Царква
Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам
(Кніга Выслоўяў Саламонавых 17:1)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

03.05.2011

У памяць ахвяр Галакосту

2 траўня 2011 году габрэі ва ўсім сьвеце адзначалі Дзень Катастрофы і гераізму, які ўстаноўлены ў памяць паўстаньня ў Варшаўскім гета ў 1943 годзе. У Берасьці мясцовая габрэйская супольнасьць адзначала гэтую дату напярэдадні, 29 красавіка. Сярод выступроўцаў на мемарыяльнай урачыстасьці быў грэка-каталіцкі сьвятар а. Ігар Кандрацьеў.
   
Сёньня ў Берасьці габрэйская грамада зусім нешматлікая – усяго пару соцень чалавек. У вайну з берасьцейскіх габрэяў выжылі ўсяго тры дзясяткі чалавек. Таму выказаць сваю падтрымку і салідарнасьць габрэйскай супольнасьці на цырымонію памяці ў помніка вязьням Берасьцейскага гета ў цэнтры гораду, дзе некалі было гэта, сабраліся прадстаўнікі грамадзкасьці і ўладаў гораду, вучні суседняй школы, якія апякуюцца помнікам.
 
На пачатку мемарыяльнай урачыстасьці мясцовы рабін Хаім Рабіновіч прачытаў памінальную малітву. Затым пра трагедыю еўрапейскага габрэйства распавёў старшыня Берасьцейскай гарадзкой габрэйскай грамадзкай арганізацыі "Брыск" Барыс Брук. Прадстаўнікі гарвыканкаму і арганізацыі малалетніх вязьняў фашызму гаварылі пра мільёны ахвяраў фашызму і небясьпеку чалавеканенавісьніцкіх ідэалогіяў, а віцэ-консул польскага кансуляту ў Берасьці адзначыў мужнасьць і адвагу тых, хто ішоў на верную сьмерць, падняўшыся на змаганьне супраць фашызму ў Варшаўскім гета. Душпастыр грэка-католікаў Берасьця а. Ігар Кандрацьеў у сваім выступе зьвярнуў увагу прысутных на тое, як часта рэлігіяй і верай у Бога аўтарытарныя рэжымы і таталітарныя ідэалогіі спрабавалі прыкрыць свае сапраўдныя, зусім не пабожныя мэты, скіраваныя на зьнявагу годнасьці чалавека. Ён нагадаў, што фашысты насілі рамяні з надпісам "З намі Бог", аднак пры гэтым чынілі страшныя злачынствы. І сёньня імя Бога спрабуюць эксплуатаваць некаторыя тэрарысты, толькі ўсе яны вельмі далёкія ад Бога, бо жыцьцё чалавека для іх нішто. Усе яны – несвабодныя і няшчасныя людзі. Толькі свабодны чалавек, які па-сапраўднаму любіць Бога, можа цаніць свабоду і жыцьцё іншага чалавека.
 
Як каталіцкі сьвятар, хрысьціянін і чалавек, сярод продкаў якога былі такасама і немцы, а. Ігар Кандрацьеў папрасіў прабачэньня ў габрэяў за тых хрысьціянаў – немцаў і іх славянскіх памагатых, што спрычыніліся да перасьледу і зьнішчэньня мільёнаў габрэяў, якіх яны ўважалі за людзей ніжэйшага гатунку. Ён таксама адзначыў, што чалавецтва, безумоўна, павінна памятаць пра такія страшныя катастрофы, як генацыд габрэйскага народу, каб такое больш ніколі не паўтарылася, але не забываць пры гэтым, што каб спыніць нянавісьць і гвалт, патрэбна любоў, пакаяньне і прабачэньне. Нельга ўвесь час жыць мінулым і культываваць ненавісьць, трэба імкнуцца да прабачэньня і дараваньня сваім ворагам, каб будаваць новаё жыцьцё. Нельга спадзявацца на сілу, прымус і зброю, бо яны заўсёды цягнуць за сабою помсту і новыя сьмерці. Не да нянавісьці, а менавіта да любові да бліжняга заклікае вернікаў кожная рэлігія. Сапраўдны мір у грамадзтве ўсталюецца толькі тады, адзначыў сьвятар, калі мы будзем імкнуцца любіць і вучыцца дараваць іншым, нават нашым ворагам, бо кожны чалавек, кожнае жыцьцё, мае вялікую каштоўнасьць для Бога.
 
Мемарыяльная ўрачыстасьць завершылася хвілінай цішы ў памяць пра мільёны ахвяраў Катастрофы еўпаейскага габрэйства. Да помніка габоэям, што загінулі ў Берасьцейскім гета, былі ўскладзены кветкі.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 283 разоў (-ы)