Царква
Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву, ні схаванага, што не зрабілася б вядомым і ня выкрылася б
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 8:17)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

26.04.2011

Першаярарх УГКЦ даслаў “лісты сулучнасьці” зьверхнікам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў

У Канцылярыі Вярхоўнага Архібіскупа Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы 18 красавіка 2011 году паведамілі, што Зьверхнік Царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) упершыню пасьля ўзыходжаньня на пасад Першаярарха УГКЦ накіраваў “лісты сулучнасьці” усім усходнім каталіцкім патрыярхам і вярхоўным архібіскупам.
   
Паводле паведамленьня Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ, 7 красавіка “лісты сулучнасьці” былі дасланыя кардыналу Антону Нагібу, Патрыярху Копцкай Каталіцкай Царквы, кардыналу Эмануілу III Дэлі, Патрыярху Халдэйскай Каталіцкай Царквы, Ігнату Юсіфу III Юнану, Патрыярху Антыёхскай Каталіцкай Царквы, Рыгору III Лагаму, Патрыярху Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, Нэрсэсу Бедросу XIX Тармуні, Патрыярху Армянскай Каталіцкай Царквы і новаабранаму Зьверхніку Мараніцкай Царквы Бехару Бутрасу Раі.
 
“Лісты сулучнасьці” атрымалі таксама Вярхоўны Архібіскуп Маран Мор Базыль Кліміс, Зьверхнік Сірыйска-Маланкарской Каталіцкай Царквы, і Люцыян Мурэшан, Зьверхнік Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Для Сірыйска-Малабарскай Царквы “ліст сулучнасьці” быў накіраваны на імя біскупа Боска Путура, Адміністратара гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы ў Індыі, якая цяпер выбірае новага Першаярарха пасьля сьмерці папярэдняга зьверхніка кардынала Варкея Вітхаятхіла.
 
Паводле старажытнай традыцыі, зьверхнікі памесных Цэркваў, патрыярхі або архібіскупы падтрымлівалі царкоўную сулучнасьць праз наведваньні або лісты “litterae communionis”, г. зн. “лісты сулучнасьці”. Прыкладам такіх наведваньняў стаў нядаўні візіт у Кіеў Патрыярха Рыгора III, Першаярарха Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы, з нагоды інтранізацыі новага Зьверхніка УГКЦ Вярхоўнага Архібіскупа Сьвятаслава (Шаўчука).
 
Што да саміх лістоў, то іх зьместам звычайна былі важныя падзеі з жыцьця памесных Цэркваў, пра якія зьверхнікі гэтых Цэркваў хацелі паведаміць сваіх братоў па веры. Пасьля выхаду УГКЦ з падпольля зьверхнікі УГКЦ кардынал Міраслаў Іван (Любачыўскі) і кардынал Любамір (Гузар) падтрымлівалі гэтую традыцыю і адпраўлялі “лісты сулучнасьці” пасьля правядзеньня Сінодаў біскупаў УГКЦ.
 
У сваіх першых “лістах сулучнасьці” Зьверхнік УГКЦ, пасьля кароткага паведамленьня пра ход Выбарчага Сіноду, інфармацыі пра пацьверджаньне выбару Папам, расповеду пра цырымонію інтранізацыі ў Патрыяршым саборы і аўдыенцыю ў Папы Бенядыкта ХVI, зьвярнуўся да першаярархаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў з такімі словамі: “Выдатныя адносіны, устаноўленыя з Вамі маім паважаным папярэднікам, зьяўляюцца таксама і для мяне ўпрывілеяваным спосабам прадаўжэньня сумеснага шляху, абмену досьведам і навінамі дзеля ўмацаваньня агульных пазіцыяў, якія б умацавалі нашу ідэнтычнасьць у Паўсюднай Царкве, у сьвеце ды ў экуменічным дыялогу. Маю надзею, што вялікая адкрытасьць, выяўленая да гэтага часу, ня толькі захаваецца, але і атрымае яшчэ большае разьвіцьцё”.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 282 разоў (-ы)