Царква
Не зайздросьці славе грэшніка, бо ня ведаеш,які будзе канец яго
(Кніга Прамудрасці Ісуса, сына Сірахова 9-14)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

23.05.2011

Архібіскуп Чэльлі: “У мяне вялікія чаканьні адносна Царквы ў Беларусі”

Архібіскуп Клаўдыё Марыя Чэльлі, старшыня Папскай Рады па сродках масавай камунікацыі, які наведаў Беларусь 12-15 траўня 2011 году, падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад візіту ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. Ён лічыць, што “краіна мае сур’ёзныя праблемы і патрабуе адказнасьці на ўсіх узроўнях”. Паводле ватыканскага ярарха, хрысьціяне пакліканы любіць сваю краіну, жыць адказна і выконваць давераную ім місію, каб краіна магла жыць у міры і супакоі, і пры гэтым не забываць, што фундаментам усяго зьяўляецца павага да годнасьці чалавека. Прапануем поўны тэкст гэтага інтэрв’ю.
   
– Гэта быў Ваш першы візіт у Беларусь. Вядома, перад паездкай Вы штосьці ведалі аб нашай краіне, магчыма, дадаткова атрымалі інфармацыю з артыкулаў, Інтэрнэту. Скажыце, ці адрозьніваюцца ўражаньні і чаканьні ад рэальнасьці?
 
 
– Калі я падарожнічаю па іншых краінах, сустракаю шмат сьвятароў сталага ўзросту і вельмі мала маладых. У Беларусі, наадварот, я ўбачыў, што большасьць складаюць маладыя сьвятары. Гэта зьяўляецца вялікім выклікам і вялікай магчымасьцю. Бясспрэчна, маладое духавенства нарадзілася ўжо ў іншым кантэксьце. Яны больш уважлівыя да “лічбавай рэальнасьці” і большыя эксперты ў сферы новых тэхналогіяў. Зараз важна зразумець, якім чынам гэтая іх здольнасьць, сімпатыя і адкрытасьць на новыя тэхналогіі зможа злучыцца з евангелізацыйнай мудрасьцю, бо камунікацыя зьвязана ня толькі з тэхналогіямі. Трэба мець сэрца адкрытае на праблемы чалавека, мець сэрца вельмі чулае да таго, чым характарызуецца чалавечае жыцьцё сёньня. Неабходна мець сэрца поўнае Бога і Яго слова, для таго, каб быць здольным камунікаваць і асьвяціць шлях сучаснага чалавека.
 
Гэтая “мудрасьць камунікацыі”, якая становіцца евангелізацыяй, не зьвязана з узростам. Узрост дае вялікую адкрытасьць на новыя тэхналогіі, якую неабходна злучыць з сардэчнай мудрасьцю. Я б хацеў адзначыць, што гэта вялікі выклік, які маладыя беларускія сьвятары павінны прыняць, і гэта ня толькі пытаньне тэхналогіяў. Гледзячы на тую ўвагу, з якой яны слухалі мае словы, мне здаецца, яны адчуваюць патрэбу і ўважліва ставяцца да гэтай прапановы.
 
– Тры дні ў Беларусі, гэта ня шмат. Але ўсё ж, якой Вам бачыцца будучыня краіны і грамадзтва?
 
– Канешне, краіна мае сур’ёзныя праблемы і патрабуе адказнасьці на ўсіх узроўнях. Мы павінны ўсьведамляць, што мы хрысьціяне, католікі, пакліканы любіць сваю краіну, жыць адказна і выконваць місію, якая нам была даверана, каб краіна магла жыць у міры і супакоі. Новыя пакаленьні ўжо маюць шмат цяжкасьцяў, якія павінны перажыць, таму мы не павінны рабіць яшчэ больш праблемаў на іх шляху. Таму важнымі зьяўляюцца тыя слупы, аб якіх гаворыцца ў энцыкліцы “Pacem in terris” і аб якіх казалі Павел VI і Ян Павел ІІ – пошук праўды, справядлівасьці, але з адказнасьцю, якая становіцца салідарнасьцю з тымі людзьмі, якія крочаць побач з намі.
 
Пасьля гэтых трох дзён, якія застаюцца ў маім сэрцы як каштоўны ўспамін, я ўпэўнены, што неабходна ісьці наперад, будаваць, сеяць праўду, салідарнасьць перамагаючы падзелы. І, безумоўна, давярацца Божай дапамозе. Зьвяртацца да Марыі. Наш шлях ня лёгкі. Ня будзе лёгкім і для вас, беларусаў, і вашай краіны. Я спытаюся: а дзе ён лёгкі? І для вас гэта зьяўляецца вялікім выклікам, каб працаваць, каб дапамагаць адно аднаму, каб змагацца разам для дабра ўсёй краіны.
 
 – Асноўная мэта візіту – сустрэча з рэлігійнымі і сьвецкімі СМІ. Прычым, Вы самі казалі, што больш хочаце слухаць, а не гаварыць. Ці атрымалася? І што Вы пачулі? Якія праблемы хвалююць беларускую прэсу?
 
– Я меў сустрэчы з журналістамі сьвецкіх выданьняў. Убачыў, што іх цікавяць адмысловыя тэмы, якія адначасова зьяўляюцца цікавымі і для мяне. Я казаў ім пра чатыры слупы, на якіх павінна грунтавацца праца СМІ: справядлівасьць, праўда, дыялог і любоў. Хачу адзначыць, што мы закранулі тэмы вельмі далікатныя для сучаснасьці краіны. Некаторыя журналісты задалі мне пытаньні аб праблемах вельмі вострых і спрэчных. Місія журналіста ў палітычным кантэксьце зьяўляецца складанай. Гэта місія цікавая і моцная, таму што некаторыя тэмы зьяўляюцца вострымі. Хтосьці мяне спытаў аб дзяржаўным кантролі, хтосьці аб правах чалавека. І тут я быў зацікаўлены падкрэсьліць, што для кожнага з іх годнасьць як журналіста заключаецца ў пошуку праўды. Бясспрэчна, што той, хто працуе ў СМІ, павінен мець асаблівую ўвагу да праўды, таму што потым гэтай праўдай ён будзе дзяліцца з іншымі. Я хачу адзначыць, што тэма зьяўляецца вельмі цікавай. Мне падалося, што аўдыторыя была асабліва ўважлівай. Я вельмі задаволены гэтай сустрэчай. Лічу яе вельмі пазітыўнай, таму што я ўбачыў людзей вельмі ўважлівых і неабыякавых.
 
Іншая сустрэча была з супрацоўнікамі каталіцкіх СМІ. Я быў вельмі зьдзіўлены. Мае чаканьні былі зусім іншыя ў параўнаньні з тым, што я ўбачыў. Я паразмаўляў аб ролі камунікацыі з біскупамі і шматлікімі сьвятарамі і манахамі, якія прысутнічалі на сустрэчы. Быў вельмі ўражаны той увагай, з якой яны слухалі мае словы, задавалі пытаньні і дзяліліся меркаваньнямі. Я застаўся вельмі задаволены гэтай сустрэчай, а таксама тым, што яны робяць і што мае вялікае значэньне. Я прызнаюся, што ў мяне вялікія чаканьні адносна Царквы ў Беларусі, бо сустрэў яе вельмі маладой.
 
– Вы сустрэліся з Мітрапалітам Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Наколькі важны сёньня міжканфесійны дыялог?
 
– Мы ўжо сустракаліся з Мітрапалітам у Маскве, таму для мяне гэта была ўжо другая сустрэча з ім. Мяне вельмі ўразіла тое, што Мітрапаліт Філарэт сустрэў мяне як даўняга сябра. Мне было вельмі прыемна. Але ня толькі таму, што такое стаўленьне было
асабіста да мяне , але таму, што яно характарызуе адносіны паміж праваслаўнай і каталіцкай супольнасьцямі ў Беларусі. Гэта таксама вялікі выклік, які мы павінны прыняць. Таму што Евангельле кажа нам вельмі ясна: абвяшчэньне Божага слова павінна ажыцьцяўляцца ў еднасьці. Канешне, яшчэ не існуе поўнай еднасьці паміж праваслаўнай і каталіцкай супольнасьцямі, аднак вельмі важна, што ёсьць атмасфера сяброўства, сардэчнасьці і вялікай сімпатыі. Мне здаецца, гэта па-сапраўднаму важны момант, які дае вялікую надзею на будучыню.
 
 – Рэлігійныя СМІ ў большасьці сваёй – гэта мас-медыя "для сваіх". Што могуць унесьці каталіцкія СМІ ў сёньняшняе беларускае грамадзтва?
 
– Вы маеце вельмі добры сайт, які цудоўна працуе (партал Catholic.by – Рэд.). Я думаю, варта задзейнічаць усе вашыя магчымасьці, усё, да чаго маеце доступ. Ад простых публікацыяў да таго, што датычыць сферы новых мас-медыя. З уладамі мы размаўлялі аб каталіцкім радыё. Я убачыў, што Міністар інфармацыі мяне слухаў уважліва. Ён чалавек малады, але добра адчувае гэтую праблему. Я быў вельмі рады сустрэцца з ім і Ўпаўнаважаным па справах рэлігіяў. У першы дзень свайго візіту я таксама меў сустрэчу з намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Хачу адзначыць, што яны сустрэлі мяне з пашанай і годнасьцю. Я б хацеў перадаць ім словы маёй удзячнасьці, павагі і прывітаньня.
 
Аднак, вашай краіне неабходна глядзець наперад. І перш за ўсё, будаваць на чалавечых каштоўнасьцях. Таму што фундаментам усяго зьяўляецца павага да годнасьці чалавека. Для нас, хрысьціянаў, вучняў Хрыста, любы чалавек становіцца братам у веры. Такім, я думаю, павінна быць Царква – не палітычнай партыяй, але супольнасьцю мужчынаў і жанчынаў, якія зьяўляюцца сьвядомымі ўласнай годнасьці. Яны павінны быць шчасьлівымі, мець пасхальную радасьць. Павінны сустрэць Госпада Ісуса ў сваім жыцьці і сьведчыць пра гэта жэстамі і сапраўдным жыцьцём. Рабіць так, каб да такога жыцьця імкнуліся і іншыя. Хрысьціянская супольнасьць ня можа не бараніць годнасьць чалавека, які быў створаны на падабенства Бога. Гэта выклік, які мы павінны прыняць.
 
 – Вы мелі магчымасьць пазнаёміцца ня толькі з медыйным жыцьцём Царквы, але і з яго, так бы мовіць, душпастырскімі буднямі. Якое самае яскравае ўражаньне яны ў Вас
пакінулі ?
 
– У нядзелю я служыў сьв. Імшу для дзяцей у менскай архікатэдры. Я спытаўся ў архібіскупа (Тадэвуша Кандрусевіча –
Рэд. ) – ці можна запрасіць дзяцей у прэзьбітэрый, каб разам памаліцца “Ойча наш”? Ён мне адказаў, – “Вядома, так”. Вы ня можаце сабе ўявіць, наколькі прыгожа было бачыць прэзьбітэрый поўны дзяцей. Мы ўсе трымаліся за рукі, молячыся “Ойча наш”. Гэта быў ня проста сентыментальны жэст. Гэта была сьвядомасьць айцоўства Бога, але таксама братэрства паміж намі. Я лічу, што нашае заданьне – жыць тым, чым мы зьяўляемся, і выяўляць тое, чым мы ёсьць, праз знакі, праз канкрэтныя дзеяньні.


 
Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 212 разоў (-ы)