Царква
Ня крадзь
(8 запаведзь, Выхад 20:15)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

13.05.2011

Архібіскуп Чэльлі: СМІ служаць свабодзе, служачы праўдзе

13 траўня 2011 году ў міенскім касьцёле сьв. Сымона і сьв. Алены з прадстаўнікамі сьвецкіх СМІ сустрэўся старшыня Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі архібіскуп Клаўдыё Марыя Чэльлі. Ватыканскі ярарх выступіў з дакладам на тэму «Інфа-этыка дзеля міру ў глабалізаваным грамадзтве», а таксама адказаў на пытаньні журналістаў.

Госьць з Апостальскай Сталіцы заклікаў прысутных прадстаўнікоў СМІ да дыялогу. Менавіта бачаньне журналістаў, як падкрэсьліў архібіскуп, дапаможа яму ў разуменьні шляху, па якім ідзе Беларусь.
 
Сёньня, як і ў кожныя часы, па словах ярарха, неабходна інфа-этыка дзеля абароны чалавечай асобы праз сацыяльную камунікацыю, якая павінна базавацца на «стратэгіі даверу». На чым жа будуецца «стратэгія даверу»? Праўда, справядлівасьць, свабода і любоў — вось чатыры слупы гэтай стратэгіі.
 
СМІ займаюць ключавыя пазіцыі ў абмене думкамі і маюць вялікую моц — як у добрым, так і ў дрэнным. Указваючы на гэта, ватыканскі ярарх падкрэсьліў, што журналісты маюць адказную місію ў грамадзтве, бо павінны працаваць на карысьць праўды і дабра.
 
Пытаньні, якія да архібіскупа Чэльлі скіравалі журналісты, былі даволі гарачымі і актуальнымі.
 
Адно з пытаньняў датычыла рэгуляцыі СМІ. Заклапочанасьць гэтым, як адзначыў ярарх, сьведчыць аб зацікаўленасьці беларускіх СМІ ў дабры грамадзтва. Рэгуляцыя СМІ, па словах ярарха, перш за ўсё мае на ўвазе абарону непаўналетніх падчас карыстаньня Інтэрнэтам. І, як падкрэсьліў, гэтым павінна быць занепакоена само грамадзтва. Тым ня менш, Царква выступае за інфармаваньне і адукацыю праз сучасныя мас-медыя, хоць і ўсьведамляе рызыку і небясьпеку.
 
Як ісьці па шляху праўды, працуючы журналістам, і не баяцца пры гэтым страціць працу ці нават свабоду? Ці можа Царква адказваць на палітычныя падзеі? Як Апостальская Сталіца ставіцца да перасьледу журналістаў па палітычных матывах?
 
Адказваючы на гэтыя пытаньні, старшыня ватыканскага ведамства адзначыў, што журналісцкая дзейнасьць даволі далікатная і ў той жа час, падвержаная шматлікім выклікам. Журналісты, як і кожны чалавек, пакліканы да пошуку праўды, хоць часам гэты шлях напоўнены рызыкай і выпрабоўвае сумленьне. Тады паўстае выбар: страціць працу ці згадзіцца на няпраўду. Выбар, па словах ватыканскага ярарха, будзе залежаць ад таго, ці жадае журналіст заставацца верным пошуку праўды. Царква ж, як дадаў архібіскуп Чэльлі, паклікана быць побач з тымі, хто працуе дзеля агульнага дабра грамадзтва.
 
Ёсьць моманты, пра якія Царква павінна казаць ясна і моцна, але толькі не ў палітычнай гульні. На гэта зьвярнуў увагу старшыня Папскай Рады і падкрэсьліў, што Царква паклікана абараняць годнасьць і свабоду чалавека, але ня можа стаць апазіцыйнай партыяй.
 
Валянціна Крутая 
Catholic.by 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 230 разоў (-ы)