Царква
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе
(5 запаведзь, Выхад 20:12)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

25.04.2011

Айцец Аляксандар Надсан: адмовімся ад нянавісьці да таго, хто нас крыжуе

З нагоды сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага з велікоднымі разважаньнямі да вернікаў зьвярнуўся Апостальскага Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.
   
ВЕЛІКОДНЫЯ ДУМКІ
 
“Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі! Сёньня Пасха Гасподняя, пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі да неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі”.
 
Гэтымі словамі пачынаецца Велікодны гімн (канон) сьвятога Яна Дамаскіна.
 
Пасха – слова габрэйскага паходжаньня. Яно азначае выхад на волю з Ягіпту пад правадырствам Майсея абранага народу пасьля чатырохсотгадовага зьняволеньня. І вось гэтая падзея стала вобразам таго, што зьдзейсьніў Ісус Хрыстос, які сваім устаньнем з мёртвых вызваліў нас з няволі сьмерці, прывёўшы да вечнага жыцьця з Ім.
 
Насамрэч гэта было абнаўленьне людзкога роду, акт новага тварэньня, як скажа пасьля сьвяты Павел: “Хто ў Хрысьце, той новае стварэньне: старое мінула, вось сталася ўсё новае” (2 Кар 5:17).
 
Вялікдзень – радаснае сьвята, але нельга забыцца, што яго апярэджвала Вялікая Пятніца, калі Госпад Ісус памёр на крыжы. Сам бязьвінны, Ён даў сябе ў ахвяру як выкуп за нашыя грахі. Сьвяты Пётра прыпамінае нам, што мы “адкупленыя... ня марным срэбрам ці золатам, але найдаражэйшай крывёю Хрыста, як ягняці беззаганнага і без пракуды” (1 Пт 1:18-19).

Габрэі, сутыкнуўшыся з цяжкасьцямі жыцьця ў пустыні, куды іх вывеў Майсей, пачалі наракаць: “Лепш бы нам было памерці ад рукі Госпада ў зямлі Эгіпэцкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі мы елі хлеба ўдосталь!” (Вых 16:3). Іншымі словамі, яны сталі перад выбарам між свабодаю з усімі яе цяжкасьцямі і тым, што звычайна называецца “чаркай і скваркай”. У падобны спосаб і мы сёньня стаім перад выбарам: быць ці ня быць нам з Хрыстом, Які памёр за нас і ўваскрос. Сьвяты Павел кажа: “Калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім жыць будзем” (Рым 6:8), бо “Калі Ён памёр, дык памёр раз для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. Так і вы лічыце сябе памерлымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе” (Рым 6:10-11).
 
Сёньня беларусы зьбіраюцца адзначаць Вялікдзень пад ценем жахлівых падзеяў, што днямі здарыліся ў Менску. Нашыя думкі і сэрцы з сем’ямі загінулых і з ўсімі пацярпелымі. У гэтых трагічных абставінах ці знойдзем мы ў сабе дастаткова духоўнай сілы, каб, – не адмаўляючы патрэбы знайсьці адказных за гэты ўчынак, за што яны павінны атрымаць згодна з вымогамі справядлівасьці, – адмовіцца ад нянавісьці, а пайсьці сьледам за Хрыстом, Які на крыжы маліўся за тых, што Яго ўкрыжавалі: “Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць”(Лк 23:34)? Гэта быў бы першы крок да агульнага прымірэньня і духоўнага ацаленьня.
 
Хочацца закончыць гэтыя кароткія разважаньні словамі Велікоднай службы:
 
“Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; скажам: “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля Ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
& nbsp;
а. Аляксандар Надсан
 Вялікдзень 2011 г.
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 196 разоў (-ы)