Царква
Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце
(Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце 6:25)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

11.05.2011

Беларусы Санкт-Пецярбурга маліліся ў Левашоўскай пустцы

7 траўня 2011 году адбылося традыцыйнае паломніцтва Беларускага культурнага таварыства Санкт-Пецярбурга на месца пахаваньня мноства ахвяраў сталінскага рэжыму – на мемарыяльныя могілкі ў Левашоўскай пустцы.



Левашоўскую пустку беларусы Пецярбурга называюць “Піцерскімі Курапатамі” паколькі па розных архіўных зьвестках у гэтай зямлі спачываюць парэшткі ад 30 000 да 45 000 ахвяраў сталінскага тэрору. Варта адзначыць, што гэтае страшнае месца, дзе загінулі тысячы бязьвінных людзей, заставалася сакрэтным аб’ектам КДБ СССР да 1989 году.
 
У 1998 годзе Беларускім таварыствам Пецярбурга на Левашоўскіх мемарыяльных могілках быў устаноўлены памятны шасьціканцовы крыж у знак памяці суайчыньнікаў, замучаных бязбожным рэжымам бальшавікоў.
 
7 траўня 2011 году беларусы Санкт-Пецярбурга прыйшлі да памятнага крыжа з бела-чырвона-белымі стужкамі і сьцягамі, усклалі кветкі, запалілі сьвечкі. Адбылася малітва за тых, хто быў расстраляны і знайшоў свой спачын у Левашоўскай пустцы, сярод якіх – тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, а таксама памаліліся і за ўсіх, хто загінуў падчас бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Парастас (вялікую паніхіду) на беларускай мове адслужыў адміністратар грэка-католікаў Санкт-Пецярбурга а. Кірыл Міронаў з Расейскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Сярод прысутных на мемарыяльнай урачыстасьці былі вядомыя беларусы Санкт-Пецяпбурга: оперны сьпявак Лявон Габрусёнак і вядомы навуковец – гісторык, доктар філалагічных навук Мікола Нікалаеў. Спадар Лявон Габрусёнак сьпяваў парастас і беларускі рэлігійны гімн “Магутны Божа”.

 Беларускае культурнае таварыства ў Пецярбургу два разы на год ладзіць у Левашоўскай пустцы свае сустрэчы – на Дзяды і 7 траўня, у дзень, калі быў усталяваны беларускі мемарыяльны крыж у Левашоўскай пустцы.








Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 215 разоў (-ы)