Царква
Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца
(Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце 5:4)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

01.05.2011

Пантыфік з Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы

16 кастрычніка 1978 году хрысьціянскі сьвет даведаўся пра пантыфіка з Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Першы раз ў гісторыі Рымска-Каталіцкай Царквы папаю стаў кардынал славянскага паходжаньня. Менавіты гэты папа разумеў патрэбы людзей, якія засталіся за “жалезным занавесам”, і менавіта ён адыграў вялікую ролю ў зьвяржэньні камуністычнай сістэмы ў Еўропе.
   ./images/2011/pic_scroll_JP2_043011_A2.jpg
Яна Паўла ІІ можна сьмела назваць вялікім паломнікам у гісторыі Рымска-Каталіцкай Царквы. Напрацягу 26 гадоў пантыфікату ён пабываў у больш чым 100 замежных паездках на ўсе кантыненты. Ня быў толькі на Антарктыдзе.
 
У 1993 годзе ён адправіўся ў першыя паломніцтвы па былых савецкіх рэспубліках: Летуве, Латвіі й Эстоні. Менавіта гэтыя рэспублікі яшчэ ў часах СССР пачалі ўголас заяўляць пра свае імкненьні да незалежнасьці. Ян Павел ІІ наведаў Летуву з нагоды 600-годдзя хрышчэньня Літвы ў 1993 годзе. Падчас свайго паломніцтва, якое доўжылася ад 4 па 8 верасьня, пантыфік гаварыў пра досьвед, зьвязаны з жыцьцём у камуністычнай краіне, якое прапагавала атэістычную мадэль выхаваньня. Дзесяцігоддзі жыцьця ў камуністычнай сістэме сталі для летувісаў сапраўднай спробай для іх духоўных каштоўнасьцяў. Вялікай падзеяй стала малітва пантыфіка на магіле ахвяраў, якія аддалі сваё жыцьцё ў змаганьні за свабоду Летувы ў 1991 годзе.
 
Наступнай кропкай на мапе папскага паломніцтва ў Прыбалтыку стала Латвія (8-10. ІX) дзе пантыфік наведаў самы вядомы латвійскі санктуарыюм у Аглоне. У сваіх выступах Ян Павел ІІ заклікаў да прабачэньня вінаў і прымірэньня, паглыбленьня дыялогу паміж хрысьціянамі й узмацненьня хрысьціянскай веры між іншым праз аднаўленьне культу сьвятога Мэінгарда.
 
У Эстоніі Ян Павел ІІ прабыў усяго 1 дзень 10 верасьня. Падчас сьвятой імшы ў Таліне ён падсумаваў сваё падарожжа па Прыбалтыцы, прыгадаў трагічную гісторыю апошняга стагодзьдзя й маліўся за тое, каб малыя краіны ніколі больш не былі зьняволеныя страхам перад магутнымі суседзямі, якія павінны стаць гарантам пашаны правоў.
 
Некалькімі гадамі пазьней, у 2001 годзе, Ян Павел ІІ наведаў Украіну, Казахстан, Арменію, Азэрбайджан і Грузію.
 
Будучы ў Кіеве, пантыфік зазначыў, што гэтае месца зьяўляецца калыскай хрысьцянства ў Цэнтаральна-Ўсходняй Еўропе. Будучы ва Ўкраіне, Ян Павел ІІ маліўся ў месцах пакутніцкай сьмерці ўкраінскага народу. Наведаў Быкоўню, называную “ўкраінскай Катыньню”, дзе ў 1937-41 гг. функцыянэры НКУС зьнішчылі каля 7 тысяч людзей. Разам з рабінам Якавам Блейхам папа маліўся ў Бабім Яры – месцы пакутніцкай сьмерці ўкраінскіх габрэяў. Паломніцтва ва Ўкраіну запала у памяць кардыналу Леанарда Сандры, прэфэкту Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
 
Леанарда Сандры: Я хачу сказаць, што вялікае ўзрушэньне ў мяне выклікаюць падарожжы з папам на Ўсход. Паклон габрэям, замучаным у Кіеве. Пасьля візітаў у Львове й лесе, дзе кожнае дрэва прыгадвае пра ахяры савецкай дыктатуры. У тым лесе кожнае дрэва прыгадвае аднаго са сьвятароў, інтэлектуала, прафесара, альбо прадстаўніка адной з грамадзкіх праслоек Украіны. Калі Папа быў у гэтым лесе, мы адчулі вецер і нам падалося, што гэтыя ахвяры голасам ветру й дрэваў сьпяваюць гімн жыцьця.
 
Новаабраны галава Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне Сьвятаслаў Шаўчук прыгадаў, што пантыфік бэатыфікаваў 28 украінскіх грэка-каталіцкіх мучанікаў, якія загінулі за веру ў часах СССР.
 
Сьвятаслаў Шаўчук: Сваёй пашанай да ўкраінскай зямлі й ейнай жудаснай гісторыі, а таксама сьведчаньня хысьціянскіх герояў, ён падкрэсьліў, якой вялікай каштоўнасьцю для Царквы зьяўляецца хысьціянскае жыцьцё. А гэтая беатыфікацыя Сьвятога Айца Яна Паўла ІІ стане новым імпульсам для разьвіцьця Каталіцкай Царквы на тэрыторыі Ўкраіны.
 
Вялікай марай папы было паломніцтва ў Расею. На жаль, гэтая мара ня зьдзейсьнілася. Ён увесь час чакаў на афіцыйнае запрашэньне. На жаль, не дачакаўся...
 
На знак прымірэньня з Расейскай Праваслаўнай Царквой ён перадаў ікону Маці Божай Казанскай для Ўсьпенскага сабору ў Крамлі. Ікона, шанаваная праваслаўнымі вернікамі, загінула пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 60-я гады яна паявілася ў Вялікабрытаніі, пазьней яе падарылі пантыфіку амерыканскія католікі. Ад тае пары ікона вісела ў прыватнай капліцы Яна Паўла ІІ.
 
Падарунак ад папы завёз у 2004 годзе ў Маскву папскі пасланец кардынал Вальтэр Каспэр. З гэтай народы Ян Павел ІІ напісаў да Патрыярха Маскоўскага Алексія ІІ ліст “Сымбаль еднасьці ў веры вучняў Хрыста”. Урачыстая перадача іконы адбылася ў праваслаўнае сьвята Ўсьпеньня Багародзіцы. Алексій ІІ ікону прыняў, назваўшы падарунак актам добрай волі Каталіцкай Царквы, але не пераломам, які стварае магчымасьць прыезду пантыфіка ў Расею.
 
Ня быў Ян Павел ІІ і ў Беларусі, аднак меў вялікую цікавасьць да гэтай краіны й менавіта ён стварыў паўнавартасную каталіцкую структуру ў Беларусі. Ён прызначыў першага каталіцкага біскупа ў Беларусі — Тадэвуша Кандрусевіча, а пасьля ў 1993 годзе павялічыў колькасьць дыяцэзіяў, прызначыў новых біскупаў і першага ў гісторыі беларускага кардынала Казімера Сьвёнтака. Гэта адзіны кардынал на тэрыторыі СНД.
 
Тадэвуш Кандрусевіч: Вялікі пантыфік выдатна чытаў знакі часу й адказваў на іх выклікі. Зьняволены ганеньнямі Касьцёл у Беларусі быў як быццам у грабніцы. Ён ня меў адпаведных касьцёльных структураў і ярархіі. Выдавалася, што ён ужо ніколі “не ўваскрэсьне” да новага жыцьця. Аднак гісторыя яшчэ раз пацьвердзіла праўду: “Тое, што немагчыма чалавеку, магчыма Богу”.
 
Хаця Яну Паўлу ІІ не ўдалося наведаць Беларусі, яго неаднойчы наведвалі жыхары гэтай краіны, як духоўныя ярархі, так і звычайныя вернікі. Быў сярод іх і Рыгор Барадулін, які з узрушаньнем успамінае сустрэчу з Папам. Ён гаварыў па-беларуску, Папа – па-польску, але яны дакладна адзін аднога зразумелі.
 
Рыгор Барадулін: Перад гэтым я пераклаў “Трыпціх” Папы Рымскага. Пасьля мы мелі намер паехаць у Рым і зьбіраліся ўручыць яму пераклад. Але ніхто не спадзяваўся, што атрымаем аўдыенцыю, проста хацелі перадаць пераклад праз сакратара. Атрымалася так, што нас Папа Рымскі прыняў. Некалькі хвілін з ім былі вартыя ўсяго жыцьця. Я адчуў, што гэта не зямны чалавек, што ад яго боскасьцю дыхае. Мне было прыемна чуць ягоны голас. Я быў, як у нейкім чароўным сьне, паколькі я не магу апомніцца яшчэ да гэтага часу.
 
На беатыфікацыю Яна Паўла ІІ з Беларусі прыехала больш за 250 чалавек.

У рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ адбылася імша, якую ўзначаліў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Беларуская імша была падзякай за Вялікага Папу, які любіў Царкву ў Беларусі і памятаў пра яе.
 
Караліна Русіновіч
 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 217 разоў (-ы)