Царква
Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - іня будзе пачуты
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 21:13)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

26.04.2011

Дабравесьце на заходнепалескай гаворцы гучала на Велікодным сьвяце ў Берасьці

На сьвяточнай велікоднай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага ў грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апоcталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці 24 красавіка 2011 году ўпершыню ў гісторыі Царквы Хрыстовай Евангельле чыталася на матчынай мове карэнных жыхароў Заходняга Палесься.
   
У хрысьціянаў усходняга абраду існуе традыцыя на сьвята Пасхі Хрыстовай падчас сьвяточнай Літургіі чытаць Дабравесьце на розных мовах. “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам...” Традыцыя чытаць гэты велікодны ўрывак з Евангельля сьв. апостала Яна пра спрадвечнае Слова Божае на некалькіх розных мовах добра прыжылася ў грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці. Зазвычай Дабравесьце абавязкова чытаецца па-беларуску і на старажытных літургічных мовах Царквы: на агульнай для ўсіх усходніх славянаў візантыйскай традыцыі царкоўнаславянскай мове, а таксама на грэцкай ды лацінскай. Сярод вернікаў у Берасьці ёсьць тыя, хто мае ўкраінскія, расейскія, польскія, нямецкія карані. Таму, як правіла, у дзень Пасхі на ўрачыстай багаслужбе ў берасьцейскай царкве чытаецца гэты евангельскі ўрывак таксама і на гэтых мовах ды яшчэ й на ангельскай, французскай, італійскай мовах.
 
Сёлетнія пасхальныя ўрачыстасьці ў грэка-католікаў Берасьця сталі адметныя тым, што, напэўна, упершыню ў гісторыі хрысьціянскай Царквы евангельская вестка пра спрадвечнае Слова Божае, пра “Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет”, у храме сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя загучала і па-заходнепалеску, на мікрамове аўтахтонных жыхароў Берасьцейска-Пінскага Палесься. Усе прысутныя вернікі з вялікай цікавасьцю слухалі евангельскі тэкст, які сьвятар даручыў прачытаць вядомаму на Берсьцейшчыне сябру Саюза беларускіх пісьменьнікаў сп. Аляксею Філатаву, які прысутнічаў на пасхальнай урачыстасьці ў Берасьці.
 
Такая магчымасьць зьявілася дзякуючы таму, што ў канцы 2010 году пабачыў сьвет пераклад асноўнай часткі Новага Запавету на заходнепалескую гаворку, зроблены кандыдатам філалагічных навук Фёдарам Клімчуком – напэўна, найлепшым знаўцам заходнепалескіх гаворак у Беларусі, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў іх дасьледаваньню.

Пераклад тэкстаў Сьвятога Пісьма зроблены сп. Ф. Клімчуком на аснове яго матчынай мовы –
гаворкі вёскі Сыманавічы Драгічыньскага раёну. Для перакладу на заходнепалескую гаворку былі выкарыстаныя адпаведныя тэксты Новага Запвету ў перакладзе на беларускую, расейскую, царкоўнаславянскую, польскую мовы. Над перакладам аўтар пачаў працаваць яшчэ ў 1980-ыя гады і праца гэтая доўжылася амаль два дзесяцігоддзі. Як адзначае ў сваёй прадмове аўтар, падчас перакладу Евангельляў і іншых тэкстаў Новага Запавету ён нават адчуў асаблівую ацаляльную моц Божага Слова.

Выданьне надрукавана зусім невялікім накладам – 200 асобнікаў, адзін з якіх быў падораны ў бібліятэку грэка- каталіцкай парафіі ў Берасьці.

 
Народныя гаворкі на Заходнім Палесьсі імкліва разбураюцца пад уплывам русіфікацыі ды зьнікаюць разам з іх носьбітамі. Тое, што ў царкве ў Берасьці на Вялікдзень гучала Слова Божае па-заходнепалеску, ёсьць своеасаблівым знакам пашаны да ўсіх памерлых продкаў і старэйшага пакаленьня жыхароў Берасьцейска-Пінскага Палесься, якія захавалі і перадалі нам хрысьціянскую веру.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 214 разоў (-ы)