Царква
Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы
(1-ае Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 15:33)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

13.05.2011

У Беларусі з візітам ватыканскі ярарх, адказны за камунікацыю

12-15 траўня 2011 году Беларусь упершыню наведвае старшыня Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі архібіскуп Клаўдыё Марыя Чэльлі. Ён прыбыў у Менск з Ватыкану ў чацьвер, 12 траўня, і ў той жа дзень сустрэўся з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандрам Радзьковым.
   
Архібіскуп Чэльлі на пасадзе старшыні Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі з 2007 году. Гэта першы яго візіт у нашу краіну, па запрашэньні рыма-каталіцкага архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Менска-Магілёўскага.

“Я хачу пазнаць Беларусь настолькі, наколькі гэта магчыма. Для мяне самае важнае пазнаць людзей і адкрыць, што знаходзіцца ў іх сэрцах”, – сказаў архібіскуп Клаўдыё Марыя Чэльлі ў інтэрв’ю для партала Catholic.by. Распавядаючы пра мэты свайго прыезду ў Беларусь ватыканскі ярарх адзначыў, што яна ў тым, каб убачыць, наколькі гэта магчыма, як Царква ў Беларусі рэалізоўвае камунікацыю ў любові, абвяшчэньне Евангельля праз мас-медыя.
 
Архібіскуп Чэльлі падкрэсьліў, што Царква асаблівую ўвагу зьвяртае на сродкі масавай камунікацыі, і сутнасьцю Царквы ёсьць камунікацыя. “Калі ня будзе камунікацыі, ня будзе Царквы. Каб удзельнічаць у паўнаце ў жыцьці Царквы, мы павінны ўсталёўваць камунікацыю з іншым чалавекам, перадаючы любоў Хрыста”, – сказаў у інтэрв’ю для Catholic.by старшыня Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі.

На сустрэчы з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ватыканскі ярарх і Аляксандар Радзькоў абмеркавалі такія пытаньні, як роля СМІ ў сучасным грамадзтве, Інтэрнэт і яго ўплыў на разьвіцьцё дзяцей і моладзі і інш. Старшыня ватыканскага ведамства, між іншым, адзначыў, што СМІ павінны служыць яднаньню людзей, а інфармацыя павінна мець аб’ектыўны характар.

 
13 траўня Старшыня Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі архібіскуп Клаўдыё Марыя Чэльлі сустрэўся з сьвецкімі і царкоўнымі журналістамі, для якіх ён прачытаў два даклады. Гэтыя сустрэчы адбыліся ў залі менскага касьцёлу сьв. Сымона і сьв. Алены. Ярарх нагадаў прысутным пра місію сродкаў масавай камунікацыі ў век новых тэхналогіяў.
 
У гэты ж дзень архібіскуп Чэльлі сустрэўся з Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алегам Праляскоўскім і ўзначаліў сьв. Імшу ў касьцёле сьв. Сымона і сьв. Алены з удзелам духавенства і вернікаў.

На сустрэчы
Старшыні Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі з царкоўнымі журналістамі і набажэнстве ў касьцёле сьв. Сымона і сьв. Алены прыстунічалі прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім Візітатарам архімандрытам Сяргеем (Гаекам) а. Андрэй Буйніч і а. Яўген Усошын, а таксама семінарысты і вернікі.
 
У праграме візіту высокага ватыканскага ярарха ў Беларусь – удзел у прэзентацыі альбома-кнігі пра візіт Дзяржсакратара Ватыкану кардынала Тарчызіё Бэртонэ ў Беларусь у 2008 годзе, а 14 траўня – знаёмства з жыцьцём Каталіцкай Царквы ў Беларусі і наведваньне гістарычных мясьцінаў – Міра і Нясьвіжа. На суботу запланавана таксама сустрэча архібіскупа Чэльлі з Мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам. Заканчэньнем візіту стане ўрачыстая літургія ў галоўным каталіцкім храме краіны, архікатэдры Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску, у нядзелю 15 траўня.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 214 разоў (-ы)