкан. Такое рабілася яшчэ ў часы Яна Паўла II ”.
Дырэктар беларускай службы Радыё Ватыкана Клаўдзі Рабінэ зазначыў, што пасьля Аляксандра Лукашэнкі Папа Рымскі прыняў ангельскага прынца Чарлза, і пра гэты візіт італійскія СМІ пісалі болей, чым пра прыезд беларускага кіраўніка.
У дзень прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў Рым у газеце Corriere della Sera быў апублікаваны адкрыты ліст італьянскага міністра замежных спраў Франка Фратыні на адрас беларускага кіраўніка.
Урад Італіі заклікае прэзідэнта Лукашэнку “паважаць правы і асноўныя свабоды беларускіх грамадзянаў”. У Рыме выказалі спадзеў, што візыт беларускага кіраўніка ў Італію будзе садзейнічаць сумесным намаганьням у справе набліжэньня Беларусі да дэмакратычных стандартаў і еўрапейскіх каштоўнасьцяў, падкрэсьліў у сваім звароце да Аляксандра Лукашэнкі міністар Фратыні.
Валер Каліноўскі, Радыё "Свабода", 27.04.2009.
Гл. таксама:
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
Ватыканскі ярарх назваў адраджэньне БГКЦ сапраўдным цудам
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
Бенядыкт XVI у 2010 годзе прыедзе ў Беларусь?
Лукашэнка сустрэнецца з Папам Рымскім