Царква
У любові няма страху, а дасканалая любоў праганяе страх, бо ў страху ёсьць пакута; хто баіцца, той не дасканалы ў любові
(1-ае Саборнае Пасланьне сьв. ап. Яна Багаслова 4:18)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

21.05.2011

Беларускі парламент ігнаруе пазіцыю Царквы ў сферы рэпрадуктыўных тэхналогіяў

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 27 красавіка 2011 году прыняла ў першым чытаньні законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзянаў пры іх ужываньні. Гэта выклікала крытычную рэакцыю з боку як Каталіцкай Царквы ў Беларусі, так і Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы.
   
У законапраекце зафіксаваны тры віды дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіяў: экстракарпаральнае апладненьне (ЭКА), штучная iнсемiнацыя і сурагатнае мацярынства. Устаноўлена, што права скарыстацца гэтымі тэхналогіямі маюць толькі тыя, хто мае медыцынскія паказаньні і ня мае проціпаказаньняў.

Паводле ўмоваў законапраекту, устаноўлена забарона на правядзеньне ЭКА і штучнай інсеменацыі адносна пацыентак, якія дасягнулі 50 гадоў. Таксама ўстаноўлены ўзроставыя абмежаваньні для донараў. Донарамі яйцаклеткі змогуць выступаць жанчыны ва ўзросьце ад 18 да 35 гадоў, а донарамі палавых клетак – мужчыны ад 18 да 40 гадоў, які мае здаровых дзяцей (дзіця), без медыцынскіх проціпаказаньняў і ў выпадку, калі яго жонка дасьць пісьмовую згоду. Распрацоўшчыкамі законапраекту абмежавана таксама, колькі разоў дапушчальна выкарыстоўваць для апладненьня палавыя клеткі аднаго донара – каб пазьбегнуць генетычных мутацыяў у наступных пакаленьнях.

 
Будучы закон, паведамляе БЕЛТА, дасьць магчымасьць жанчыне выбраць ананімнага донара па такіх параметрах, як узрост, рост, вага, колер валасоў і вачэй, расавая і нацыянальная прыналежнасьць, адукацыя, група крыві і рэзус-фактар, каб дзіця было падобнае да іншых членаў сям’і. Адзінае, што забараняе законапраект, – выбіраць пол будучага дзіцяці (за выключэньнем выпадкаў, калі магчыма насьледаваньне захворваньняў, зьвязаных з полам.
 
Адно з палажэнняў законапраекту датычыцца забароны на выкарыстаньне чалавечых эмбрыёнаў у навукова-дасьледчых мэтах. У дакуменце таксама ўпершыню ўводзіцца і дэталізуецца паняцьце сурагатнага мацярынства, да якога мае адмоўнае стаўленьне Царква, бо яно супярэчыць нормам хрысьціянскай маралі.
 
Намесьнік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Сьвятлана Шылава, якая зьяўляецца ініцыятарам і адным з аўтараў гэтага законапраекту ў інтэрв’ю журналістам БЕЛТА падкрэсьліла, што да работы над гэтым дакументам былі прыцягнуты прадстаўнікі розных канфесіяў, сьпецыялісты цэнтраў рэпрадуктыўных тэхналогіяў.
 
Выяўляецца, аднак, пазіцыя Царквы – як праваслаўнай, так і каталіцкай – была зусім не ўлічана, і таму зьяўленьне гэтага законапраекту выклікала рэзка адмоўную рэакцыю ў прадстаўнікоў хрысьціянскіх канфесіяў Беларусі. Больш за тое, яны сьцьвярджаюць, што да працы над законапраектам аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях прадстаўнікоў Царквы ніхто і не запрашаў.
 
“Усё гэта зьяўляецца бязладдзем з пункту гледжаньня Праваслаўнай Царквы, яе вучэньня. У сацыяльнай канцэпцыі Расейскай Праваслаўнай Царквы, прынятай на апошнім Архірэйскім саборы, Царква адназначна выказала сваё стаўленьне да такога кшталту тэхналогіяў”, – так пракаментаваў прыняцьце законапраекту ў першым чытаньні прадстаўнік Беларускага Экзархату РПЦ МП, прэс-сакратар Менскага епархіяльнага ўпраўленьня а. Сяргей Лепін.
 
"Ёсьць мадэлі, якія несумяшчальныя з нашым разуменьнем пытаньняў біяэтыкі: праблемы донарства сьпермы, сурагатнага мацярынства, а таксама замарожваньня, захаваньня і зьнішчэньня залішніх эмбрыёнаў", – растлумачыў а. Сяргей Лепін.
 
“Сітуацыя нас засмучае. Пры разглядзе законапраекту Царкву абмінулі ўвагай”, – заявіў ён, адзначыўшы, што афіцыйных кансультацыяў паміж дзяржорганамі і Царквой па законапраекце не было, перадае інфармацыйнае агенцтва REGNUM.
 
У сувязі з прыняцьцем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекту аб рэпрадуктыўных тэхналогіях з адмысловай заявай выступіў таксама і Зьверхнік Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. “Каталіцкая Царква, падзяляючы занепакоенасьць праблемай бясплоднасьці і заахвочваючы да пошуку новых метадаў яе лячэньня, у той жа час катэгарычна выступае супраць выкарыстаньня тэхналогіяў, якія супярэчаць хрысьціянскаму паняцьцю годнасьці сям’і, бацькоўства, дзетанараджэньня і чалавечага эмбрыёна, а таксама значэньня чалавечай сэксуальнасьці”, – адзначыў у сваёй заяве архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
“Тэндэнцыя аддзяленьня паняцьця жыцьця ад паняццья сям’і як натуральнага асяроддзя, дзе зараджаецца і разьвіваецца жыцьцё, зьяўляецца адным з найбольш згубных наступстваў культуры сьмерці. Чалавечае жыцьцё ўзьнікае ў выніку рэалізуемага падчас акту сужэнскай любові ўзаемнага аддаваньня мужчыны і жанчыны. Сужэнцы пры гэтым не зьяўляюцца гаспадарамі, а толькі слугамі ў справе любові Стварыцеля”, – падкрэсьліў у сваёй заяве рыма-каталіцкі мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
 
Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў дзяржаўныя ўлады, усе маральна здаровыя сілы грамадзтва, навукоўцаў, рэлігійныя арганізацыі зьвярнуць увагу на гэтую праблему, каб “не дапусьціць парушэньня галоўнага права чалавека на жыцьцё – самага вялікага Божага дару, і абразы яго годнасьці”.

17 траўня 2011 году адбылося пасяджэньне працоўнай групы па дапрацоўцы для разгляду ў другім чытаньні праекту закона ”Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзянаў пры іх ужываньні”.

На пасяджэньні былі абмеркаваныя заўвагі і прапановы ад членаў ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, а таксама з галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзідэнта і галоўнага экспертна-прававога ўпраўленьня сакратарыяту палаты. Аднак і на гэтай нарадзе прадстаўнікі хрысьціянскіх канфесіяў Беларусі не прысутнічалі.

“Асаблівую ўвагу ўдзельнікі пасяджэньня надалі пытаньням, якія датычаць донарства палавых клетак, умоваў і парадку ўжываньня асобных відаў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіяў. У прыватнасьці, падчас пасяджэньня былі ўдакладнены прававыя нормы, якія рэгламентуюць парадак фармаваньня і вядзеньня каталога ананімных донараў, а таксама вызначальныя істотныя ўмовы дамовы сурагатнага мацярынства”,  – адзначае прэс-служба палаты.

Паведамляецца таксама, што “праца над праектам закону будзе працягнута”. Ці будуць прыцягнуты да абмеркаваньня гэтага законапраекту прадстаўнікі хрысьціянскіх Цэркваў краіны і ці гатовы прыслухацца дэпататы да пазіцыі Царквы – не ўдакладняецца.
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 235 разоў (-ы)