Царква
Навушнік апаганьвае сваю душу і будзе ненавідзім ўсюды, дзе толькі жыць будзе
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 21:31)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

12.05.2011

Паклон пашаны Яну Паўлу II

Да ўрачыстасьці беатыфікацыі Папы Яна Паўла II, якая адбылася ў Рыме 1 траўня 2011 году, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква выдала кнігу народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна "Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх".

Народны паэт назваў гэты свой зборнік паклонам пашаны Блаславёнаму Яну Паўлу II. У свой час Рыгору Барадуліну пашчасьціла быць на прыватнай аўдыенцыі ў Папы і гэтая сустрэча пакінула ў яго моцнае ўражаньне. Падчас яе народны паэт Беларусі размаўляў з Блаславёным сёньня Папам па-беларуску і атрымаў у Сьвятога Айца блаславеньне для ўсіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць на ніве хрысьціянскай культуры і беларускага Адраджэньня.

У кнізе “Вяльмуе Бог абраньнікаў сваіх” зьмешчаны духоўныя вершы Рыгора Барадуліна, прысьвечаныя блаславёнаму Папе Яну Паўлу II, аўтарскі пераклад на беларускую мову “Рымскага Трыпціха” – вершаваных філасофска-рэлігійных роздумаў Яна Паўла II аб вечнасьці, а таксама “Рымскі дыпціх”, які стаў своеасаблівым вершаваным духоўна-узрушаным водгукам паэта на сустрэчу ў 2004 годзе ў Рыме з Янам Паўлам II. Памятнае фота паэта Рыгора Барадуліна з Папам Янам Паўлам II таксама зьмешчана ў гэтым выданьні.

Кніга Рыгора Барадуліна выдадзена Грэка-каталіцкай парафіяй сьвятамучаніка Язафата ў г. Полацку накладам у 300 асобнікаў. Яе можна набыць у грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі.
 
Прапануем верш Рыгора Барадуліна, сьпецыяльна напісаны ім з нагоды беатыфікацыі Яна Паўла II.


На сьветлую беатыфікацыю Яна Паўла II

 Нябёсы пасылаюць на зямлю
 Пачутых Усявышнім
 Каб сагрэлі
 Аблудных душ
 Азяблую ральлю.
 
 Каб словы вешчай кнігі не старэлі,
 Абраўшы горкі шлях зямны
 Яны
 Змагаюцца з цемрай,
 Памагаюць зорам,
 Ахвярнасьці бяссоныя званы
 Шчырэюць разбудзіць у здрайцаў сорам.
 
 Жыцьцё спакусы сыпле як з каўша.
 І непахіснай вераю сьвятая,
 Узяўшы боль і страх людзей,
 Душа з анёламі ў нябёсы адлятае. 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 370 разоў (-ы)