Царква
Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім... палюбі блізкага твайго, як самога сябе на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 22:37-40)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

29.04.2011

Айцец Пётр Рудкоўскі: грамадзкае вымярэньне праўды

У сваім чарговым матэрыяле на тэму сацыяльнай навукі Каталіцкай Царквы а. П.Рудкоўскі ў сваёй аўтарскай рубрыцы на Catholic.By разважае пра атручанае маральнае асяроддзе посткамуністычнага грамадзтва і досьвед Чэхіі, «фенаменалогію хлусьні» і неабходнасьць вярнуць праўду ў прыватнае і грамадзкае жыцьцё.


./images/2011/BE57C264-047D-4F56-A9B9-EB878E6E5749_mw800_mh600_s.jpgКалі на хвалі Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславакіі Вацлаў Гавел быў вынесены на пасаду кіраўніка дзяржавы, праблемаў было непачаты край. Як жа трапна апісаў тую сітуацыю Джордж Вайгель: «Краіна вырабляла тавары, якіх за мяжой ніхто не хацеў купляць, у той час як у самой краіне не хапала самых асноўных тавараў. “Дзяржава рабочых” эксплуатавала гэтых рабочых і марнатравіла скупыя рэзервы айчыннай энэргіі. Сістэма адукацыі дысфункцыянальная. Сярэдні ўзровень жыцьця самы нізкі ў Еўропе. Паветра, вада і зямля былі жахліва забруджаныя».
 
Вось у якім стане атрымаў у спадчыну краіну Вацлаў Гавел ад камуністычных папярэднікаў. Аднак у сваім першым звароце да народу ён замест таго, каб зводзіць рахункі з палітычнымі апанентамі (маўляў, вось да чаго яны давялі!), указаў на глыбінную праблему чэхаславацкага грамадзтва:
 
«Найгорш, аднак, тое, што мы жывем у атручаным маральным асяроддзі. Адчуваем сябе маральна хворымі, бо мы прывыклі гаварыць адно, а думаць другое. Мы навучыліся ня верыць ні ў што, грэбаваць адно другім, клапаціцца толькі пра сябе саміх. (...)
  
 Калі гавару пра атручаную маральную атмасферу (...), то гавару пра ўсіх нас. Мы ўсе прывыклі да таталітарнай сістэмы і прынялі яе як незваротны факт, прычыняючыся тым самым да яго замацаваньня. Інакш кажучы, мы ўсе — хоць, канечне ж, у рознай ступені — адказныя за дзеяньне таталітарнай машыны; ніхто з нас не зьяўляецца адно толькі ахвярай — мы ўсе зьяўляемся таксама яе творцамі».
 
Ня ведаю, як успрымалі гэтыя словы грамадзяне Чэхаславакіі. Здагадваюся, што не адзін мог падумаць альбо сказаць: як так? Замест таго, каб загрымець з асуджэньнем сьвежа зьвергнутых дэспатаў, нашых крыўдзіцеляў, выкрыць усю іх сатанінскую сутнасьць, ён заяўляе, што, маўляў, мы ўсе вінаватыя?
 
Каб лепш зразумець пасыл Прэзідэнта Чэхаславакіі, варта зьвярнуцца да яго эсэ “Сіла бяссільных”, напісанага яшчэ ў змрочныя 70-я гады. Там Гавел малюе вобраз дырэктара магазіна з агароднінай, які паміж цыбуляй і морквай павесіў плакат: “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” «Навошта ён гэта зрабіў? Што хацеў сказаць іншым? Тое, што ён сапраўды быў энтузіястам яднаньня пралетарыяў з усіх краін?» — пытае чэшскі філосаф. У гэты лозунг той дырэктар магазіна ня верыў, роўна ж як няе верылі сотні тысячаў яго суайчыньнікаў. Але ён таксама, як і сотні тысячаў іншых, вырашыў хавацца ў нару паказной лаяльнасьці, вырашыў фальшыва прадстаўляць свае сапраўдныя перакананьні. Вывешваньне ідэалагічнага лозунгу было нічым іншым, як рабскім сігналам, пушчаным «вярхам», што «я, дырэктар магазіну з агароднінай, знаходжуся ў стане гатоўнасьці і ведаю, што павінен рабіць; я паводжу сябе так, як таго ад мяне чакаюць; (...) я — паслухмяны, такім чынам, заслугоўваю таго, каб жыць у спакоі».
 
Маленькая ідэалагічная дэкарацыя — што ж тут, здавалася б, такога? Дробязь. Аднак такая «дробязь» цэментуе таталітарную дзяржаву. Каментар Джорджа Вайгеля: «Дастаткова памножыць сотні тысячаў разоў на гэтую быццам бы нязначную саступку фікцыйнага дырэктара магазіну з апавяданьня Гавела, а таксама страх, які ён матэрыялізуе, каб зразумець штодзённую руціну аўтадэградацыі, якая перапаўняла жыцьцё ў камуністычнай дзяржаве: гэта было жыцьцё ў хлусьні».
 
Ян Павел ІІ сваё пасланьне на Сусьветны дзень міру на 1980 год прысьвяціў тэме праўды. Мабыць, невыпадкова такая тэма зьявілася якраз тады, калі пачаў вымалёўвацца канфлікт паміж камуністычнымі ўладамі Польшчы і грамадзянскай супольнасьцю ў гэтай краіне, якая пачала кансалідавацца і заяўляць пра свае правы. У такіх сітуацыях рэжым, як правіла, запускае прапагандысцкую машыну па вырабу хлусьні, якая пры дапамозе добра прадуманых сродкаў аўдыёвізуальнай маніпуляцыі падносіцца як «шчырая праўда». Зрэшты, сам Пантыфік быў аб’ектам няспыннай прапагандысцкай атакі з боку камуністычных рэжымаў таго часу, у тым ліку і рэжыму сваёй радзімы — ПНР.
 
«Насільле мае свае карані ў хлусьні і ня можа абысьціся без хлусьні, намагаючыся здабыць сабе прызнаньне з боку сусьветнай думкі пры дапамозе абгрунтаваньняў, нязгодных з іхняй натурай або нават унутрана супярэчлівых», — пісаў Папа. І дадаў патэтычна: «А што ж можна сказаць аб практыцы, якая прымяняецца адносна тых, хто не падзяляе той самай пазіцыі: каб было лягчэй іх маргіналізаваць або прымусіць замаўчаць, яны надзяляюцца кляймом “ворага”, ім прыпісваюцца варожыя намеры, а пры дапамозе спрытнай і пастаяннай прапаганды кляймуюцца як агрэсары?» (Пасланьне на Сусьветны дзень міру 1980, пункт 1).
 
Пасьля пранікнёнай «фенаменалогіі хлусьні» Папа заклікае да сумленьня кожнага чалавека добрай волі, а таксама нагадвае пра абавязак Царквы служыць праўдзе. У трэцім пункце Пасланьня ён тлумачыць, што значыць «вярнуць праўду»:
 
«Вярнуць праўду — значыць перадусім назваць пайменна кожны акт гвалту, незалежна ад таго, у якой форме ён праяўляецца. (...) Трэба назваць пайменна катаваньні і адпаведным чынам назваць усе формы прыцясьненьня і эксплуатацыі чалавека, калі чалавек эксплуатуецца і прыцясьняецца дзяржавай або калі адзін народ прыцясьняе другі».
 
Няхай гучыць у нашых сумленьнях гэты пасыл — цэнтральны для каталіцкага сацыяльнага навучаньня пасыл: адкінуць фальш, скінуць маску, вярнуць праўду ў прыватнае і грамадзкае жыцьцё.

а. Пётр Рудкоўскі, ОР
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 206 разоў (-ы)