Царква
Не зайздросьці славе грэшніка, бо ня ведаеш,які будзе канец яго
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 9-14)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

30.04.2011

Этапнае і выбухованебясьпечнае рашэньне?

20 красавіка 2011 году на Фанары ў Стамбуле засядаў Сьвяты Сінод Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы. Выявілася, што адно рашэньне памеснай Царквы можа стаць этапным і нават выбухованебясьпечным для ўсяго праваслаўя. Справа ў тым, што на пасяджэньні ўхвалена прапанова Ўсяленскага Патрыярха Барталамея аб скліканьні 1 верасьня 2011 году Сіноду зьверхнікаў старажытных Патрыярхатаў – г. зн. ачольнікаў Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай Цэркваў.

 
[07040910a.jpg]Фармальная прычына скліканьня Сіноду палітычная сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, ускладненьне і без таго складанага становішча Праваслаўных Цэркваў у гэтых рэгіёнах.
 
Магчыма, рашэньне Сіноду Канстанцінопальскай Царквы не выклікала б такога рэзанансу, калі б ня дзьве дадатковыя абставіны.
 
1. На сустрэчы чатырох патрыярхаў мяркуецца абмеркаваць таксама пытаньні, зьвязаныя з Румынскай і Расейскай Праваслаўнымі Цэрквамі. Як вядома, большая частка цяперашняй Малдовы да лета 1940 г. уваходзіла ў склад Румыніі, і на яе тэрыторыі мелася Бесарабская мітраполія Румынскай Праваслаўнай Царквы. Пасьля таго, як Бесарабію захапіў Савецкі Саюз, гэтая мітраполія трапіла пад юрысдыкцыю Масквы. Сучасная Румынская Царква не згаджаецца з такім становішчам, і яе Сінод намінаваў на катэдры ў Малдове новых архірэяў. Паміж дзьвюма Цэрквамі-сёстрамі вынік канфлікт.
 
2. Мяркуецца, што 1 верасьня на Фанары адбудзецца Сінод чатырох патрыярхаў з удзелам архіяпіскапа Новай Юстыніяны і ўсяго Кіпра.

Нагадаю, што ў старажытнасьці (у эпоху першых сямі Ўсяленскіх сабораў) у Паўсюднай Царкве склалася пентархія улада зьверхнікаў пяці Цэркваў: Рымскай, Канстанцінопальскай, Александрыйскай, Антыяхійскай і Ерусалімскай. Пасьля расколу 1054 г. ва ўсходнім хрысьціянстве ўсталявалася ўлада чатырох з пэўнымі перавагамі архіяпіскапа Новага Рыму Канстанцінопаля. Аўтакефалія тае ці іншае Царквы "ўзаконьвалася" толькі пры згодзе гэтых патрыярхаў, і абавязкова пры згодзе Ўсяленскага патрыярха. Напрыклад, Маскоўская мітраполія стала патрыярхатам толькі пасьля таго, як у Маскве пэўны час голадам памарылі Ерамію ІІ. Даведзены да адчаю, канстанцінопальскі госьць вымушаны быў даць згоду на аўтакефалію, але Маскве давялося патраціць яшчэ нямала сродкаў, каб гэтае рашэньне падтрымалі тры іншыя патрыярхі.
З часам склалался так, што ў пераліку Праваслаўных Цэркваў на пятае месца выйшла Маскоўская Патрыярхія. Якімі спосабамі Масква дасягнула такога гонару – іншая справа, але гэта выклікала і выклікае недаўменьне ў хрысьціянскім сьвеце, бо вядома, што пятаю паводле свайго "ўзросту" зьяўляецца Кіпрская Царква, заснаваная апосталам Варнаваю. Аўтакефалія гэтай Царквы прызнана ў 431 годзе, калі адбываўся ІІІ Усяленскі сабор.
 
Тое, што на Сінод разам з патрыярхамі старажытных Цэркваў запрошаны таксама ачольнік старажытнай Кіпрскай Царквы, расцэньваецца як рэалізацыя вельмі папулярнай у грэцкім праваслаўі ідэі пентархіі і як (у пэўнай меры) аднаўленьне старажытнай пентархіі. Адны ацэньваюць запрашэньне архіяпіскапа Новай Юстыніяны як аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці, другія ж ацэньваюць яго як удар па прэстыжу Маскоўскай Патрыярхіі і асабіста Патрыярха Кірыла.
 
Некаторыя блізкія да Маскоўскай Патрыяхіі блогеры абрушыліся на Патрыярха Барталамея з лаянкай. Прадказваюць, што Сінод не зьбярэцца, бо, маўляў, патрыярхі Александрыйскі, Антыяхійскі і Ерусалімскі сябруюць з Масквою, абапіраюцца на яе дапамогу. Асабліва радуюцца, што супраць Сіноду ўжо выказаўся адзін з чальцоў Сіноду Александрыйскай Царквы – экзарх Паўднёвай Афрыкі, ён жа мітрапаліт Зімбабвэ і Анголы Серафім.
 
Пішуць таксама, што рашэньне склікаць Сінод нечаканае. Аднак нельга дапусьціць, каб Барталамей выступіў з ідэяй Сіноду легкадумна, папярэдне n не параіўшыся са зьверхнікамі старажытных патрыярхатаў і ачольнікам Кіпрскай Царквы.
 
У Масквы і так складаныя адносіны з Канстанцінопалем. Масква ведае, што перавага архіяпіскапа Новага Рыму перад зьверхнікамі іншых Цэркваў (акрамя Рымскай) прызнана Ўсяленскімі саборамі, але яна палохае праваслаўе, што Ўсяленскі патрыярх можа стаць "праваслаўным папам". Масква настойвае на раўнапраўі Цэркваў ды іх зьверхнікаў, але ўсяленскае праваслаўе ведае, што насамрэч Масква хацела б быць лідэрам праваслаўнага сьвету. І хоць некаторыя кіраўнікі Маскоўскага Патрыярхату адхрышчваюцца ад ідэі "Трэцяга Рыму", перманентнае змаганьне Масквы з Новым Рымам – Канстанцінопалем паказвае, што іх заявы няшчырыя.
 
...Ужо 50 гадоў ідуць нарады Праваслаўных Цэркваў, але ідэя Ўсеправаслаўнага (не Ўсяленскага!) сабору так і ня можа рэалізавацца. Гэтаму замінаюць як канфлікты паміж паасобнымі Цэрквамі, гэтак і галоўны канфлікт паміж Масквою і Канстанцінопалем. І хоць Фанар заявіў, што рашэньні Сіноду зьверхнікаў старажытных патрыярхатаў ня будуць папярэджваць рашэньні Ўсеправаслаўнага сабору, можна не сумнявацца, што Масква прыкладзе ўсе намаганьні, каб Сінод не адбыўся або "праваліўся". Тым часам у Цэрквах, якія ведаюць, што такое маскоўскі дыктат, моляцца за посьпех Сіноду, за тое, каб пентархія была адноўлена без Маскоўскага Патрыярхату, каб нестаражытная Маскоўская Царква была пастаўлена на сваё месца. Дый астатняе Праваслаўе да гэтае пары ў яго канфліктах з Масквою падрымлівала Канстанцінопаль.
 
Анатоль Сідарэвіч

Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 203 разоў (-ы)