Царква
I калі я раздам усю маёмасьць маю і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, - няма мне ў тым ніякай карысьці
(Пасланьне сьв. ап. Паўла да Карынфянаў 13:3)
Галоўная Навіны за 2011 год
Памер шрыфту

30.05.2011

Абраны новы зьверхнік Сірыйска-Малабарскай Царквы

Пасьля сьмерці Вярхоўнага Архібіскупа Ернакулам-Ангамалі кардынала Варкея Вітхаятхіла Сінод Біскупаў Сірыйска-Малабарскай Царквы, сабраны 24 траўня 2011 году на Гары сьвятога Тамаша ў Каканад-Кочы (індыйскі штат Керала, дзе жыве найбольш хрысьціянаў гэтага абраду), абраў ягоным пераемнікам 66-гадовага біскупа Тукалайскага Джорджа Аленчэры (George Alencherry).
 
26 траўня 2011 году прэс-служба ў Ватыкане паведаміла пра тое, што Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI ухваліў просьбу аб пацьверджаньні выбару, які зрабілі ярархі Сірыйска-Малабарскай Царквы, абраўшы ўпершыню самастойна свайго новага зьверхніка. Адпаведную просьбу, згодна з прадпісаньнямі канону 153 Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў, накіраваў Рымскаму Архірэю новаабраны Першаярарх гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы ў Індыі Найдастойны Джордж Аленчэры.

Як паведамляе афіцыйны сайт Архіяпархіі Эрнакулам – Ангамалі, 29 траўня, у нядзелю, у катэдральнай базыліцы сьв. Марыі ў Кочы ў прысутнасьці вялікай колькасьці сьвятароў і вернікаў адбылася ўрачыстая цырымонія інтранізацыі новага Першаярарха Сірыйска-Малабарскай Царквы Вярхоўнага Архібіскупа Эрнакулам – Ангамалі Джорджа Аленчэры. На інтранізацыі, якую ўзначальваў Адміністратар Царквы біскуп Боска Путур, прысутнічалі 44 сірыйска-малабарскія біскупы, а таксама Апостальскі нунцый у Індыі архібіскуп Сальваторэ Пенакіё, Першаярарх Сірыйска-Маланкарскай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Базеліяс Кліміс, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Індыі кардынал Тэлесфорэ Топа. Было зачытана таксама віншавальнае пасланьне ад Папы Бенядыкта XVI.

Найдастойны Мар Джордж Аленчэры нарадзіўся 19 красавіка 1945 году на поўдні Індыі ў г. Туруці (штат Керала) сірыйска-малабарскай архіяпархіі Чанганачэры. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 19 лістапада 1972 году. Працаваў сакратаром Архібіскупа Чанганачэры, служыў віцэ-парахам у катэдры, зьяўляўся дырэктарам нядзельных школаў архіяпархіі.
 
Джордж Аленчэры студыяваў у Папскай Духоўнай семінарыі сьв. Язэпа ў Алюве (Індыя), атрымаў дыплом доктара багаслоўя ў Каталіцкім інстытуце ў Парыжы, сьпецыялізуючыся ў катэхетыцы.
 
Вярнуўшыся з Францыі, быў прызначаны дырэктарам Цэнтру катэхізацыі архіяпархіі Чанганачэры. Пазьней яго прызначылі дырэктарам Душпастырскага арыентацыйнага цэнтру ў Кочы. Гэты міжабрадавы душпастырскі цэнтр падпарадкаваны
 
Канферэнцыі Біскупаў штату Керала, у якую ўваходзяць біскупы трох абрадаў, што існуюць у Індыі: лацінскага і двух ўсходніх – сірыйска-малабарскага і сірыйска-маланкарскага.
 
Займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю ў Папскім Ўсходнім інстытуце рэлігійных дасьледаваньняў у Катаяме і ў Папскім Інстытуце тэалогіі і філасофіі ў Алюве.
 
Зьяўляўся Генеральным вікарыем Архіяпархіі Чанганачэры. 11 лістапада 1996 году а. Джордж Аленчэры быў прызначаны першым біскупам новаўтворанай япархіі Тукалай, а ў лютым наступнага году атрымаў хіратонію.
 
24 траўня 2011 году Выбарчы Сінод Біскупаў Сірыйска-Малабарскай Царквы абраў Уладыку Джорджа новым Вярхоўным Архібіскупам Эрнакулам-Ангамалі. 25 траўня Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI даў апостальскае пацьверджаньне выбару Сіноду.
 
Пасьля свайго абраньня Вярхоўны Архібіскуп Аленчэры сказаў, што яго служэньне будзе для ўсіх людзей Індыі. Сярод сваіх прыярытэтаў ён адзначыў важнасьць міжабрадавых стасункаў, міжканфесійнай згоды і разьвіцьцё экуменізму.
 
Яго Сьвятасьць Мар Джордж Аленчэры. Фота Sahrudayaphotos.
Вярхоўны Архібіскуп Джордж Аленчэры – першы зьверхнік Сірыйска-Малабарскай Царквы, які абраны Сінодам. Такі спосаб зьяўляецца часткай новай сістэмы кіраваньня, уведзенай у дзеяньне ў Сірыйска-Малабарскай Царкве пасьля сьмерці Папы Яна Паўла II, які ў 1992 годзе ўзьвёў гэтую Ўсходнюю Каталіцкую Царкву ў ранг вярхоўнага архібіскупства. Аднак за Рымскім Архірэем заставалася права прызначаць вярхоўнага архібіскупа і біскупаў гэтай Царквы. У 2004 годзе Ватыкан надаў поўныя адміністрацыйныя паўнамоцтвы Сірыйска-Малабарскай Царкве, у тым ліку права самастойна абіраць біскупаў і свайго зьверхніка.
 
Гісторыя заснаваньня гэтай Ўсходняй Каталіцкай Царквы зьвязана з місіянерскай дзейнасьцю ў Індыі апостала Тамаша. Згодна з паданьнем сьвяты апостал Тамаш высадзіўся на Малабарскім узьбярэжжы (сучасны індыйскі штат Керала) каля 52 году нашай эры і прапаведаваў Евангельле ў розных кутках Індыі. У 72 годзе ён прыняў мучаніцкую сьмерць у г. Меліпура (сучасны г. Чэнаі, раней – Мадрас) – быў працяты каламі.
 
Абрад Сірыйска-Малабарскай Царквы належыць да ўсходне-сірыйскай (халдэйскай) літургічнай традыцыі. У літургічных багаслужбах сёньня найчасьцей выкарыстоўваецца традыцыйная для халдэйскага абраду старажытная Літургія апосталаў Тадэя і Марыя (літургія Мар Адаі і Мар Мары) – спадарожнікаў і палечнікаў апостала Тамаша. Багаслужбы сірыйска-малабарскіх хрысьціянаў захавалі значны адбітак старажытных юдэйскіх традыцыяў і маюць шмат сымбалічных сувязяў з Ерусалімам ды габрэйскай культурай. Варта адзначыць, што заснаваныя апосталам Тамашом першыя хрысьціянскія супольнасьці складаліся ня толькі з мясцовых жыхароў, але і з навернутых габрэяў, шмат калоніяў якіх там здаўна існавалі.
 
Да XV ст. індыйскія хрысьціяне ня мелі кантактаў з еўрапейскімі хрысьціянамі. Лацінскія місіянеры з Партугаліі насьцярожана паставіліся да сірыйска-малабарскага духавенства і мясцовых традыцыяў. У выніку яны заснавалі япархію лацінскага абраду, а іх дзейнасьць у Індыі прывяла да лацінізацыі малабарскага хрысьціянства ды шматлікіх расколаў у ім. Пэўная частка супольнасьцяў малабарскіх хрысьціянаў нават перарвала еднасьць з Апостальскай Сталіцай.

З даўніх часоў мовай набажэнстваў у сірыйска-малабарскіх хрысьціянаў зьяўляецца сірыйская мова.
Яна захавалася ў якасьці літургічнай мовы нават ня гледзячы на поўную страту сувязяў з Блізкім Усходам і Сірыяй у Сярэднявеччы. Гэтаму паспрыяла перакананьне мясцовых вернікаў, што сірыйская мова блізкая або ідэнтычная з мовай, на якой размаўляў Хрыстос. Ад 1968 году набажэнствы ў Сірыйска-Малабарскай Царкве правяцца таксама па-ангельску і на мове малаялам.
 
У XX ст. Сірыйска-Малабарская Царква пачала дынамічна разьвівацца пасьля пераўтварэньня ў 1923 годзе апостальскіх вікарыятаў у япархіі. У 1876 годзе было ўсяго каля 200 тысячаў сірыйска-малабарскіх католікаў, а праз стагоддзе, у 1960 годзе – 1,5 мільёны вернікаў.
 
Сёньня Сірыйска-Малабарская Царква налічвае больш за 3,6 млн. вернікаў у Індыі і ў сьвеце, мае 27 япархіяў (11 з іх – у штаце Керала, адна з япархіяў – у Чыкага, ЗША). Яна таксама – другая у сьвеце па колькасьці вернікаў Царква ўсходняга абраду ў поўнай сулучнасьці з Рымскай Апостальскай Сталіцай (пасьля Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы). Да нядаўняга часу гэтую Царкву ўзначальваў кардынал Варкей Вітхаятхіл, які памёр у 1 красавіка гэтага году ва ўзросьце 84 гадоў.

Відэасюжэт з інтранізацыі Першаярарха Сірыйска-Малабарскай Царквы
Вярхоўнага Архібіскупа Джорджа Аленчэры:


Сістэма Orphus
Гэты артыкул чыталі 254 разоў (-ы)